Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Падручнік: гісторыя Беларусі ў кантэксце сустветнай гісторыі.doc
Скачиваний:
2
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
2 Мб
Скачать
☆

1.1.3. Індаеўрапейцы. Пачатак рассялення славян на тэрыторыі Беларусі

Рассяленне індаеўрапейцаў. На тэрыторыі Беларусі перыяд развіцця старажытных цывілізацый супаў па часе з бронзавым векам. Першапачаткова бронзу выплаўлялі ў краінах Пярэдняй Азіі, Егіпце, Індыі, Кітаі ў ІV–ІІІ тысячагоддзі да н.э. У Еўропе бронзавы век прыходзіцца на канец ІІІ – пачатак І тысячагоддзя да н.э. На тэрыторыі Беларусі бронзавы век пачаўся на мяжы ІІІ і ІІ тысячагоддзяў да н.э. Аддаленасць ад старажытных цэнтраў металургіі была прычынай захавання тут на больш значны тэрмін каменных прылад працы. Распаўсюдзілася здабыча крэменю ў шахтах (Краснасельскія шахты ў Ваўкавыскім раёне). Бронзавых рэчаў на тэрыторыі Беларусі знойдзена мала – шылы, сякеры, наканечнікі коп’яў, упрыгожанні. У шырокі ўжытак увайшоў пласкадонны посуд (гаршкі, міскі, кубкі). 3 Прыбалтыкі ў абмен на крэмень трапляў бурштын, з Прычарнамор’я і Каўказа – упрыгожанні са шклопадобнай масы і бронзавыя вырабы. 3 пашырэннем вытворчых форм гаспадаркі ў пачатку бронзавага веку адбыліся змены ў ідэалогіі, што праявілася ў пахаванні нябожчыкаў у курганных і безкурганных могільніках па абраду трупаспалення. Сустракаюцца багатыя і бедныя пахаванні.

У пачатку бронзавага веку на тэрыторыю Беларусі пачынаюць пранікаць плямёны індаеўрапейцаў. Іх фарміраванне адбывалася ў перыяд каменнага і бронзавага вякоў на шырокай тэрыторыі ад Індыі да Еўропы. Прарадзімай індаеўрапейцаў лічаць тэрыторыі Малой Азіі, Паўднёвага Каўказа і Паўночнай Месапатаміі. У ІV тысячагоддзі да н.э. індаеўрапейцы мелі ўжо дастаткова развітую гаспадарку і патрыярхальны лад. Яны займаліся жывёлагадоўляй, умелі апрацоўваць зямлю, першымі пачалі выкарыстоўваць кола. Павелічэнне колькасці насельніцтва і статкаў прымусіла плямёны перасяляцца ў іншыя месцы.

На рубяжы ІV і ІІІ тысячагоддзяў да н.э. індаеўрапейскія плямёны пачалі свой рух у розных напрамках. Так, інда-іранскія плямёны (арыі) рухаліся праз Афганістан і Сярэднюю Азію, у абход Каспія, на захад. Іх сляды выяўлены ў Паўночным Прычарнамор’і, адкуль арыі працягвалі свой рух на захад. Адгалінаваннем арыяў, якія аселі ў Паўночным Прычарнамор’і, былі скіфы. На працягу ІІІ тысячагоддзя да н.э. Прычарнамор’е стала другой прарадзімай для заходняй групы індаеўрапейскіх плямёнаў. Менавіта ад іх Дон, Днепр, Днестр, Прут атрымалі свае сучасныя назвы. У перыяд 2300–1800 гг. да н.э. індаеўрапейцы шырокай хваляй рассяліліся на тэрыторыі ад Урала да Рэйна і ад Прычарнамор’я да Скандынавіі. На тэрыторыі Еўропы індаеўрапейцы сутыкнуліся з мясцовым аўтахтонным насельніцтвам, у выніку чаго адбываўся працэс узаемнай асіміляцыі плямёнаў.

У бронзавым веку завяршыўся працэс кансалідацыі асобных груп індаеўрапейцаў, замацаваліся іх моўныя асаблівасці. Плямёны паўночна-заходняй плыні індаеўрапейцаў сталі продкамі германцаў. Тыя, што засталіся качаваць на ўсход ад Дняпра, былі іранамоўнымі. У прамежку паміж Балтыкай і Волгай жылі паўночныя індаеўрапейцы – балты. На тэрыторыі ад Одэра да Дняпра знаходзілася прарадзіма славян.

Прагрэс у развіцці тэхнікі стаў важнай перадумовай распаўсюджвання на тэрыторыі Беларусі земляробства і жывёлагадоўлі. Хуткае распаўсюджванне земляробства і жывёлагадоўлі дае падставы меркаваць, што ў гэты перыяд на тэрыторыі Беларусі шырока рассяліліся земляробча-жывёлаводчыя плямёны, якія раней жылі на поўдзень ад Беларусі. Аб міграцыі з поўдня сведчыць значнае падабенства гаспадаркі і культуры насельніцтва на тэрыторыі Беларусі ў бронзавым веку з гаспадаркай і культурай плямёнаў, якія пражывалі на поўдні, паўднёвым усходзе і паўднёвым захадзе ад Беларусі.

