Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Падручнік: гісторыя Беларусі ў кантэксце сустветнай гісторыі.doc
Скачиваний:
2
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
2 Мб
Скачать
☆

2. Традыцыйнае і новае ў гісторыі

Гісторыя прысутнічае ў свядомасці кожнага адукаванага чалавека. У сувязі з гэтым існуе спецыяльнае вызначэнне – гістарычная самасвядомасць. Гэта – усведамленне прыналежнасці людзей да сваёй гісторыі дзеля яе дасканалага вывучэння. У важнасці гістарычнай свядомасці для кансалідацыі грамадства і фарміравання творчай асобы мы ўжо пераканаліся.

Гістарычная свядомасць займае важнае месца ў жыцці кожнай нацыі. У гістарычнай памяці беларусаў, увасобленай у казках, песнях, паданнях, вобразах і стэрэатыпах, знайшлі адлюстраванне важнейшыя вехі мінулага беларускага народа. У той жа час для значнай часткі насельніцтва сучаснай Беларусі характэрна слабае знаёмства з уласнай гісторыяй. Лакуны ў гістарычнай адукацыі нярэдка запаўняюцца ведамі па сусветнай гісторыі і гісторыі нашых суседзяў, галоўным чынам Расіі, якая часам атаясамліваецца з уласнай мінуўшчынай. Падобная сітуацыя ў значнай ступені стала вынікам спецыфікі развіцця беларускага этнасу, працяглай адсутнасці ў беларусаў уласнай асобнай дзяржаўнасці. Негатыўна адбіваецца таксама недахоп прац па гісторыі Беларусі і недастатковая іх папулярызацыя. Усё гэта не спрыяе фарміраванню ў беларускага народа пачуцця нацыянальнай годнасці, гонару за сваю краіну, перашкаджае разуменню месца Беларусі ў Еўропе і свеце.

Аднак прапагандуючы ўласную гісторыю, трэба асцерагацца і іншай крайнасці – замыкання ва ўласным мінулым, узвядзення яго ў абсалют, ідэалізацыі і гіпербалізацыі дасягненняў нашых продкаў. Імкненне «падправіць» гісторыю Беларусі, «упрыгожыць» яе, насыціць выдуманымі фактамі і празмернымі ацэнкамі ўяўляецца прыхаванай формай непавагі да нашай Бацькаўшчыны, незадаволенасці яе рэальным мінулым ці нават сорамам за яго. Падобны падыход, не гаворачы пра яго этычныя хібы, з’яўляецца яшчэ і вельмі небяспечным у тым сэнсе, што сутыкненне з неадпаведнасцю гістарычных міфаў, хай сабе і створаных з самымі лепшымі мэтамі, можа прывесці да расчаравання ва ўласнай гісторыі і нават да пагарды да яе. Адчуваючы цалкам натуральны гонар за сваю краіну, за свой народ, варта пазбягаць «панбеларусізму» і ганарыцца таксама прыналежнасцю Беларусі да больш шырокіх супольнасцей, напрыклад да сям’і славянскіх народаў, да еўрапейскай цывілізацыі, куды беларусы таксама зрабілі свой пасільны ўклад і якую беларускі народ з поўным правам таксама можа разглядаць як уласную.

На пераадоленне згаданых непажаданых тэндэнцый у беларускім грамадстве, асабліва парадаксальных у святле існавання на палітычнай карце Еўропы Рэспублікі Беларусь, накіравана вывучэнне гісторыі Беларусі, прычым менавіта ў сусветным кантэксце, што дазволіць лепш зразумець агульнае і самабытнае ў мінулым беларускага народа ў параўнанні з іншымі народамі зямнога шара. Толькі параўнанне працэсаў, якія адбываліся тут у розныя перыяды гісторыі, з аналагічнымі з’явамі і працэсамі ў іншых рэгіёнах можа даць адэкватную карціну месца нашай Бацькаўшчыны ў супольнасці народаў, дазволіць пазбегнуць залішняй пераацэнкі свайго мінулага і сучаснага або, наадварот, стане перасцярогай ад празмернага самапрыніжэння.

