Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Падручнік: гісторыя Беларусі ў кантэксце сустветнай гісторыі.doc
Скачиваний:
2
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
2 Мб
Скачать
☆

1.1.2. Першыя цывілізацыі. Узнікненне хрысціянства. Першыя перасяленні народаў

Гісторыю старажытных цывілізацый можна падзяліць на тры асноўныя этапы:

  1. складванне класавага грамадства і дзяржавы (канец 4-га – канец 2-га тысячагоддзя да н.э,);

  2. росквіт старажытных грамадстваў, найвышэйшае развіццё рабаўладальніцкіх адносін (мяжа 2-га – 1-га тысячагоддзя да н.э. – канец 1-га тысячагоддзя да н.э.);

  3. заняпад старажытных грамадстваў, з’яўленне рыс пераходу да феадалізму (I – V стст. н.э.).

Узнікненне першых дзяржаў. Узнікненне першых старажытных дзяржаў звязана з пераходам першабытных плямёнаў ад прысвойваючай да вырабляючай гаспадаркі. Вядома, што ўжо ў ХІІ–Х тысячагоддзі да н. э. некаторыя абшчыны, якія пражывалі ў найбольш спрыяльных кліматычных умовах, навучыліся сеяць хлеб і разводзіць жывёлу.

Паміж VІ–ІІІ тысячагоддзямі да н.э. земляробамі-жывёлаводамі былі заселены даліны Ніла, Ніжняга Еўфрата і Інда. Змянілася шмат пакаленняў, пакуль жыхары рачных далін навучыліся рацыянальна выкарыстоўваць разлівы рэк у мэтах земляробства. Гэта была першая ў гісторыі чалавецтва перамога над прыроднай стыхіяй. Ураджаі пачалі хутка расці. Разам з матыжным з’явілася ворыўнае земляробства па аслах і валах. Рост ураджаяў спрыяў і развіццю жывёлагадоўлі. Цяпер абшчына магла пракарміць не толькі працаўнікоў, але і непрацаздольных, вызваліць частку людзей ад сельскагаспадарчай працы, што садзейнічала росту рамяства. Адбываўся працэс аддзялення земляробства ад рамяства. Пачала зараджацца сацыяльная няроўнасць унутры абшчыны.

Важнае месца ў структуры першабытнага грамадства займала хатняя абшчына, якая складалася з яе галавы – мужчыны-патрыярха, яго сыноў і ўнукаў з іх жонкамі і дзецьмі. Патрыярх меў амаль неабмежаваную ўладу. Часам хатняя абшчына магла ўключаць у сябе ўвесь род. Род быў часткай племені. Паступова племянныя сувязі пачалі саступаць месца суседскім. Такім чынам, з цягам часу месца племяннога аб’яднання заняла тэрытарыяльная суседская абшчына. Яна вырашала пытанні на агульным сходзе роўных паміж сабой воінаў. Аднак дэталёвы разгляд спраў даручаўся савету старэйшын. Народны сход, а часцей савет старэйшын, выбіраў правадыра, які быў і военачальнікам. Такое ўладкаванне грамадскага кіравання атрымала назву ваеннай дэмакратыі.

На першапачатковым этапе з’яўлення прыбавачнага прадукту велічыня яго была недастатковая, каб размеркаваць сярод усіх абшчыннікаў. У прывілеяваным становішчы апынуліся правадыр і яго набліжаныя, а таксама жрэц. У няроўных умовах з простымі абшчыннікамі былі і члены савета старэйшын, ды і розныя хатнія абшчыны мелі розны аўтарытэт і сілу. У грамадстве ўзнікла сацыяльная і эканамічная няроўнасць. Аднак без такой няроўнасці, пры тагачасным узроўні развіцця вытворчасці, прагрэс быў увогуле немагчымы.

Аднак ніхто добраахвотна не хацеў саступіць сваёй долі ў грамадскім прадукце другому, таму быў неабходны апарат, які прымушаў бы грамадства прымаць усталяваны сацыяльна-эканамічны лад. Такім апаратам з’явілася дзяржава з яе адміністрацыяй, тэрытарыяльным прынцыпам кіравання, падаткамі, узброенымі сіламі. Перыяд узнікнення дзяржаў больш-менш супадае з перыядам утварэння гарадоў, таму часта працэс пераходу ад першабытнаабшчыннага ладу да класавага называюць «гарадской рэвалюцыяй».