Усё гэта дае падставы зрабіць вывад аб тым, што ў ІІІ тысячагоддзі да н.э. на тэрыторыі Беларусі, у басейне верхняй Прыпяці і Ясельды, з’явіліся першыя індаеўрапейцы. Аб гэтым сведчаць і яскрава выяўленыя еўрапеоідныя рысы і гаспадарчыя заняткі плямёнаў. Новыя плямёны, якія засялілі тэрыторыю Беларусі ў бронзавым веку, былі індаеўрапейскімі і на мове, бо ў многіх індаеўрапейскіх мовах засталіся аднолькавыя тэрміны, якія адносяцца да сельскай гаспадаркі: «сеяць», «семя», «капуста», «морква», «агуркі», «карова», «свіння», «сыр», «сена». Акрамя таго, у месцах пражывання індаеўрапейскіх плямёнаў з’яўляюцца індаеўрапейскія гідронімы (назвы рэк, азёр). Да індаеўрапейскіх адносяцца назвы рэк Цна, Лань, Ула, Чачора, Волма, Нача і інш.

Рассяленне індаеўрапейцаў і ўсталяванне кантактаў з мясцовым насельніцтвам суправаджаліся працэсамі асіміляцыі мясцовага даіндаеўрапейскага насельніцтва. Перамога індаеўрапейскай мовы, паглынанне ёю распаўсюджаных раней моў тлумачыцца тым, што індаеўрапейцы знаходзіліся на больш высокай ступені гаспадарчага і культурнага развіцця. Індаеўрапейцы, якія першымі прыйшлі на тэрыторыю Беларусі, адносіліся да балцкага адгалінавання.

У раннім жалезным веку адбываюцца важныя змены ў вытворчасці і распаўсюджванні кавальскай справы, вырабе жалезных прылад працы, якія значна апярэджвалі па сваёй вытворчасці бронзавыя і каменныя. Кавальства набыло шырокае распаўсюджванне, бо жалеза атрымлівалі з мясцовай сыравіны – балотнай або азёрнай руды, якая мелася ў значнай колькасці. Жалезныя прылады працы вельмі хутка выцеснілі не толькі каменныя, але і бронзавыя. Выкарыстанне жалезных прылад дазволіла значна пашырыць плошчы пад земляробства. Жалезныя прылады працы з’явіліся раней на поўдні Беларусі (у VII–VI стст. да н.э.), а на поўначы – на тры стагоддзі пазней.

Вельмі хутка развівалася земляробства. У асобных рэгіёнах з’явілася ўжо нават ворнае земляробства. Гаспадарка і матэрыяльная культура Паўднёвай Беларусі ў раннім жалезным веку адчувалі значны ўплыў з боку больш развітых суседніх рэгіёнаў старажытнаеўрапейскай цывілізацыі. Тут знойдзены скіфскія і кельцкія жалезныя вырабы, антычныя манеты і амфары. У цэнтры і на поўначы Беларусі матэрыяльная культура развівалася больш запаволена.

У гэты перыяд завяршаецца працэс асіміляцыі індаеўрапейцамі даіндаеўрапейскіх груп насельніцтва. Асабліва шмат балцкіх гідронімаў з’явілася ў басейнах Сожа, Бярэзіны, Нёмана. На поўдзень ад Прыпяці пераважалі славянскія гідронімы. Сфарміраваўся і антрапалагічны тып насельніцтва на тэрыторыі Беларусі, характэрнай яго рысай быў шырокі твар.

На тэрыторыі Беларусі знаходзілася некалькі вялікіх племянных груп са сваімі асаблівасцямі матэрыяльнай культуры і рытуалам пахавання. Сярэдняе і Верхняе Падняпроў’е Беларусі засялялі плямёны мілаградскай культуры, некаторыя даследчыкі бачаць у гэтых плямёнах «герадотавых» неўраў і нават ранніх славян. Аднак большасць вучоных лічыць гэту культуру балцкай. У канцы І тысячагоддзя да н.э. мілаградцаў змянілі плямёны зарубінецкай культуры. Адкрытым застаецца пытанне аб этнічнай прыналежнасці гэтых плямёнаў. Адны даследчыкі лічаць іх продкамі славян, другія вылучаюць у асобную моўную групу, прамежкавую паміж славянскімі і заходнебалцкімі мовамі. Значную частку сярэдняй Беларусі ў VII ст. да н.э. – IV ст. н.э. займалі плямёны культуры штрыхаванай керамікі, а на поўначы знаходзіліся плямёны днепра-дзвінскай культуры. У этнічных адносінах гэтыя плямёны былі балтамоўнымі.

Славяне. Верагодна, што найбольш старажытнымі протаславянскімі плямёнамі былі земляробча-жывёлаводчыя плямёны культуры шнуравой керамікі, якія рассяліліся ў канцы ІІІ – ІІ тысячагоддзі да н.э. на вялікай прасторы ад Дняпра да Одэра, ад Балтыйскага мора да Карпат. У канцы І тысячагоддзя да н.э. славянскія элементы найбольш яскрава прасочваюцца ў зарубінецкай культуры на Дняпры і пшэворскай культуры ў басейне Віслы і Одэра і вярхоўях Днястра.

