Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Падручнік: гісторыя Беларусі ў кантэксце сустветнай гісторыі.doc
Скачиваний:
2
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
2 Мб
Скачать
☆

6.2.2. Знешнепалітычная дзейнасць Беларусі

Распад СССР паклаў пачатак прынцыпова новаму этапу ў міжнародным жыцці Беларусі. Яе статус незалежнай дзяржавы быў прызнаны міжнароднай супольнасцю. Рэспубліка Беларусь у маі 2004 г. мела дыпламатычныя адносіны са 160 краінамі свету. У Мінску знаходзіліся дыпламатычныя прадстаўніцтвы 35 краін, а таксама 8 консульстваў і 12 прадстаўніцтваў міжнародных арганізацый. 82 паслы былі акрэдытаваны па сумяшчальніцтву.

На 46-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН (1991) міністр замежных спраў Беларусі выклаў знешнепалітычныя прынцыпы і прыярытэты беларускай дзяржавы. Статус Беларусі быў абвешчаны як бяз’ядзерны і нейтральны, знешняя палітыка – шматвектарнай.

Беларусь пашырыла свой удзел у арганізацыях сістэмы ААН, з'яўляецца членам 13 спецыялізаваных устаноў ААН. У рамках ЮНЕСКА для Беларусі былі распрацаваны праграмы «Генетычная спадчына», «ЮНЕСКА – Чарнобыль», «Чалавек і біясфера». У краіне дзейнічае Нацыянальная камісія Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА. Беларусь актыўна ўдзельнічае ў працы такіх функцыянальных органаў ААН, як Еўрапейская эканамічная камісія, Дзіцячы фонд ААН, Канферэнцыя Аб’яднаных Нацый па гандлі і развіцці і інш.

У 1992 г. Беларусь уступіла ў Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця, Міжнародны валютны фонд, Міжнародную фінансавую карпарацыю, Міжнароднае агенцтва па гарантыях інвестыцый, якое ўваходзіць у групу Сусветнага банка ў якасці асацыіраванай арганізацыі; атрымала статус назіральніка ў Сусветнай гандлёвай арганізацыі, створанай у 1995 г.

У Мінску былі адкрыты прадстаўніцтвы ўплывовых міжнародных арганізацый. У верасні 1992 г. Рэспубліка Беларусь (другая з краін СНД пасля Расіі) адкрыла ў Мінску прадстаўніцтва ААН, а таксама прадстаўніцтвы Сусветнага банка і Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця. У 1995 г. у Мінску было адкрыта прадстаўніцтва Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па бежанцах, у 1996 г. – пастаяннае прадстаўніцтва Міжнароднай арганізацыі на мігрантах. 3 сакавіка 1998 г. у Мінску дзейнічае кансультацыйна-назіральная група АБСЕ.

У 90-я гг. Мінск наведалі вядомыя палітычныя дзеячы – кіраўнікі міжнародных арганізацый і дзяржаў. У ліпені 1992 г. у Мінску з візітам знаходзіўся прэзідэнт Еўрапарламента Э. Клепша, а ў лістападзе таго ж года – Генеральны сакратар НАТА М. Вернер. У чэрвені 1993 г. адбыўся візіт у Мінск прэзідэнта Польшчы Л. Валенсы. У кастрычніку 1993 г. дзяржаўны сакратар ЗША У. Крыстафер быў у Мінску і запрасіў беларускія ўлады да ўдзелу ў праграме НАТА «Партнёрства дзеля міру». Афіцыйна Беларусь далучылася да гэтай праграмы 11 студзеня 1995 г.