Гісторыя кожнай нацыі – гэта падмурак для яе далейшага развіцця. Ад трываласці гэтага падмурка ў значнай ступені залежаць і перспектывы нацыянальнага «дома» ў будучым. Таму ён павінен быць максімальна стабільным, нязменным, абапірацца на агульнапрынятыя палажэнні. Гаворка не ідзе пра закасцянеласць гістарычнай навукі, якая, як і кожная навука, зразумела, павінна развівацца, насычацца новымі фактамі і канцэпцыямі. Аднак пры гэтым неабходна максімальна асцярожна і далікатна абыходзіцца з асноўнымі гістарычнымі пастулатамі, кожная карэкціроўка якіх павінна быць максімальна выверана. Без гэтага народ, пазбаўлены трывалых асноў, перакананы ў «непрадказальнасці» і зменлівасці сваёй гісторыі, перастае яе паважаць і звернецца да пошуку іншых вартасных арыенціраў.

Існуе міф аб нізкай гістарычнай свядомасці беларусаў. Гэта не зусім дакладна. Мы добра ведалі савецкую гісторыю, таму ў нас была даволі высокая савецкая гістарычная свядомасць. Але мы дрэнна ведалі гісторыю Беларусі, таму мелі нізкую нацыянальную гістарычную свядомасць. Нельга згадзіцца і з тым, што беларускае грамадства, даволі інтэлектуальнае па свайму ўзроўню, не цікавілася гісторыяй, не чытала кніжак па гісторыі. Не ўсе чытаюць навуковыя даследаванні і ў Германіі ці ЗІІІА. Іх чытае эліта. I ў гэтым сэнсе мы мала адрозніваемся ад іншых народаў.

Іншая справа, што для жыхароў Беларусі і зараз характэрна двухполюсная гістарычная свядомасць. Большасць людзей сталага ўзросту належаць да носьбітаў савецкай гістарычнай свядомасці. Яны ведаюць гісторыю былога СССР лепш, чым гісторыю Беларусі. На другім полюсе знаходзіцца моладзь, якая вывучала гісторыю ўжо ў школах незалежнай Беларусі. Калі для першых гісторыя ўласнай краіны звязваецца з БССР, савецкай беларусізацыяй, то для другіх – з Полацкім княствам, ВКЛ. Паміж імі захоўваюцца, аднак, розныя ацэнкі і розныя адносіны да некаторых гістарычных падзей, у прыватнасці да бітвы пад Оршай у 1514 г., да калектывізацыі сельскай гаспадаркі ў 1920–1930-я гг. I гэта істотна перашкаджае павышэнню гістарычнай самасвядомасці беларускага насельніцтва ў цэлым. Такая недарэчнасць звязана з асаблівасцямі пераходнай эпохі, якую перажывае Беларусь. Але бясспрэчна, што з цягам часу савецкая гісторыя стане арганічнай часткай нацыянальнай гісторыі і супярэчнасці знікнуць самі па сабе.

У навучальным працэсе адлік гісторыі вядзецца ад найдаўнейшых часоў да нашых дзён. Пры напісанні гісторыі навукоўцамі гэты адлік вядзецца ад сённяшняга дня. Зыходным пунктам стварэння нацыянальнай гістарычнай канцэпцыі служыць наша дзяржава, сённяшняя рэчаіснасць, хацелі б мы таго ці не. Калі б не было беларускай дзяржавы, не было б і беларускай гісторыі. Яе б разабралі нашы суседзі. Яны ўжо пачыналі разбіраць, але не паспелі. Вось гісторыкам Беларусі зараз і прыходзіцца даказваць, што Вільня – гэта некалі славянскі, беларускі горад, што слуцкія паясы вырабляліся не рускімі, а беларускімі майстрамі, што выдатныя геаграфічныя адкрыцці ў Сібіры рабілі не палякі, а беларусы.

Ніводная сучасная дзяржава не можа існаваць без уласнай гісторыі, як і без уласнай тэрыторыі, мовы, культуры. Зараз, калі ўскладняецца жыццё, якое вымагае штодзённа рабіць нейкі выбар і прагноз, гісторыя стала пераходзіць на службу сучаснасці. Гісторыкі выцягваюць з глыбінь стагоддзяў не столькі цікавае, колькі перважна карыснае для сучаснікаў. На стыку гісторыі і сучаснай палітыкі ўзнікла нават новая навука – паліталогія.