- •1. Аўтары і выдаўцы
- •1. 1. Перыяд нямецка–савецкага супрацоўніцтва
- •1.2. Пасля нашэсця Нямеччыны на ссср Генеральная акруга Беларусь
- •Краёвае выдавецтва «Менск»
- •Выданні ксяндза с. Глякоўскага
- •Выданні Школьнага інспектарата
- •Выдавецкія спробы бнс
- •Выдавецтва школьных падручнікаў і літаратуры для моладзі
- •Іншыя выдаўцы
- •В. Таўлай, т. Лебяда, а. Салавей, м. Сяднёў, с. Хмара,
- •Генеральная акруга Літва
- •Генеральная акруга Латвія
- •Я. Найдзюк і к. Езавітаў. Рыга, 17 лютага 1942 г.
- •Беластоцкая акруга
- •Генерал–губернатарства
- •Нямеччына
- •Нямецкія беларускамоўныя выданні
- •2. Алфавітны каталог кніг і брашур
- •3. Бібліяграфічная характарыстыка выданняў (Статыстычны аспект)
- •Табліца 2. Тэматычная структура выданняў
- •Табліца 3.Храналогія выпуску кніг і брашур
- •Перыяд нямецка—савецкага супрацоўніцтва
- •Перыяд савецка–нямецкай вайны
- •Табліца 4. Месца выдання кніг
- •Табліца 5. Аб’ём выданняў
- •4. Кніга і палітыка
- •Група аўтараў і выдаўцоў пасля эвакуацыі з Беларусі ў Нямеччыну. Сядзяць злева направа: м. Сяднёў, л. Случанін, х. Ільяшэвіч,
- •5. Біяграмы ўдзельнікаў кнігадрукавання
- •Індэкс асобаў
- •Спіс скарачэнняў
3. Бібліяграфічная характарыстыка выданняў (Статыстычны аспект)
Тэматычная структура кніг і брашур, выдадзеных у 1939—1944 гг., падзяляецца на восем груп выданняў. Гэты падзел не прэтэндуе на поўную дакладнасць. Па–першае, каля 20% усіх улічаных у каталозе кніг вядомы аўтару толькі з іх апісання ў прэсе і, па–другое, тэматычная класіфікацыя некаторых выданняў у пэўнай меры ўмоўная.
Так, напрыклад, кніга М. Сяднёва Ахвяры бальшавізму залічаная намі да твораў палітычнай публіцыстыкі, хоць пасля азнаямлення з яе зместам, магчыма, было б больш правільна аднесці яе да катэгорыі мастацкай літаратуры. Таксама выклікаюць сумненні кнігі Я. Станкевіча Курс беларускае мовы і Як правільна гаварыць і пісаць пабеларуску. Абедзве кнігі залічаны да педагагічнай літаратуры, хоць з увагі на дыскусійнасць мовазнаўчых канцэпцый іх аўтара, магчыма, было б больш правільна залічыць іх да групы навуковай літаратуры. Урэшце, апрацаваныя ксяндзом В. Шутовічам Калядныя песьні трактуюцца тут як зборнік калядак Ой, прыйшла каляда, як музычная, а не рэлігійная літаратура.
Найбольшую групу выданняў (31 тытул) складалі школьныя падручнікі і педагагічная літаратура. Стараннем школьнага Інспектарата і ВШПЛМ выйшлі ў Менску: 13 праграм навучання для школ і інструкцыя аб пераводзе вучняў з класа ў клас і 9 падручнікаў — П. Кісяля Беларускі лемантар (тры выданні), А. Лёсіка Беларускі правапіс (два варыянты), Б. Тарашкевіча Беларуская граматыка, Я. Станкевіча Кніжка вучыцца чытаць і пісаць лацініцаю і два арыфметычныя задачнікі З. Дабрынскай. Гэтыя падручнікі выкарыстоўваліся ў пачатковых школах Генеральнай акругі Беларусь і замянілі выпушчаныя раней Беларускі правапіс Тарашкевіча і баранавіцкі лемантар Зорка.
