Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Падручнік: гісторыя Беларусі ў кантэксце сустветнай гісторыі.doc
Скачиваний:
2
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
2 Мб
Скачать
☆

2. Фармацыйны і цывілізацыйны падыходы ў вывучэнні гісторыі

Праблема метадалогіі. Глыбокае і ўсебаковае пазнанне гісторыі забяспечвае толькі сучасная навуковая метадалогія. Яна ўяўляе сабой сукупнасць метадаў даследавання. У вывучэнні гісторыі выкарыстоўваюцца наступныя групы метадаў:

агульнанавуковыя (аналіз, сінтэз, лагічны і інш.); уласнагістарычныя (сінхронны, храналагічны, параўнальна-гістарычны, рэтраспектыўны, сістэмны аналіз);

спецыяльныя ці запазычаныя ў іншых навук (матэматычныя, сацыяльныя, метады сацыяльнай псіхалогіі і інш.).

Доўгі час навуковай метадалогіі папярэднічала суб’ектывісцкая і аб’ектыўна-ідэалістычная метадалогія. У першым выпадку гістарычны працэс тлумачыўся дзеяннем вышэйшых асоб (цароў, фараонаў, імператараў, дыктатараў). У іншым выпадку рашаючая роля ў гістарычным працэсе адводзілася не суб’ектыўным, а аб’ектыўным, але звышчалавечым сілам – Боскі промысел, Абсалютная ідэя і інш. I толькі ў сярэдзіне XIX ст. пачаліся спробы пераводу гістарычных даследаванняў на навуковую аснову.

Фармацыйны падыход К. Маркса (1818–1883). Вядомы нямецкі мысліцель і грамадскі дзеяч сфармуляваў канцэпцыю матэрыялістычнага тлумачэння гісторыі. Паводле тэорыі К. Маркса, прагрэс чалавецтва ажыццяўляецца ў выглядзе заканамерных змен пяці асноўных грамадска-эканамічных фармацый (першабытнаабшчынная, рабаўладальніцкая, феадальная, капіталістычная, камуністычная). Пераход да новай фармацыі, адпаведна гэтай мадэлі, ажыццяўляецца ў выніку сацыяльных рэвалюцый. Фармацыйны падыход у гістарычным пазнанні пераадолеў многія недахопы ідэалістычнай метадалогіі,. сцвердзіў прынцыпы гістарычнай заканамернасці і дэтэрмінізму, пашырыў ідэі адзінства чалавецтва і бесперапыннага грамадскага прагрэсу. Усё гэта мела спачатку станоўчы эфект. Разам з тым гэты падыход утрымліваў і шэраг недахопаў.

Па-першае, К.Маркс зыходзіў з монаварыянтнасці (адналінейнасці) гістарычнага развіцця. Аднак не ўсе краіны паўтараюць фармацыйны ход еўрапейскіх краін. К.Маркс сам усведамляў шматстайнасць свету і казаў, што некаторыя краіны адносяцца да так званага «азіяцкага спосабу вытворчасці».

Па-другое, фармацыйны падыход абсалютызуе ў гісторыі класавую барацьбу, насілле.

Па-трэцяе, рашаючае значэнне ў тлумачэнні гістарычных падзей ён надаваў аб’ектыўным фактарам, а асноўнаму творцу гісторыі – чалавеку – адводзіў другарадную ролю.

Па-чацвёртае, калі фармацыйны падыход абгрунтоўвае непазбежнасць усталявання камуністычнай фармацыі, ён дэманструе ўласны ўтапізм. Вопыт СССР і былых краін сацыялістычнага лагеру яскрава паказаў утапізм гэтай ідэі.

Урэшце рэшт, фармацыйны падыход у гісторыі не вытрымаў праверкі часам і ўступіў месца больш навукова абгрунтаванаму падыходу – цывілізацыйнаму.

Сутнасць і паходжанне цывілізацыйнага падыходу. У аснову гэтага падыходу кладуцца не вытворчыя адносіны, як пры фармацыйным падыходзе, а чалавек у сукупнасці яго запатрабаванняў, здольнасцей, волі і ведаў. Рост матэрыяльных і духоўных патрэб чалавека якраз і служыць штуршком для грамадскага прагрэсу. Ужо першыя прафесійныя гісторыкі Герадот (481–425 гг. да н.э.),Палібій (201–120 гг. да н.э.), Сыма Цянь (145–86 гг. да н.э.), аль-Біруні (973–1050 гг.) імкнуліся падаць гісторыю сваіх краін у сувязі з гісторыяй усяго вядомага ім сусвету. Новы, цывілізацыйны падыход у тлумачэнні гістарычнага працэсу пачаў складвацца ў XVIII ст., задоўга да з’яўлення марксаўскай тэорыі. Яго заснавальнікамі можна лічыць французскіх філосафаў-асветнікаў Ж.-Ж. Русо, Ф. Вальтэра, Д. Дзідро. Аднак канчатковае афармленне новага метаду адбылося ў канцы XIX – пачатку XX ст.