Разам з дзяржавамі ўзнікаюць і першыя цывілізацыі, для якіх характэрны наступныя прыкметы:

1) буйныя пастаянныя паселішчы тыпу гарадоў;

2) манументальныя грамадскія пабудовы;

3) наяўнасць сістэмы падаткаабкладання;

4) пэўны ўзровень развіцця эканомікі, наяўнасць гандлёвага абмену;

5) вылучэнне рамеснікаў-спецыялістаў;

6) узнікненне пісьменнасці і пачаткаў навук;

7) мастацтва;

8) існаванне класаў і дзяржавы.

Класавае расслаенне грамадства ўпершыню адзначана ў Егіпце і Шумеры. Развіццё ранніх цывілізацый ішло, як мінімум, трыма рознымі шляхамі.

Першы шлях характарызуецца суіснаваннем двух эканамічных сектараў – дзяржаўнага і абшчынна-прыватнага пры значным дамінаванні першага (даліна Еўфрата).

Другі шлях – існаванне толькі дзяржаўнага сектара (Егіпет). Для гэтых цывілізацый было характэрным стварэнне значных ірыгацыйна-меліярацыйных сістэм пры вялікай ролі храмаў і цароў і, як вынік, стварэнне вялікіх дзяржаў.

Па трэцяму шляху развіцця пайшлі тыя грамадствы, якія развіваліся не ў такіх урадлівых далінах. Тут значную ролю разам са збожжавымі культурамі адыгрывалі жывёлагадоўля, вінаградарства, вырошчванне алівак, здабыча металаў. У іх не ўзнікла такіх магутных дэспатычных дзяржаў, як царства на Ніле або ў Месапатаміі. Дзяржавы «трэцяга шляху» – Ахейская, Хецкая, Мітанійская, Сярэднеасірыйская – мелі хутчэй характар ваенных саюзаў. Пазней, у 1-м тысячагоддзі да н.э., з узнікненнем імперый, тры вышэйпералічаныя шляхі развіцця старажытных цывілізацый нівеліруюцца і ствараецца адзіны, пры якім існавалі два сектары эканомікі: абшчынна-прыватны ў гарадах і дзяржаўны ў вёсцы.

Трэба адзначыць, што гісторыю старажытных цывілізацый нельга атаясамліваць з сусветнай гісторыяй, бо яны існавалі пасярод міру першабытных плямёнаў. Больш таго, яны не маглі існаваць без дакласавай перыферыі, якая давала ім невычарпальныя запасы сыравіны і рабочай сілы, нагадвала аб сабе нашэсцямі і ўплывала на іншыя сферы жыцця старажытных цывілізацый. Іх першы перыяд – гэта гісторыя маленькіх ачагоў цывілізацыі ў велізарным свеце першабытнасці. Пазней ствараюцца больш шырокія арэалы цывілізацыі – Міжземнамор’е, Блізкі Усход, Індастан, Кітай, але і яны працягвалі жыць у акружэнні першабытнай перыферыі.

Росквіт старажытных цывілізацый. Характэрнай рысай у развіцці вытворчых сіл на другім этапе развіцця старажытных цывілізацый стаў пераход да вытворчасці жалеза. У 2-м тысячагоддзі да н.э. манапалістамі ў гэтай справе былі плямёны паўночна-ўсходняй Малой Азіі. У канцы гэтага тысячагоддзя жалеза пачалі вырабляць у Сірыі, Закаўказзі, шэрагу рэгіёнаў Еўропы. У VIII–VII стст. да н.э. жалезныя прылады сталі пераважаць у Пярэдняй Азіі, многіх частках Еўропы, Іране і, магчыма, Індыі, на стагоддзе-два пазней – у Сярэдняй Азіі, Егіпце, Кітаі. Першае жалеза атрымала назву крычнага, яно было мяккае і па сваёй якасці саступала медзі. Аднак у IX — VII стст. да н.э. у Еўропе і на Блізкім Усходзе адкрылі вытворчасць больш якаснага вугляродзістага жалеза. Гэта дазволіла палепшыць апрацоўку зямлі, высечку лясоў, удасканаліць кавальскае, сталярнае, карабельнае рамёствы.