15 студзеня 1994 г. у Мінск прыехаў прэзідэнт ЗША Б. Клінтан, які сустрэўся з вышэйшымі дзяржаўнымі асобамі, а таксама з прадстаўнікамі апазіцыі. У красавіку 1994 г. Мінск з трохдзённым візітам паведаў Генеральны сакратар ААН Б. Бутрас-Галі. У лютым 1995 г. з афіцыйным візітам у Мінск прыехаў прэзідэнт Расіі Б. Ельцын. Падчас гэтага візіту паміж Беларуссю і Расіяй быў падпісаны Дагавор аб дружбе, добрасуседстве і супрацоўніцтве. 21–23 чэрвеня 1995 г. у сталіцы Беларусі з візітам знаходзіўся прэм’ер Дзяржсавета Кітайскай Народнай Рэспублікі Лі Пэн. У лістападзе 1996 г. у Мінску Прэзідэнт Беларусі А. Лукашэнка і Генеральны сакратар АБСЕ Д. Арагон абмеркавалі пытанні, звязаныя з выкананнем Беларуссю Дагавора аб звычайных узброеных сілах у Еўропе.

Прэзідэнт Беларусі А. Лукашэнка ў кастрычніку 1995 г. выступіў на спецыяльным урачыстым пасяджэнні Генеральнай Асамблеі ААН, прысвечаным 50-годдзю гэтай арганізацыі, дзе выклаў пазіцыі кіраўніцтва Беларусі па ключавых праблемах міжнародных адносін. У Будапешце і Лісабоне на форумах АБСЕ А.Лукашэнка прапанаваў стварыць бяз’ядзерную прастору ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Ядзерная зброя з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь была вывезена ў лістападзе 1996 г.

Да пачатку 1998 г. Беларусь з’яўлялася ўдзельніцай звыш 230 міжнародных дагавораў і канвенцый.

Супрацоўніцтва з Расіяй і іншымі краінамі СНД. У шматвектарнай знешняй палітыцы Беларусі прыярытэтным, тым не менш, з’яўляецца супрацоўніцтва з Расіяй. Гэта супрацоўніцтва актывізавалася з выбраннем у 1994 г. першага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Лукашэнкі. На майскім рэферэндуме 1995 г. з 65 % грамадзян Беларусі, якія прынялі ў ім удзел, 82 % падтрымалі ідэю аб эканамічнай інтэграцыі з Расіяй. У 1995 г. прэзідэнты дзвюх краін А. Лукашэнка і Б. Ельцын падпісалі Дагавор аб дружбе, добрасуседстве і супрацоўніцтве тэрмінам на 10 гадоў. 25 мая 1995 г. Б.Ельцын выдаў указ аб адмене мытнага кантролю на расійска-беларускай мяжы, а на наступны дзень А. Лукашэнка і прэм’ер-міністр Расіі В.Чарнамырдзін сімвалічна ліквідавалі на ёй шлагбаум.

2 красавіка 1996 г. у Крамлі быў падпісаны дагавор аб стварэнні супольнасці суверэнных рэспублік Беларусі і Расіі. Па новаму дагавору прадугледжвалася ўзгадняць пазіцыі па міжнародных пытаннях, узаемадзейнічаць па захаванні бяспекі, ахове граніц і барацьбе са злачыннасцю. Захоўваючы атрыбуты суверэнітэту, дзяржавы выходзілі на сумеснае будаўніцтва структур, якія мелі агульную заканадаўчую базу. У адпаведнасці з дагаворам былі сфарміраваны Вышэйшы Савет, Выканаўчы камітэт, Парламенцкі сход, Мытны камітэт, Расійска-Беларуская камісія па навукова-тэхнічнаму супрацоўніцтву і некаторыя іншыя сумесныя арганізацыі. Планавалася, што да канца 1996 г. будзе створана агульная транспартная сістэма з адзінымі тарыфамі па перавозках грузаў і пасажыраў, адзіная энергасістэма, навукова-тэхнічная і інфармацыйная прастора. На наступны год прадугледжвалася правесці сінхранізацыю эканамічных рэформаў, падрыхтаваць адзіную нарматыўна-прававую базу, правесці уніфікацыю грашова-крэдытных і бюджэтных сістэм, стварыць умовы для ўвядзення адзінай валюты.