Найбольш старажытныя гістарычныя звесткі пра славян, вядомых тады пад назвай венеды, адносяцца да I–II стст. н.э. 3 VI ст. у пісьмовых крыніцах упершыню сустракаецца этнонім «славяне». Верагодна, ён паходзіць ад слова «слава», г.зн. «слаўныя», або ад «слова», г.зн. «тыя, што гавораць» у адрозненне ад іншых народаў, «нямых» – немцаў, якія карысталіся незразумелымі для славян мовамі. У гэты час славяне былі вядомымі ў іншых народаў пад назвамі анты і склавены.

Дадзеныя мовазнаўства звязваюць старажытных славян з шырокай вобласцю Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, ад Эльбы і Одэра на захадзе і да Сярэдняга Падняпроў’я на ўсходзе. Іх паўночнымі суседзямі былі германцы і балты, якія разам са славянамі складалі паўночную групу індаеўрапейскіх плямёнаў; усходнімі суседзямі – заходнеіранскія плямёны (скіфы і сарматы), паўднёвымі – фракійцы і ілірыйцы, заходнімі – кельты. Пытанне пра найстаражытную прарадзіму славян да гэтага часу застаецца дыскусійным і далёкім ад навуковага вырашэння. Найбольш верагоднымі месцамі фарміравання славян называюць Вісла-Одэрскае міжрэчча і паўднёвую частку лясной зоны Усходняй Еўропы, куды ўваходзіць і поўдзень Беларусі.

У II–IV стст. у выніку руху на поўдзень германскіх плямёнаў готаў і гепідаў цэласнасць тэрыторыі славян была парушана, што мела вялікае значэнне ў адасабленні заходніх і ўсходніх славян. Эпоха «Вялікага перасялення народаў» парушыла эвалюцыйнае развіццё славянскай культуры. Анты і склавены актыўна ўдзельнічалі ў асваенні Дунайскіх зямель, Балканскага паўвострава, Адрыятыкі, праніклі на Пелапанес.

Ва ўмовах шырокага рассялення славян на тэрыторыі ад Эльбы да Сярэдняга Падняпроў’я сфарміравалася пражская культура. Гэта першая з археалагічных культур, якую бясспрэчна адносяць да ліку славянскіх. Помнікі гэтай культуры выяўлены ў Правабярэжнай Украіне, Чэхіі, Славакіі, Польшчы, Усходняй Германіі, Румыніі. На тэрыторыі Беларусі яны выяўлены ў раёне г. Петрыкава, па рэках Прыпяць, Ясельда і Гарынь.

У канцы V ст. пасля падзення дзяржавы гунаў пачалося прасоўванне славян на поўдзень да Дуная і ў паўночна-заходняе Прычарнамор’е, іх уварванне ў правінцыі Візантыйскай імперыі. У другой палове І тысячагоддзя славяне занялі Верхняе Падняпроў’е і яго паўночную перыферыю, што раней належалі балтам і фіна-угорскім плямёнам, а таксама землі на ніжняй Эльбе і паўднёва-заходнім узбярэжжы Балтыйскага мора і ператварыліся ў буйнейшую этнічную групу Еўропы. 3 VIII ст. славяне шырока асвойваюць вялікі рэгіён Дняпроўскага левабярэжжа, басейн сярэдняга і верхняга Дона і верхнюю Аку.

Паступова славяне распадаюцца на асобныя этнічныя супольнасці: ужо з VI ст. вядомы дулебы, пазней у «Аповесці мінулых гадоў» названы паляне, севяране, драўляне, улічы, ціверцы, харваты, бужане, валыняне, дрыгавічы, крывічы, радзімічы і інш. У выніку вельмі шырокага рассялення славян і ўзаемадзеяння іх з рознымі этнасамі з VIII–IX стст. пачаўся працэс распаду агульнаславянскай мовы і ўтварэння асобных славянскіх моў. Гэта прывяло да ўтварэння трох славянскіх груповак, у нетрах якіх у перыяд Сярэднявечча сфарміраваліся славянскія народнасці: заходняй (палякі, чэхі, славакі, лужыцкія сербы), усходняй (беларусы, рускія, украінцы) і паўднёвай (балгары, сербы, харваты, славенцы, македонцы, чарнагорцы).

Пачатак рассялення славян на тэрыторыі Беларусі. Масавы прыход славян на тэрыторыю Беларусі і іх канчатковае замацаванне на ёй адбылося на мяжы VI–VII стст. Трэба адзначыць, што засяленне славянамі тэрыторыі Беларусі не было адначасовай з’явай, яно працягвалася некалькі стагоддзяў. Славяне пражывалі кампактна толькі на самым поўдні сучаснай Беларусі, у басейне р.Прыпяць. У гэты ж час пачалося пранікненне славян на тэрыторыю балтаў. У VIII–IX стст. пачынаецца масавае рассяленне славян на землях балтаў. Вялікімі групоўкамі яны сяліліся на правабярэжжы Дняпра і Бярэзіне, у басейне Сожа. Яны ўступілі ў цесны кантакт з балцкім насельніцтвам, якое пражывала ў гэтых рэгіёнах. Наперадзе ішлі ўзброеныя дружыны, услед за імі – земляробчае насельніцтва, якое асімілявала мясцовыя плямёны. Тэрыторыю Беларусі пераважна засялілі тры ўсходнеславянскія пранароды – крывічы, дрыгавічы і радзімічы.