Табліца 2. Тэматычная структура выданняў
Тэматычная група Колькасць тытулаў
Агулам 117
У тым ліку
Школьныя падручнікі і педагагічная літаратура 31
Музычная і рэпертуарная літаратура 21
Мастацкая літаратура 17
Рэлігійная літаратура 9
Навуковая і навукова–папулярная літаратура 8
Беларуская палітычная публіцыстыка 8
Іншыя выданні 7
Нямецкая прапагандысцкая літаратура 16
Нягледзячы на немалыя наклады, выпуск падручнікаў у Менску не задавальняў патрэбаў пачатковых школ Генеральнай акругі Беларусь і таму яны не пастаўляліся беларускім школам на іншых абшарах акупацыйнай адміністрацыі. Дарэчы, і попыт на іх быў там невялікі. Калі ў школах Генеральнай акругі Беларусь загадам А. Розенберга ўводзілася лацінка, то гэтая дырэктыва не датычыла ўсходняй Латвіі і Беластоцкай акругі, у якіх настаўнікі мелі свабоду выбару і, як правіла, трымаліся кірыліцы. Па гэтай прычыне апрацоўваліся там свае падручнікі, аднак толькі ў Рызе выйшла кірылічная чытанка К. Езавітава Беларуская школа, якой у 1943/44 г. карысталіся школы ў Латвіі і, часткова, у Беластоцкай акрузе.
Ва ўмовах адсутнасці адзінай сістэмы школьнага навучання безвыніковымі былі некаторыя выдавецкія ініцыятывы Я. Станкевіча. Ягоны Лемантар пераходны з лацініцы на кірыліцу і выдадзеная ў Празе Арытмэтыка З. Дабрынскай бадай увогуле не выкарыстоўваліся ў школах. Не мелі практычнага значэння і яго працы Курс беларускай мовы і Як правільна гаварыць і пісаць пабеларуску, якія, па сутнасці, былі мовазнаўчай прапановай іх аўтара. Затое значную адукацыйную вартасць меў Падручнік нямецкага языка для Беларусаў, прызначаны, галоўным чынам, для дарослых.
Асобнае месца ў тэматычнай структуры выданняў займала даволі разнастайная музычная і рэпертуарная літаратура (21 тытул), якая прызначалася для папулярызацыі беларускай песні і мастацкага слова.
У Менску ВШПЛМ выпусціла тры фальклорныя зборнікі: Ой, прыйшла каляда, Вясна–красна і Зборнік купальскіх і жніўных песьняў, апрацаваныя беларускімі кампазітарамі М. Шчагловым, А. Туранковым ды іншымі і перавыдала Зборнік сцэнічных твораў для гурткоў мастацкай самадзейнасці. Важную ролю ў выхаваўчай працы моладзі адыграў СБМаўскі Юнацкі сьпеўнік.
У Рызе К. Езавітаў выдаў серыю музычных твораў: 10 паасобных рамансаў і народных песень і два іх зборнікі з нотамі беларускіх кампазітараў М. Зінчука, М. Мікалаевіча, Р. Самохіна, А. Спаскага, А. Туранкова. У Празе стараннем В. Русака выйшлі Беларускія (крывіцкія) песьні, а ў Берліне Ніна Абрамчык выпусціла Калядныя песьні кс. В. Шутовіча і два зборнікі песень і патрыятычнай паэзіі Беларусь у песьнях і Пад гоман вясёлы.
Да групы мастацкай літаратуры адносіцца 17 выданняў. Прыкладна трэцюю іх частку складалі перадрукі раней выдадзеных твораў Я. Коласа Сымон–Музыка, У. Жылкі Тэстамэнт, А. Музыкі Прыгоды Панаса і Тараса, а таксама цалкам або часткова Дудар і іншыя апавяданьні, Выбраныя беларускія народныя казкі і ілюстраваная песня–казка Камарочак.
Аднак пераважную частку выданняў мастацкай літаратуры складалі новыя, апрацаваныя падчас акупацыі, творы беларускіх празаікаў і паэтаў: сцэнічны гратэск Ф. Аляхновіча Круці, ня круці — трэба памярці, зборнікі вершаў Н. Арсенневай Сягоньня, Л. Геніюш Ад родных ніў, Т. Лебяды Песьні выгнаньня, А. Салаўя Мае песьні і слуцкіх паэтаў Песьняры Случчыны, апавяданні М. Лясуна На крыжы, гістарычная паэма Л. Случаніна Рагнеда і мастацкія нарысы Ю. Віцьбіча Нацыянальныя сьвятыні і Вяліскія паўстанцы. Гэньдзікаўскія змагары.