У 1996 г. адбылася першая сесія Парламенцкага сходу Расіі і Беларусі, былі вырашаны ўсе арганізацыйныя пытанні па дзейнасці вышэйшых органаў. Аднак намечаныя планы не былі поўнасцю выкананы. Дзяржаўныя і грамадскія арганізацыі выступалі з праектамі, якія былі заснаваны на розных, часам дыяметральна супрацьлеглых варыянтах інтэграцыі. Частка расійскіх палітыкаў выказвала ідэі абмежавання правоў Беларусі ў складзе супольнасці. У студзені 1997 г. Б. Ельцын звярнуўся да А. Лукашэнкі з прапановай падрыхтаваць юрыдычны дакумент аб стварэнні адзінай дзяржавы.

2 красавіка 1997 г. у Маскве А. Лукашэнка і Б. Ельцын падпісалі Дагавор аб Саюзе Беларусі з Расіяй. У дагаворы падкрэслівалася, што кожная краіна захоўвае дзяржаўны суверэнітэт і тэрытарыяльную недатыкальнасць, канстытуцыю, сцяг, герб і іншыя атрыбуты дзяржаўнасці. Галоўнымі мэтамі Саюза былі абвешчаны: умацаванне адносін братэрства, сяброўства, усебаковага супрацоўніцтва паміж дзяржавамі ў палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай, ваеннай, навуковай, культурнай і іншых галінах. 9 красавіка 1997 г. на грамадскае абмеркаванне быў вынесены праект Статута Саюза Беларусі і Расіі, а 23 мая Статут быў падпісаны прэзідэнтамі абедзвюх дзяржаў у Маскве. 10 чэрвеня 1997 г. дагавор аб Саюзе быў ратыфікаваны ў Мінску і Маскве.

Разам з тым і пасля падпісання дагавора аб Саюзе шматлікія пагадненні не рэалізоўваліся на практыцы. Новай спробай развіцця адносін паміж дзяржавамі было падпісанне 25 снежня 1998 г. Дэкларацыі аб аб’яднанні Беларусі з Расіяй у Саюзную дзяржаву. Праз год, 8 снежня 1999 г., быў падпісаны Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. 26 студзеня 2000 г. дагавор быў ратыфікаваны. Старшынёй Вышэйшага дзяржаўнага савета быў абраны А. Лукашэнка, Старшынёй Савета Міністраў стаў М. Касьянаў, які ў той час узначальваў урад Расіі, Дзяржсакратаром Саюза – П. Барадзін.

Зараз распрацоўваецца канстытуцыйны акт саюзнай дзяржавы. Існуюць спрэчныя пытанні адносна пабудовы такой дзяржавы, кампетэнцыі яе кіруючых органаў. Акрамя таго, беларускі бок настойвае на папярэднім выкананні дамоўленасцей аб стварэнні адзінай эканамічнай прасторы, ліквідацыі мытных бар’ераў з Расіяй, аб адзіных умовах для суб’ектаў гаспадарання, аб спагнанні падатку на дабаўленую вартасць па краіне прызначэння і некаторых іншых.

Кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь прытрымліваецца тактыкі рознаўзроўневай інтэграцыі на постсавецкай прасторы. У сакавіку 1996 г. быў падпісаны дагавор аб паглыбленні эканамічнай інтэграцыі чатырох краін – Расіі, Беларусі, Казахстана, Кіргізіі, пазней да эканамічнай супольнасці чатырох далучыўся Таджыкістан.

У 2003 г. створана арганізацыя рэгіянальнай інтэграцыі, у якую ўвайшлі Расія, Беларусь, Украіна, Казахстан. Гэтыя краіны заявілі аб імкненні стварыць зону свабоднага гандлю і падпісалі Пагадненне аб фарміраванні Адзінай эканамічнай прасторы (АЭП). 15 верасня 2004 г. на саміце ў Астане (Казахстан) кіраўнікі дзяржаў – членаў АЭП падпісалі двухбаковыя пагадненні аб спагнанні падатку на дабаўленую вартасць ва ўзаемным гандлі з 2005 г. па краіне прызначэння.