Крывічы былі адной з буйнейшых усходнеславянскіх этнічных супольнасцей. Яны займалі не толькі поўнач Беларусі, але і суседнія раёны Падзвіння і Падняпроўя (Пскоўшчыну і Смаленшчыну). У «Аповесці мінулых гадоў» гаворыцца, што «кривичи иже сядь на верх Волги, и на верх Двины, и на верх Днепра». Крывічы сфарміраваліся ў выніку асіміляцыі прышлымі славянамі мясцовых балцкіх і заходнефінскіх плямёнаў, паступова славянізаваных. Аб гэтым яскрава сведчаць дадзеныя археалогіі. Назва «крывічы» рознымі гісторыкамі тлумачыцца па-рознаму. Верагодна, змешанае славяна-балцкае паходжанне крывічоў адлюстравана і ў назве гэтай этнічнай супольнасці, бо вельмі блізкае да мовы балтаў. Паводле адной з версій назва паходзіць ад прозвішча старэйшага роду Крыў, паводле іншых – ад імя язычніцкага бога балтаў Крыва-Крывейтэ, ад слова «крэўныя» (блізкія па крыві), ад характара «крывой», халмістай мясцовасці.

Дрыгавічы пражывалі на большай частцы паўднёвай і значнай частцы сярэдняй Беларусі. У «Аповесці мінулых гадоў» гаворыцца, што яны жылі паміж Прыпяццю і Заходняй Дзвіной. Дрыгавічы, асабліва тыя, якія займалі паўночныя тэрыторыі, шмат рысаў успрынялі ад балцкага насельніцтва. Назва гэтай этнічнай супольнасці таксама адлюстроўвае славяна-балцкі сінтэз дрыгавічоў. Корань слова, напэўна, балцкі (ад літ. drёgnas – сыры, вільготны). Відавочна, спачатку балты, якія пражывалі ў гэтай мясцовасці, называліся «дрегува» (як літоўцы – «летува»). Славяне, якія прыйшлі пазней, успрынялі гэту назву, дадаўшы толькі славянскае «ічы». Такім чынам, тэрмін «дрыгавічы» ўяўляе сабой славянізаваную назву ранейшай, балцкай, этнічнай супольнасці. Напэўна, і беларускае слова «дрыгва» мае балцкія карані. Аб высокім узроўні сацыяльнага развіцця дрыгавічоў сведчыць існаванне свайго «княжання» яшчэ да ўключэння ў склад Кіеўскай Русі. На падставе летапісных паведамленняў і археалагічных матэрыялаў дрыгавічы паўстаюць як адно з найбольш развітых усходнеславянскіх плямёнаў.

Радзімічы пражывалі на ўсход ад дрыгавічоў і на поўдзень ад крывічоў. Паводле летапісных даных, яны займалі тэрыторыю паміж Дняпром і Дзясной. Асноўны арэал рассялення радзімічаў – басейн рэк Сожа і Іпуці. У «Аповесці мінулых гадоў» неаднойчы падкрэслівалася роднасць радзімічаў з заходнімі славянамі, якія пражывалі на тэрыторыі Польшчы: «быша же радимичи от рода ляхов». Разам з тым, у археалагічных помніках радзімічаў прысутнічае балцкіх элементаў больш, чым у дрыгавічоў. Летапісная легенда аб паходжанні радзімічаў ад міфічнай асобы Радзіма хутчэй за ўсё адлюстроўвае біблейскі светапогляд манаха-летапісца Нестара, чым сапраўдную рэчаіснасць. Назва радзімічаў, як і дрыгавічоў, верагодна, балцкага паходжання, аснова балцкая (ад літ. radimas – знаходжанне), а канчатак славянскі. У радзімічаў існавала свая вярхушка і племянная арганізацыя, аднак летапіс падкрэслівае, што ў іх захавалася больш перажыткаў родаплемягіных адносін у параўнанні з іншымі ўсходнеславянскімі плямёнамі.

Крывічы, дрыгавічы і радзімічы ўяўлялі буйныя племянныя саюзы, аб’яднаныя не столькі родаплемяннымі адносінамі, колькі адзінымі тэрытарыяльнымі, эканамічнымі і палітычнымі сувязямі. Гэтыя племянныя саюзы былі ўжо пачатковымі дзяржаўнымі ўтварэннямі, якія ў летапісе азначаюцца як «княжанні».