Вывучэнне гісторыі Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі патрабуе вызначэння зместу паняцця «цывілізацыя». Цывілізацыя (ад лац. civilis - грамадзянскі, дзяржаўны) – адно з найважнейшых паняццяў для абазначэння зменлівасці і разнастайнасці ў развіцці чалавецтва. Яно мае шмат значэнняў. У сучаснай літаратуры, напрыклад, існуе больш за 100 вызначэнняў: сінонім культуры, ступень грамадскага развіцця пасля эпохі варварства, узровень грамадскага развіцця на пэўнай стадыі грамадска-эканамічнай фармацыі і інш. На бытавым узроўні цывілізацыя часам атаяасамліваецца з камфортам і ўладкаванасцю чалавечага жыцця.

Пры аналізе гісторыі «па вертыкалі» (ад старадаўніх да нашых часоў) пад цывілізацыяй разумеецца пэўны этап грамадскага развіцця, звычайна больш высокі ў адносінах да папярэдняга. У XIX ст., у адпаведнасці з тэорыяй грамадскага прагрэсу амерыканскага вучонага Льюіса Генры Моргана (1818–1881), паняццем «цывілізацыя» характарызавалася вышэйшая (трэцяя) стадыя сацыякультурнага развіцця. Першы этап чалавечай гісторыі атрымаў назву «дзікасць». Тады першабытныя людзі жылі родамі і карысталіся каменнымі прыладамі працы. «Варварства» – другі этап гістарычнага развіцця чалавецтва, які пачынаўся з вынаходніцтва ганчарнай вытворчасці. I нарэшце, трэцяя стадыя — «цывілізацыя» – пачыналася ў выніку так званай «неалітычнай рэвалюцыі», падчас якой адбыўся пераход ад прысвойваючай (збіральніцтва, паляванне, бортніцтва, рыбалоўства) да вырабляючай гаспадаркі (земляробства, жывёлагадоўля).

Аднак найбольш важнымі прыкметамі сфарміраванай цывілізацыі лічацца ўтварэнне дзяржавы і ўзнікненне пісьменнасці. У Беларусі паўнавартаснае цывілізаванае жыццё пачалося з IX ст., калі былі створаны першыя дзяржавы-княствы (Полацкае, Турава-Пінскае).

Пры вывучэнні гісторыі «па гарызанталі» (параўнаўчы аналіз мінулага нацый, дзяржаў, кантынентаў у адны і тыя ж эпохі) пад цывілізацыяй разумеюцца вялікія, якасна розныя і самадастатковыя грамадствы, размешчаныя ў розных кутках свету.

Эпоха рамантызму першай паловы XIX ст. выявіла разнастайнасць культур і нораваў розных народаў, адметнасці іх гістарычнага развіцця. Расійскі сацыёлаг і публіцыст Мікалай Данілеўскі (1822–1885) у працы «Расія і Еўропа» (1869) адмаўляў існаванне адзінага чалавецтва і адзінай цывілізацыі. Ён прызнаваў у якасці рэальных суб’ектаў гісторыі толькі асобныя народы з іх самабытнымі цывілізацыямі, якіх налічыў 11 тыпаў. Такі падыход стаў асабліва прадукцыйным для этнографаў, а таксама гісторыкаў, якія займаліся параўнаўчым аналізам гісторыі розных краін і народаў. Аднак да гэтага часу няма агульнапрынятых крытэрыяў вылучэння лакальных цывілізацый. Таму ў залежнасці ад даследчыцкіх задач вучоныя ўжываюць лакальны тэрмін «цывілізацыя» ў сэнсе – асобны народ ці супольнасць народаў, асобная краіна, асобная культура, асобны кантынент і нават зямная цывілізацыя ў адрозненне ад гіпатэтычных пазазямных. У апошні час усе цывілізацыі прынята дзяліць на два вялікія класы – традыцыйныя і тэхнагенныя. Цывілізацыі першага тыпу характарызуюцца натуральнасцю, залежнасцю ад прыроды і запаволенасцю тэмпаў сацыяльнага развіцця. Цывілізацыі другога тыпу пачалі ўзнікаць у Еўропе ў XV–XVII стст., па меры ўваходжання ў жыццё людзей дасягненняў навукі і тэхнікі.