Астатнім выданнем мастацкай літаратуры былі апавяданні Л. Радзіміча Адам і Ева, Чабор. Хутчэй за ўсё гэта былі новыя, напісаныя падчас вайны. Праўда, невядома, ці быў аўтар у той час у Нямеччыне.
Дамінуючай рысай творчасці Н. Арсенневай, Л. Геніюш, А. Салаўя і Л. Случаніна былі патрыятычныя матывы, а Т. Лебяды, М. Лясуна, Ю.Віцьбіча — асуджэнне антыбеларускіх дзеянняў савецкай улады.
Групу рэлігійнай літаратуры прадстаўлялі 9 выданняў: 5 каталіцкіх — тры малітаўнікі, катэхізмоўка Я. Рэшэця і Патрэбнейшыя выняткі з Рытуалу, 3 праваслаўныя — Нармальны статут праваслаўных царкоўных брацтваў, малітаўнік і патэрык, а таксама адзін баптысцкі Эвангельскі хрысьціянскі сьпеўнік.
Выпадае заўважыць, што ўсе тры праваслаўныя выданні выйшлі не ў Беларусі, а ў Варшаве, што было прычынай крытыкі «Беларускай Газэты» (11.09.1943).
Чарговая тэматычная група — навуковая і навукова–папулярная літаратура — налічвае 8 тытулаў. Да яе адносіліся тры працы Я. Станкевіча: Курс гісторыі Крывіі–Беларусі, Крыўя–Беларусь у мінуласьці і (пры ўдзеле Антона Адамовіча) Маленькі маскоўска–беларускі (крывіцкі) слоўнічак фразэолёгічны. Астатнюю частку гэтай групы складалі: Я. Найдзюка Беларусь учора і сяньня, М. і Н. Абрамчыкаў Гісторыя Беларусі ў картах, У. Глыбіннага Смаленшчына — адвечная беларуская зямля, М. Шчаглова Беларуская музычная культура і 25–лецьце Беларускай гімназіі ў Вільні.
Пераважная частка навуковай і навукова–папулярнай літаратуры датычыла розных пытанняў гісторыі Беларусі.
Таксама сціпла прадстаўлялася беларуская палітычная публіцыстыка (8 тытулаў). Да гэтай групы адносіліся менскае і берлінскае выданні В. Ластоўскага Што трэба ведаць кажнаму беларусу, брашуры У. Вераса Як створым нашую сілу і Шляхом барацьбы Беларусі з Москвою, М. Сяднёва Ахвяры бальшавізму, брашура 25 сакавіка, Фабіян Акінчыц. Ягонае жыцьцё і думкі і кніга К. Езавітава Беларуская Цэнтральная Рада адзіны правамоцны прадстаўнік беларускага народу.
У катэгорыю іншых выданняў увайшло 7 кніг: І. Ермачэнкі Пранцы (сыфіліс), Калыньша Смалакурэньне, Кароткая інструкцыя таварыства «Усход», Г. Лёе Нямецка–беларускі слоўнік, Статут Беларускага аб’яднання ў Латвіі, Страявы вайсковы статут і Сьпіс абанентаў Менскай аўтаматычнай тэлефоннай сеткі.
Апошнюю тэматычную групу складалі выпушчаныя нямецкімі ўстановамі і выдавецтвамі прапагандысцкія выданні (16 тытулаў). Да іх ліку адносіліся кніга О. Лемана Нямецкія салдаты, Новая пара, Слова для маладых людзей і 13 брашур «Вінэты».
***
Храналогія выданняў. З агульнай колькасці ўлічаных у каталозе 117 выданняў не пададзены час выпуску 13 нямецкіх прапагандысцкіх брашур. Па гэтай прычыне храналагічны агляд выпуску кніг і брашур абмежаваны да 104 выданняў (гл. табліцу 3). Выданні 1941 г. раздзелены на два перыяды: да і пасля нашэсця Нямеччыны на Савецкі Саюз.