Грамадскі лад і гаспадарчая дзейнасць. Гістарычныя крыніцы сведчаць, што ў славян у VI–VIII стст. яшчэ захоўваўся родавы лад, яны жылі родавымі абшчынамі. У славян існавалі рабства і гандаль рабамі. Колькасць рабоў папаўнялася за кошт палонных, якіх славяне забіралі сотнямі і гысячамі ў выніку ваенных паходаў на землі Візантыйскай імперыі. Славяне звычайна бралі палонных для таго, каб прадаць іх у рабства ці атрымаць за іх выкуп. Калі гэта не ўдавалася, то праз пэўны час палонныя заставаліся сярод славян як свабодныя.

Галоўным заняткам славян было земляробства. Асноўнымі прыладамі працы служылі саха і рала. На тэрыторыі Беларусі часцей ужывалася саха, з дапамогай якой верхні пласт зямлі ўзрыхляўся, а не пераварочваўся, як плугам. Падсечнае земляробства паступова выцяснялася, але паколькі ворныя землі праз некалькі гадоў рабіліся малаўрадлівымі і патрабавалі ўгнаення, яно захавалася яшчэ на доўгі час. Асноўнымі сельскагаспадарчымі культурамі з’яўляліся жыта, проса, пшаніца, ячмень, лён. Важную ролю іграла жывёлагадоўля. Былі распаўсюджаны лясныя і рачныя промыслы: паляванне, бортніцтва, рыбалоўства.

Вярхоўным уладальнікам зямлі была суседская абшчына. Але ворныя землі знаходзіліся ў асабістым уладанні абшчыннікаў. Лугі, лясы і іншыя ўгоддзі заставаліся ў агульным карыстанні абшчыннікаў. Паступова славяне адваёўвалі ў лясоў усё новыя і новыя тэрыторыі. Ворныя землі, якія апрацоўваліся земляробамі паасобку, ужо сталі адасабляцца як уласнасць асобных абшчыннікаў. Аднак уласнасць на зямлю замацавалася яшчэ не канчаткова. Паміж членамі абшчыны паступова ўзнікала расслаенне. 3 асяроддзя збяднелых людзей утваралася залежнае сялянства, якое яшчэ не страціла сваёй свабоды, але ўжо стаяла на сацыяльнай лесвіцы ніжэй, чым свабодныя абшчыннікі. У славянскім грамадстве VІ–VІІ стст. вылучаюцца тры сацыяльныя групы: племянная знаць, свабодныя абшчыннікі і рабы.

У славян у гэты перыяд існавалі адначасова як вялікая (патрыярхальная ), так і малая сям’я, захоўвалася родаплемянная арганізацыя. Занятыя ў выніку заваёў тэрыторыі размяркоўваліся ў адпаведнасці з племянным прынцыпам. Кожнае племя атрымлівала ўласную вобласць, дзе асядала і стварала свае паселішчы. Аднак у выніку перамяшчэння вялікай колькасці насельніцтва здаралася так, што на адной тэрыторыі асядалі некалькі плямёнаў.

Захоп значных тэрыторый выклікаў сур’ёзныя змены ў сацыяльнай структуры славянскіх плямёнаў. Памнажае свае багацці племянная вярхушка, якая атрымлівае большую частку здабычы – рабоў, жывёлу, каштоўнасці, найбольш урадлівыя землі. Усё гэта вядзе да яшчэ большай сацыяльнай няроўнасці. У племянным асяроддзі найбольш вылучаўся правадыр, які абапіраўся на дружыну, што складалася з прафесійных воінаў. Фарміруецца асобная палітычная арганізацыя. Яе органы кіравання – вярхоўны правадыр, савет старэйшын, народны сход. Народны сход складаўся з усіх свабодных мужчын, здольных насіць зброю. Такім чынам, як і грамадствы краін Міжземнамор’я і Усходу больш ранняга часу, славяне ў сваім развіцці таксама прайшлі перыяд ваеннай дэмакратыі. Ваенная дэмакратыя была прамежкавай прыступкай да стварэння класавага грамадства, дзяржавы. Гэта апошні з этапаў першабытнаабшчыннага грамадства, які папярэднічае ўзнікненню дзяржавы.

Такім чынам, перыяд першабытнаабшчыннага ладу быў часам, калі чалавек і грамадства зрабілі вызначальны крок у сваім развіцці: чалавек набыў сучасныя фізіялагічныя рысы, навучыўся вырабляць дасканалыя прылады працы і перайшоў ад прысвойваючай да вырабляючай гаспадаркі; з’явіліся мова, рэлігія, мастацтва; у нетрах першабытнага грамадства ўзніклі першыя дзяржавы і цывілізацыі, дзе зарадзіліся і пачалі развівацца літаратура, гісторыя, права, архітэктура – усё, што з’яўляецца асновай сучаснай сусветнай цывілізацыі; у першабытны перыяд чалавек засяліў і асвоіў тэрыторыю Беларусі, якая стала адным з галоўных ачагоў фарміравання славянскай супольнасці.

Лекцыя 3. Станаўленне хрысціянскай цывілізацыі ў Еўропе і Беларусі (V – першая палова ХІІІ ст.)