Да пачатку 1-га тысячагоддзя да н.э. існавалі тры тыпы дзяржаў:

1) дробныя гарады-дзяржавы (у Шумеры, Сірыі, Фінікіі, Грэцыі);

2) слаба цэнтралізаваныя дзяржавы, дзе перыферыя плаціла даніну цэнтру (Хецкая, Мітанійская, Сярэднеасірыйская дзяржавы);

3) адносна буйныя дзяржавы, якія аб’ядноўвалі тэрыторыю басейна цэлай рачной даліны (Егіпет, Ніжняя Месапатамія).

Такія дзяржавы працягвалі існаваць і ў 1-м тысячагоддзі да н.э., аднак характэрнай з’явай гэтага перыяду стала ўзнікненне новых дзяржаўных утварэнняў – «сусветных дзяржаў», або імперый. Іх з’яўленне было абумоўлена пошукамі павелічэння прыбавачнага прадукту па-за межамі ўласнай краіны, за кошт рабавання іншых краін. I раней павелічэнне прыбавачнага прадукту адбывалася або шляхам ваеннага рабавання, захопу тэрыторыі і пераводу палоннага насельніцтва ў стан рабоў, або з дапамогай неэквівалентнага гандлю. Утварэнне імперый было спробай сумясціць усе тры гэтыя спосабы пераразмеркавання прыбавачнага прадукту.

Імперыі прынцыпова адрозніваліся ад іншых буйных дзяржаўных утварэнняў:

1) працягласць тэрыторыі імперый была значна большай і не абмяжоўвалася адной вобласцю;

2) імперыі абавязкова аб’ядноўвалі тэрыторыі, неаднародныя па сваёй эканоміцы, геаграфічных умовах, этнічнаму складу, культурных традыцыях; 3) папярэднія буйныя дзяржавы на падначаленых тэрыторыях імкнуліся не парушаць традыцыйныя структуры кіравання, у той час як імперыі падзяляліся на аднастайныя адміністрацыйныя адзінкі (вобласці, сатрапіі, правінцыі) і кіраваліся з аднаго цэнтра. Магутнымі імперыямі былі Асірыйская, Персідская, Рымская дзяржавы.

3 працэсу ўтварэння імперый на некаторы час выпадае адзін з рэгіёнаў старажытнага свету, а менавіта ўзбярэжжа Міжземнага мора. Перш за ўсё гэта грэчаскія гарады, дзе ўзнік асаблівы, антычны шлях развіцця. Антычныя дзяржавы існавалі ў форме гарадоў-дзяржаў, у якіх суцэльна панаваў абшчынна-прыватны сектар і самакіраванне (народны сход). Такія гарады-дзяржавы атрымалі назву «поліс». Тут узнік асаблівы тып уласнасці – полісная ўласнасць, калі зямлёй маглі распараджацца толькі паўнапраўныя члены поліса. У полісе было вельмі моцнае пачуццё салідарнасці, звычайна інтарэсы поліса ставіліся вышэй за асабістыя. Ва ўмовах поліса ўзніклі новыя дзяржаўныя формы – рэспубліка і дэмакратычная форма кіравання.

Полісная арганізацыя перамагла ліхвярства і даўгавое рабства, характэрныя для дзяржаў Усходу. У полісе сфарміравалася не патрыярхальнае, а класічнае рабаўладанне, пры якім:

а) рабы не заўсёды ўдзельнічалі ў адным вытворчым працэсе з гаспадарамі; 6) не ўваходзілі з імі ў адну сям’ю. Для гаспадароў яны былі «гаворачымі прыладамі працы» (instrumentum vokale) і апошнія маглі паступаць з імі па свайму жаданню. Менавіта ў антычным грамадстве раб быў рабом у найбольшай ступені, як свабодны – найбольш свабодным. Росквіт рабаўладання звязаны з гісторыяй Афін V–IV стст. да н.э. і Рыма II ст. да н.э. – ІІ ст. н.э.