Пры ўмове вылучэння асобнай усходнеславянскай цывілізацыі Беларусь, безумоўна, трапляе ў яе склад.

У XX ст. і на сучасным этапе пры вывучэнні гісторыі пераважае камбінаваны падыход да разумення цывілізацыі, які прапанаваў англійскі гісторык і сацыёлаг Арнольд Тойнбі (1889–1975). Сусветная гісторыя разглядаецца ім як сукупнасць цывілізацый (канкрэтных грамадстваў, лакалізаваітых у часе і прасторы). Ён налічвае ў свеце 13 самастойных цывілізацый, якія праходзяць адны і тыя ж фазы.

Тэарэтычнае абгрунтаванне гэтага тэзіса было дадзена ў працах нямецкага філосафа і гісторыка Освальда Шпенглера (1880–1936) у пачатку XX ст. На прыкладзе культуры ён даказваў, што яна ў сваім развіцці праходзіць усе асноўныя стадыі жыццёвага цыклу – нараджэнне, росквіт, заняпад; інакш – прыроднага цыклу – вясна, лета, восень, зіма. Такой жа думкі прытрымліваўся і расійскі даследчык Леў Гумілёў. У гістарычным працэсе англійскі гісторык Арнольд Тойнбі, у адрозненне ад марксісцкіх грамадска-эканамічных фар- мацый, вылучае некалькі цывілізацыйных стадый: аграрна-традыцыйная (рабаўладальніцкае і феадальнае грамадства), індустрыяльная (капіталізм), постіндустрыяльная, ці інфармацыйная, якая ўзнікла ў другой палове XX ст. пад уплывам навукова-тэхнічнай рэвалюцыі. Відавочна, што разнастайнасць па гарызанталі (у прасторы) спалучаецца, такім чынам, у яго вучэнні са зменлівасцю па вертыкалі (у часе).

Вызначэнне цывілізацыі. Такім чынам, цывілізацыя пры комплексным і ўсебаковым да яе падыходзе будзе азначаць вялікія самадастатковыя грамадствы (супольнасці людзей), якія маюць агульныя каштоўнасці, ментальнасць, ідэалы, выпрацавалі характэрныя і ўстойлівыя рысы ў сацыяльна-палітычнай арганізацыі, эканоміцы, культуры і якія ў працэсе сваёй эвалюцыі праходзяць стадыі ўзнікнення, станаўлення, росквіту, надлому і гібелі. У дадзеным ВМК пад разнавіднасцю цывілізацый мы будзем разумець і асобныя нацыі-дзяржавы, якія ў сваім развіцці праходзяць пэўныя стадыі станаўлення.

Новы цывілізацыйны падыход да вывучэння мінулага мае шэраг пераваг:

-прыдатны да гісторыі кожнай краіны або групы краін

-арыентуе на пазнанне гісторыі як шматварыянтнага працэсу;

-у той жа час забяспечвае разуменне цэласнасці і адзінства чалавечай гісторыі;

-нарэшце, надае важную ролю ў грамадскім развіцці чалавечаму фактару і тым сапраўды як бы «ачалавечвае» гісторыю.

Цывілізацыйны падыход да вывучэння беларускай гісторыі дазваляе паказаць яе як неразрыўную частку адзінай сусветнай гісторыі ва ўзаемадзеянні і ўзаемасувязі з гісторыямі іншых народаў. Аднак адсутнасць надзейных крытэрыяў у тыпалагізацыі цывілізацый патрабуе ад гісторыка пры выкарыстанні цывілізацыйнага падыходу высокага майстэрства.

Важная роля належыць прынцыпам навуковага гістарычнага пазнання. Сучасныя гісторыкі выкарыстоўваюць такія асноўныя прынцыпы навуковага даследавання, як аб’ектыўнасць, гістарызм, сацыяльны падыход.

Прынцып аб’ектыўнасці азначае разгляд гісторыі адпаведна аб’ектыўным заканамернасцям; абапірацца на факты, не скажаючы і не падганяючы іх пад загадзя створаныя схемы; вывучаць кожную з’яву ў сукупнасці яе станоўчых і адмоўных бакоў, незалежна ад адносін да іх.

Прынцып гістарызму патрабуе, каб кожная падзея разглядалася толькі ў гістарычным развіцці, у сувязі з іншымі падзеямі і канкрэтным вопытам гісторыі.

Прынцып сацыяльнага падыходу азначае адмаўленне ад былой партыйнасці ў вывучэнні гісторыі. У адпаведнасці з гэтым прынцыпам у развіцці гістарычнага працэсу разглядаюцца праявы розных сацыяльных, класавых і партыйных інтарэсаў, праўдзіва паказваюцца іх супярэчнасці і шляхі пераадольвання.