1.2.1.Усталяванне хрысціянства і феадалізму ў Заходняй Еўропе. Уплыў Візантыі на ўсходніх славян.

Прычыны заняпаду Рымскай імперыі, асноўныя рысы і перыядызацыя Сярэднявечча. Еўрапейская цывілізацыя ў Сярэднія вякі ўзнікла як вынік аб’яднання трох асноў: Рымскай імперыі, хрысціянства і варварскага свету.

Рымская імперыя апынулася на парозе крызісу яшчэ да канца ІІІ ст. Асноўнымі прычынамі яе заняпаду былі наступныя.

Па-першае, крызіс у пытанні аб пераходзе ў спадчыну прастола, брэмя непамерных падаткаў, якія пастаянна ўзрасталі, эканамічныя і сацыяльныя цяжкасці. У мэтах найбольш дасканалага кіравання імперыя была падзелена на Усходнюю і Заходнюю. На некаторы час магутнасць Рымскай імперыі была адноўлена. Аднак у другой палове IV ст. зноў пачаліся ўнутраныя беспарадкі.

Па-другое, узнікненне хрысціянства значна паўплывала на вераванні і культуру Еўропы. Нягледзячы на праследаванні хрысціянскіх апосталаў, у Рымскай імперыі мелася дастаткова ўмоў для распаўсюджвання хрысціянства. Рашучы зварот адбыўся ў ІV ст. Пасля доўгай і беспаспяховай барацьбы з хрысціянствам імператары дазволілі спавядаць веру ў Ісуса Хрыста. Рымская імперыя стала хрысціянскай.

Спачатку хрысціянства распаўсюдзілася ў гарадах. Першапачаткова хрысціянскія абшчыны ў гарадах узначальваліся епіскапамі, якія выбіраліся веруючымі. Епіскап становіцца першай асобай у горадзе, яго ўлада выходзіць за межы ўлады рэлігійнай. Рымскі епіскап мае вышэйшую духоўную ўладу, паколькі з’яўляецца «пераемнікам апостала Пятра». Аднак толькі ў канцы VI ст. ён атрымлівае асабістае права называцца Папам і становіцца галавой царквы. Падзенне імперыі ператварыла хрысціянскую царкву, і асабліва епіскапаў, у законных пераемнікаў грэка-рымскай цывілізацыі.

Па-трэцяе, «Вялікае перасяленне народаў» аж да X ст. сатрасала ўсю Еўразію. Еўрапейскія варвары рэгулярна ўрываліся ў імперыю. У 378 г. готы разграмілі рымскую армію, у 410 г. яны разрабавалі Рым, які на працягу папярэдніх 800 гадоў быў недаступны для заваёўнікаў. У 445 г. вандалы з Паўночнай Афрыкі яшчэ больш жорстка, чым готы, разрабавалі Рым. У 476 г. правадыр герулаў Адаакр (Одоакр) звергнуў апошняга імператара Заходняй Рымскай імперыі Р. Аўгустула і адправіў у Канстанцінопаль (Усходняя Рымская імперыя) знакі – сімвалы імператарскай улады. На тэрыторыі Заходняй Рымскай імперыі заснаваліся дробныя і буйныя варварскія каралеўствы.

Заваёўнікі і прышэльцы колькасна значна саступалі насельніцтву рымскіх або даўно раманізаваных абласцей. Гэта – адна з прычын устойлівасці рымскай культуры на большай частцы былой Заходняй Рымскай імперыі.

Правадыры германскіх плямёнаў лічылі сябе пераемнікамі Рымскай імперыі. Вестготы, якія рассяліліся ў Аквітаніі, а потым у Іспаніі, заснавалі Таледскае каралеўства. Яны поўнасцю аб’ядналіся з раманізаваным насельніцтвам пасля адмаўлення ад арыянства – разнавіднасці хрысціянскага вучэння. Астатнія германскія плямёны, за выключэннем франкаў, таксама першапачаткова былі арыянамі, якія адмаўлялі дагматы рымскай царквы.

У 481 г. кароль Хлодзвіг заснаваў каралеўства франкаў. У 496 г. ён хрысціўся па заходнерымскаму абраду разам са сваімі дружыннікамі. Хлодзвіг стаў першым з германскіх каралёў, які прыняў веру гала-рымлян, асталяваўся сярод іх і зрабіў Парыж сваёй сталіцай. Разам з ідэямі хрысціянства ў палацы франкскіх каралёў пранікла рымская цывілізацыя.

Іншае становішча склалася ў Брытаніі. Сляды рымскай цывілізацыі зніклі тут амаль поўнасцю пад націскам фрызаў, ютаў, англаў і саксаў, якія прыйшлі з берагоў Паўночнага мора, і скотаў з Ірландыі. На тэрыторыі Брытаніі к канцу VI – пачатку VII ст. утварылася некалькі англасаксонскіх каралеўстваў. У канцы VI ст. пачалася хрысціянізацыя англасаксаў. У гэты перыяд Рымскі Папа Грыгорый I Вялікі пасылаў туды манаха Аўгусціна, які схіліў караля Кента прыняць хрысціянства (597) і заснаваў Кентарберыйскае абацтва. У сярэдзіне VIII ст. свецкая цырымонія ўзвядзення караля на прастол была дапоўнена рэлігійным элементам «памазання» на царства і ўручэннем каралю адпаведных атрыбутаў улады. Увядзенне цырымоніі «памазання» мела вялікае значэнне – яно знаменавала ўмацаванне саюза царквы і дзяржавы. Кароль усведамляўся як «памазанік Божы», а каралеўская ўлада – як «дадзеная Богам». У X ст. формула «кароль Божай міласцю» ўвайшла ў прававыя зборнікі.