Ва ўсходніх цывілізацыях заўсёды прысутнічала паняцце панавання і падпарадкаванасці (напрыклад, цар і падданы, гаспадар і слуга). У грэчаскіх полісах з’яўляецца паняцце свабоды як адсутнасць усялякага панавання над дадзеным чалавекам. Грамадзянін поліса не толькі адчуваў сябе свабодным, але лічыў усялякага, над кім ёсць нейкае панаванне, рабом. Таму, з пункту гледжання жыхароў поліса, ва ўсходніх імперыях панавала суцэльнае рабства. Аднак, як ні важны быў поліс для ўсяго далейшага развіцця чалавецтва, ён праіснаваў нядоўга: магчымасці развіцця ў межах гарадоў-дзяржаў былі абмежаванымі, не было значных ваенных сіл для абароны.

Ва ўсходніх імперыях колькасць рабоў таксама памножылася, а на змену патрыярхальнаму рабству прыйшло класічнае. Аднак большасць насельніцтва гэтых краін знаходзілася ў стане «царскіх людзей», г.зн. паднявольных людзей рабскага тыпу. «Царскія людзі» былі больш свабодныя, мелі сваю хату і кавалак зямлі, з якога плацілі падаткі цару і непасрэднаму гаспадару. Лішкі прадукцыі заставаліся для асабістага карыстання. Калі для антычнага поліса была характэрная ідэалізацыя свабоды, то для ўсходняй імперыі – ідэалізацыя свайго гаспадара: абагаўленне правіцеля пранізвае ўсю ўсходнюю ідэалогію.

Пры ўсім адрозненні паміж «Усходам» і «Захадам» нельга забываць галоўнае:

1) і ўсходнія, і заходнія грамадствы гэтага часу былі аднолькава пабудаваныя на прынцыпе існавання рабства;

2) антычны шлях развіцця, нягледзячы на ўсе яго асаблівасці ў параўнанні з астатнім светам і важнасцю для гісторыі чалавецтва, толькі пазнейшае адгалінаванне ад тых шляхоў развіцця класавага грамадства, якое ўзнікла на раннім этапе старажытнасці.

У канцы перыяду росквіту старажытных грамадстваў працэс утварэння «сусветных дзяржаў» ахапіў не толькі Блізкі Усход, але Індыю, Кітай і краіны антычнага шляху развіцця. У большасці краін дзяржаўны сектар эканомікі паглынаецца прыватным. Рабская праца працягвала прымяняцца ў прыватных гаспадарках, але яна была эфектыўнай толькі ў гаспадарках невялікага або сярэдняга памеру, калі за рабамі быў усталяваны эфектыўны нагляд. Калі ж прыватныя ўладанні пачалі разрастацца і ператварацца ў велізарныя гаспадарчыя комплексы, то арганізаваць працу рабоў стала вельмі цяжка. Таму буйная рабаўладальніцкая гаспадарка праіснавала вельмі нядоўга, што можна прасачыць на прыкладзе краіны класічнага рабаўладання – Італіі.

Хрысціянства. Пачатак заняпаду старажытных грамадстваў супаў з пошукамі багоў-выратавальнікаў. У гэты час зараджаецца хрысціянства. Хрысціянская рэлігія была вынікам ідэалагічнага крызісу Рымскай імперыі. Яна ўзнікла ў I ст. н.э., але асаблівае распаўсюджванне атрымала з канца II ст. Старая рэлігія рымлян з яе мнагабожжам ужо не магла задаволіць духоўныя патрэбы грамадства. Яшчэ ў меншай ступені быў здольны на гэта культ імператара. Таму ў Рым пачынаюць пранікаць і карыстацца больш- менш шырокім прызнаннем розныя ўсходнія культы – егіпецкай багіні Ісіды, персідскага бога Мітры, іудзейскага бога Ягве. Такім жа чынам распаўсюджваецца ў Рымскай імперыі і хрысціянства.

Адпаведна біблейскай легендзе заснавальнікам новай рэлігіі быў Ісус Хрыстос з Назарэта, які абвясціў сябе сынам Божым і выратавальнікам роду чалавечага. Яго акружалі вучні, ён тварыў цуды і прапаведаваў сваё вучэнне. Пазней ён быў схоплены і распяты на крыжы. Аднак на трэці дзень пасля сваёй смерці Ісус уваскрэс і ўзнёсся на неба.