Гісторыя народаў і дзяржаў сучаснай Еўропы пачалася ў эпоху, якая ўмоўна вызначаецца ў гістарычнай літаратуры як Сярэднявечча. Тэрмін «сярэднія вякі» быў упершыню выкарыстаны італьянскімі гуманістамі ў XV ст. для абазначэння перыяду паміж класічнай старажытнасцю і іх часам. У заходняй гістарыяграфіі ніжняй мяжой Сярэдніх вякоў таксама традыцыйна лічыцца V ст.н.э. – падзенне Заходняй Рымскай імперыі, а верхняй – XV ст. (пачатак Вялікіх геаграфічных адкрыццяў).

У развіцці заходнееўрапейскага грамадства вылучаюць тры этапы:

  1. Ранняе Сярэднявечча (V – X стст.); у гэты перыяд ідзе працэс фарміравання асноўных саслоўяў, якія былі характэрны для Сярэднявечча;

  2. высокае Сярэднявечча (XI – XIII стст.); час максімальнага развіцця сярэднявечных інстытутаў;

  3. позняе Сярэднявечча (XIV – XV стст.); узнікненне крызісных з’яў, пачатак фарміравання новага капіталістычнага грамадства.

Гэты падзел у значнай ступені ўмоўны. Аднак прыведзеная перыядызацыя дазваляе высветліць асноўныя змены, якія адбываліся ў заходнееўрапейскім грамадстве ў залежнасці ад этапу.

Усяму перыяду Сярэднявечча ўласцівы наступныя найбольш важныя рысы:

- перавага аграрнага сектара над гандлёвым і прамысловым; аснову эканомікі складала сельская гаспадарка;

- панаванне натуральнай гаспадаркі, слабае развіццё таварна-грашовых адносін; нязначная роля гарадоў;

- моцная роля царквы і высокая ступень ідэалагізацыі грамадства (рэлігійнасць);

- іерархічная структура грамадства, сістэма васалітэту;

- панаванне буйной зямельнай уласнасці, якая знаходзілася ў руках класа феадалаў, умоўны характар феадальнай уласнасці на зямлю;

- своеасаблівы статус сялян, якія не з’яўляліся ўласнікамі зямлі, а былі яе трымальнікамі на розных умовах;

- карпаратыўны характар сярэднявечнага грамадства; адпаведная ментальнасць людзей, характар грамадскага светапогляду, жорстка звязаны з ім пэўны ўклад жыцця;

- ідзе працэс фарміравання нацыянальных дзяржаў, якія існуюць у выглядзе манархій як саслоўна-прадстаўнічых, так і абсалютных.

У перыяд ранняга Сярэднявечча значна пашыраецца тэрыторыя, на якой ідзе складанне заходнееўрапейскай цывілізацыі. Калі аснову антычнай цывілізацыі складалі старажытныя Грэцыя і Рым, то сярэднявечная цывілізацыя ахоплівае ўжо практычна ўсю Еўропу.

Найбольш важным працэсам у сацыяльна-эканамічнай сферы было ўсталяванне феадальных адносін, асновай якіх з’яўлялася феадальная ўласнасць на зямлю. Фарміраванне яе адбывалася двума шляхамі:

па-першае, шляхам канцэнтрацыі зямлі ў руках вярхушкі абшчыны, якая ўжо выступае як частка класа феадалаў;

па-другое, шляхам зямельных падараванняў каралём або іншымі буйнымі землеўладальнікамі-феадаламі сваім прыбліжаным. Спачатку ўчастак зямлі (бенефіцый) даваўся толькі пры ўмовах нясення службы і на час службы. Паступова правы васалаў на падараваныя ім землі пашыраліся, паколькі сыны многіх васалаў працягвалі служыць сеньёру свайго бацькі. Акрамя таго, васалы, як правіла, былі вернымі і адданымі свайму валадару. Адданасць цанілася дорага, і бенефіцый усё часцей станавіўся амаль поўнай уласнасцю васалаў, пераходзячы ад бацькі да сына. Зямля, якая перадавалася па спадчыне, называлася лен, або феод, уласнік феода – феадал, а ўся сістэма гэтых грамадска-эканамічных адносін – феадалізм. Бенефіцый становіцца феодам да IX–XI стст. Гэты шлях станаўлення феадальных адносін ясна прагледжваецца на прыкладзе Франкскай дзяржавы, якая аформілася ў VI ст.

У Сярэднявеччы фарміруюцца таксама два асноўныя класы феадальнага грамадства: 1) феадалы (духоўныя і свецкія) – уласнікі зямлі; 2) сяляне – трымальнікі зямлі. Сярод сялян выдзяляліся дзве асноўныя групы: асабіста-свабодныя і асабіста-залежныя сяляне. Асабіста-свабодныя сяляне маглі па свайму жаданню пакінуць гаспадара, адмовіцца ад сваіх зямельных трыманняў. Яны плацілі фіксаваныя натуральныя і грашовыя падаткі і выконвалі пэўныя работы ў гаспадарцы свайго гаспадара. Залежныя сяляне абкладаліся адвольнымі падаткамі, не карысталіся свабодай перамяшчэння. Да канца перыяду ранняга Сярэднявечча ўсе сяляне мелі гаспадара. Феадальнае права не прызнавала існавання проста свабодных і ні ад каго не залежных людзей. Грамадскія адносіны будаваліся па прынцыпу: «Няма чалавека без валадара».

Утварэнне хрысціянска-варварскіх дзяржаў у Заходняй Еўропе. Першыя каралеўствы, якія прыйшлі на змену Рымскай імперыі, былі нетрывалымі ўтварэннямі. Першым знікла каралеўства остготаў, якое было заснавана Тэадорыхам Вялікім. Вестготам прыйшлося абмежаваць сферу свайго ўплыву Пірынейскім паўвостравам. Найбольш буйным і моцным стала каралеўства франкаў, якое за адно стагоддзе зацвердзілася на большай частцы тэрыторыі Заходняй і Цэнтральнай Еўропы. У V–VII стст. тут кіравала дынастыя Меравінгаў, а з канца VII ст. да сярэдзіны IX ст. – Каралінгаў. Пачатак кіруючай дынастыі Каралінгаў паклаў Піпін Кароткі, які затачыў у манастыр апошняга Меравінга і стаў каралём франкаў. Піпін Кароткі быў каранаваны Папам, пасля чаго дапамог Рыму весці барацьбу з дзяржавай лангабардаў. Лангабардскі кароль заваяваў амаль усе ўладанні Візантыі ў Сярэдняй Італіі і падышоў да Рыма. У 755–756 гг. Піпін Кароткі здзейсніў два паходы супраць лангабардаў. Заваяваўшы захопленую лангабардамі Равенскую вобласць, Піпін перадаў яе Папе Рымскаму. Перадачай Равенскай вобласці быў пакладзены пачатак свецкай улады Папы Рымскага. Узнікла тэакратычная дзяржава – Папская вобласць. Гэта дзяржава існавала ў 756–870 гг. і адыгрывала важную палітычную ролю на працягу Сярэдніх вякоў, яна прывяла да ўзмацнення рымскай каталіцкай царквы і садзейнічала ўмацаванню дзяржавы Каралінгаў.

Пасля смерці Піпіна Кароткага (768) улада перайшла да яго сына Карла (742–814), які атрымаў пачэснае прозвішча Вялікі. У 774 г. ён далучыў да каралеўства дзяржаву лангабардаў, пакарыў арабаў на поўначы Іспаніі, разграміў авараў у Паноніі (сучасная Венгрыя) і заснаваў самую буйную франкскую дзяржаву Сярэдніх вякоў. У 800 г. Папа Леў III каранаваў Карла імператарскай каронай.

Пры Карле Вялікім франкская дзяржава рэарганізуецца, феадальнае права распаўсюджваецца на ўсіх падданых. Кіраўнікамі абласцей назначаюцца графы, якія падпарадкоўваліся імператару. Каралеўскія інспектары ажыццяўлялі кантроль за дзейнасцю мясцовых улад. Карл Вялікі прымусіў уплывовых асоб прымаць прысягу на вернасць імператару. Пры двары былі сабраны самыя выдатныя вучоныя таго часу, якія садзейнічалі развіццю адукацыі.

Пераемнікі Карла Вялікага не здолелі захаваць гэту спадчыннасць. Распад імперыі быў аформлены Вердэнскім дагаворам (843), які ў агульных рысах пазначаў утварэнне трох будучых буйных дзяржаў Еўропы – Францыі, Германіі і Італіі.

Пасля раздзелу імперыі Каралінгаў герцагі Усходне-франкскага каралеўства (Германія) на правым беразе Рэйна выбралі сваіх каралёў. Адзін з іх, прадстаўнік саксонскай дынастыі, Атон I (936–973) ліквідаваў усіх прэтэндэнтаў на трон і ўмацаваў сваю ўладу. Імкнучыся замацаваць сваё панаванне над духавенствам унутры Германіі, Атон I жадаў авалодаць царкоўнай сталіцай – Рымам. У пачатку 962 г. Атон быў каранаваны Папам імператарскай каронай. Новы імператар у якасці заступніка царквы патрабаваў, каб папы выбіраліся па звычаю, але пасвячаліся не раней, чым прынясуць прысягу імператару. Афіцыйная назва новай імперыі была «Свяшчэнная Рымская імперыя». У XII ст. да гэтай назвы было дададзена: «германскай нацыі».