Новая рэлігія ўзнікла ў Палесціне і атрымала распаўсюджванне ў Рымскай імперыі, бо прыцягвала сваіх прыхільнікаў прастатой статута ранніх хрысціянскіх абшчын, раўнапраўем, верай у жыццё пасля смерці.

У хрысціянскія абшчыны ўступалі пераважна ніжэйшыя слаі насельніцтва. Імператарскія ўлады першапачаткова адносіліся да хрысціян варожа і нават праследавалі іх. Нягледзячы на гэта, хрысціянства шырока распаўсюдзілася. 3 II ст. пачынаецца новы этап у яго развіцці. Хрысціянскія абшчыны аб’ядноўваюцца пад верхавенствам рымскай абшчыны. Ускладняецца іх кіраўніцтва: з’яўляюцца біскупы і дыяканы (вялі гаспадарчыя справы). Змяняецца і сацыяльны склад абшчын: усё часцей у іх уступаюць прадстаўнікі вышэйшых слаёў грамадства. Паступова ўзнікае магутная арганізацыя, якая ў далейшым атрымала назву хрысціянскай царквы. Рымскія імператары з цягам часу зразумелі, што новая рэлігія можа быць надзейным саюзнікам улады. Таму царква і дзяржава ўсё больш і больш збліжаюцца, і невыпадкова, што ў выніку хрысціянства ператварылася ў дзяржаўную рэлігію.

Заняпад старажытных цывілізацый. У час позняй старажытнасці паўсюдна пачынаюць выкарыстоўвацца стальныя прылады працы. Гэта павялічыла прадукцыйнасць працы і ўзмацніла баяздольнасць войска. Эканамічныя сувязі паміж асобнымі краінамі сталі больш цеснымі. Так, «Вялікі шоўкавы шлях» звязаў Міжземнамор’е з Кітаем, актыўны марскі гандаль ішоў паміж Кітаем і Індыяй.

Старажытнае грамадства дасягнула такога ўзроўшо развіцця вытворчых сіл, пры якім стала магчымым выкарыстанне працы не толькі рабоў, але і эксплуатацыя ўсёй масы дробных прыватных гаспадароў, ператварэнне іх у залежных людзей. Пачынаецца перыяд разлажэння рабаўладалыйцкага ладу і зараджэнне феадальных адносін. Клас свабодных абшчыннікаў паступова страчвае свабоду і грамадзянскія правы. Рабаўладанне заставалася і надалей, аднак у нетрах рабаўладальніцкага ладу зараджаліся элементы феадальных адносін.

Крушэнне рабаўладання ў розных краінах адбывалася па-рознаму. Так, у Заходняй Рымскай імперыі яно суправаджалася гібеллю самой Рымскай дзяржавы, ва ўсходняй палове Рымскай імперыі (Візантыі) пераход да феадалізму адбыўся без распаду дзяржавы і таму больш марудна. Дзяржавы, якія ўзніклі на тэрыторыях, дзе ніколі не было рабаўладання (Скандынавія, Усходняя Еўропа, Японія і інш.), спачатку ўтвараліся як раннерабаўладальніцкія з моцнай праслойкай свабодных абшчыннікаў, аднак пад уздзеяннем больш развітых краін яны хутка перайшлі да феадалізму. Толькі ў рэгіёнах, ізаляваных ад астатняга свету (Цэнтральная і Паўднёвая Афрыка, Амерыка), старажытныя грамадствы працягвалі існаваць і пазней.

Разлажэнне рабаўладальніцкага ладу праявілася таксама ў распадзе палітычнай сістэмы. Адбываецца крушэнне такіх «сусветных дзяржаў», як Рымская ў Міжземнамор’і, Ханьская ў Кітаі, Кушанская ў Сярэдняй Азіі. Іх тэрыторыі былі заваяваны суседнімі плямёнамі і народамі.

Нашэсці варвараў і падзенне Рыма. На працягу тысячагоддзяў больш адсталыя народы, якія жылі родаплемянным ладам, служылі аб’ектам эксплуатацыі для больш развітых у эканамічных і культурных адносінах грамадстваў. Яны пастаўлялі рабоў і сыравіну, бьглі аб’ектам неэквівалентнага гандлю. Часамі «варвары» нападалі на цывілізаваныя дзяржавы і надоўга іх спусташалі. Аднак баланс сіл паміж рабаўладальніцкай цывілізацыяй і варварскай перыферыяй складваўся не на карысць апошняй да самага пачатку нашай эры.

Разам з тым развіццё вытворчых сіл варвараў не стаяла на месцы. Мяжой, якая ліквідавала моцную эканамічную залежнасць варвараў ад старажытных цывілізацый, былі III — IV стст. н.э. Гэта пацвярджаецца, напрыклад, тым, што ў Цэнтральнай і Паўночнай Еўропе ў гэты час амаль поўнасцю знікаюць рымскія рамесныя вырабы, а германскія плямёны ўжо добра авалодалі земляробствам і сакрэтамі каняводства. У III–IV стст. гаспадарчае жыццё многіх плямёнаў дасягнула такога ўзроўню, калі пачаўся працэс сацыяльнага расслаення. Узнікае ваенна-племянная знаць, якая выступае ініцыятарам войнаў і захопу здабычы.

3 ростам насельніцтва важнае месца для плямёнаў, якія пераходзілі ад першабытнаабшчыннага ладу да класавага, набывае захоп зямель. У гэты час амаль уся варварская перыферыя прыходзіць у рух. Пачынаецца так званае «Вялікае перасяленне народаў». Бясконцыя плямёны і народы здымаюцца са сваіх месцаў і перасяляюцца на новыя землі. Знаёмства варвараў з гаспадаркай і ваеннай справай цывілізаваных грамадстваў паскарала іх сацыяльна-эканамічнае і ваеннае развіццё. У III–IV стст. германскія, славянскія, сармацкія, мангольскія, цюркскія, арабскія і іншыя плямёны выступаюць супраць рабаўладальніцкіх імперый усё больш моцнымі ваеннымі саюзамі. Суадносіны сіл мяняюцца на карысць варварскай перыферыі.

Найбольш моцны ўдар варварскіх плямёнаў прыйшоўся на Заходнюю Рымскую імперыю. К канцу II ст. н.э. моцныя ваенна-племянныя саюзы склаліся ў германцаў. Гэта алеманы на верхнім Рэйне, франкі на сярэднім і ніжнім Рэйне, саксы на ніжняй Эльбе, вандалы на сярэднім Дунаі, готы ў Паўночным Прычарнамор’і. 3 сярэдзіны IV ст. узмацніліся варварскія набегі на тэрыторыю Рымскай імперыі. У 370-я гг. з усходу ў Паўднёвую Еўропу ўварваліся плямёны гунаў, што прымусіла многія еўрапейскія народы зрушыц- ца са сваіх месц, выцясняючы суседзяў. Асноўны паток перасялен- цаў хлынуў на Балканскі паўвостраў і ў межы Заходняй Рымскай імперыі. Гуны ўяўлялі сабой арду качэўнікаў, куды ўваходзілі розныя па этнічнаму складу плямёны. Рухаючыся з усходу, гуны ў пачатку 370-х гг. перайшлі Волгу і ў 375 г. абрынуліся на готаў у Паўночным Прычарнамор'і. Готы да гэтага часу засялілі тэрыторыю ад Дона да Дуная і падзяляліся на дзве плыні – остготаў і вестготаў. Гуны разграмілі остготаў і ўключылі іх у сваю арду, а вестготы адышлі ў межы Рымскай імперыі, дзе ў 377–382 гг. узнялі буйное паўстанне. Іх правадыр Аларых у 408–410 гг. здзейсніў шэраг паходаў на Рым, а ў 410 г. захапіў яго. Падзенне «вечнага горада» ўразіла сучаснікаў. Аднак гэта быў толькі пачатак агоніі вялікай імперыі, які зацягнуўся да 476 г. Рым яшчэ здолеў у 451 г. даць адпор магутнай федэрацыі плямёнаў на чале з правадыром гунаў Ацілай. Аднак гэта была апошняя буйная перамога Рыма.