Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Падручнік: гісторыя Беларусі ў кантэксце сустветнай гісторыі.doc
Скачиваний:
2
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
2 Мб
Скачать
☆

1.3.2.Сацыяльна-эканамічныя і палітычныя перадумовы фарміравання Вялікага княства Літоўскага.

Перадумовы фарміравання ВКЛ. У XIII ст. складваюцца перадумовы ўзнікнення ў Еўропе новай дзяржавы — Вялікага княства Літоўскага. Сярод мноства фактараў, якія гэтаму садзейнічалі, можна выдзеліць наступныя.

1. Развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці, рамяства, гандлю, рост гарадоў, іх размяшчэнне на важных гандлёвых шляхах (па Дняпру, Заходняй Дзвіне, Нёману). Усё гэта спрыяла ўзбагачэнню мясцовай эканамічнай і палітычнай эліты, якая і стала ініцыятарам утварэння новай дзяржавы, каб абараніць сваю маёмасць і статус. Акрамя таго, назапашаныя і новыя рэсурсы дазвалялі арганізаваць абарону і пашырэнне дзяржавы.

2. Паглыбленне сацыяльнай дыферэнцыяцыі грамадства, сацыяльных супярэчнасцей паміж саслоўямі. Сацыяльныя супярэчнасці і сілавыя спосабы іх вырашэння выклікалі патрэбу ў грамадскім парадку. У самім феадальным саслоўі таксама абвастраецца барацьба за панаванне. Усё гэта выклікала грамадскую патрэбу ва ўтварэнні дзяржавы, якая б заканадаўча абмежавала грамадска небяспечныя разбуральныя працэсы, якія праяўляліся ў знішчэнні людзей і матэрыяльных каштоўнасцей.

3. Неабходнасць барацьбы са знешняй небяспекай. Такая небяспека зыходзіла найперш ад мангола-татараў і крыжакоў, а таксама галіцка-валынскіх і польскіх князёў. Некаторыя даследчыкі лічаць, што менавіта знешняя пагроза з боку Арды і рыцарскіх ордэнаў была асноўным штуршком да ўтварэння дзяржавы.

Першай сталіцай Вялікага княства Літоўскага стаў славянскі горад Новагародак. Як сведчаць археалагічныя даследаванні, у XII-XIII стст. Новагародская зямля дасягнула значнага эканамічнага і культурнага развіцця, а сам Новагародак стаў багатым горадам і моцнай крэпасцю. Землі вакол яго давалі добрыя ўраджаі. Вядучай галіной рамяства ў горадзе была апрацоўка каляровых і каштоўных металаў. Значаая частка ювеліраў станавілася заможнымі гараджанамі. Развіваліся і іншыя рамёствы: выплаўка і апрацоўка жалеза, апрацоўка дрэва, ганчарства, разьба па косці. Новагародак меў шырокія гандлёвыя сувязі са славянскімі землямі, Прыбалтыкай, Візантыяй, Блізкім Усходам.

За кошт высокага ўзроўню развіцця земляробства, рамёстваў і гандлю багацелі мясцовыя феадалы, аб чым сведчаць раскопкі іх пахаванняў. Новагародчына перажывала эканамічны ўздым. У перыяд нашэсця на ўсходніх славян манголаў і крыжакоў Новагародская зямля была адносна бяспечнай тэрыторыяй, яе гарады і вёскі не былі ўшчэнт разбураны, як большасць іншых зямель Русі. Тут ратаваліся ад заваёўнікаў і шматлікія бежанцы, што ўзмацняла прадукцыйныя сілы Новагародскай зямлі.

У той жа час па шэрагу прычын страчвае сваю былую магутнасць Полацкае княства. Гэта і заняпад гандлёвага шляху «з варагаў у грэкі», на якім рос і багацеў Полацк, і страта ў выніку працяглай барацьбы з крыжакамі, выхаду ў Балтыйскае мора, і аслабленне ваеннага патэнцыялу разам з эканамічным аслабленнем. У выніку на беларускіх землях адбываецца пераход дзяржаўнаўтваральнай ініцыятывы ад Полацка да Новагародка.

Канцэпцый ўтварэння ВКЛ -- 6.

1. Канцэпцыя «літоўскага заваявання» (або «літоўская»), у адпаведнасці з якой заходнія землі старажытнай Русі былі захоплены літоўскімі князямі падчас аслаблення Русі міжусобіцамі і мангола-татарскім заваяваннем. Гэта канцэпцыя, як лічыў вядомы беларускі гісторык М. Ермаловіч, узнікла ў XVI ст. у Расіі і абгрунтоўвала неабходнасць «вызвалення спрадвечна рускіх зямель» ад літоўскіх і польскіх заваёўнікаў. Раскрытыкаваная ў 20-я гг. XX ст. падчас беларусізацыі, гэта канцэнцыя ўсё ж засталася пануючай у савецкія часы. Канцэнцыя «літоўскага заваявання» падтрымлівалася і літоўскімі адраджэнцамі, таму што надавала вагу і гонар літоўскаму адраджэнскаму руху.

2. Канцэпцыя «Русі Літоўскай» мела месца ў рускай гістарычнай літаратуры, у прыватнасці ў працах аднаго з буйнейшых расійскіх гісторыкаў XIX ст. С. Салаўёва. Канстатуючы пануючае становішча ў ВКЛ усходнеславянскага элемента (насельніцтва, тэрыторыі, мовы), ён выкарыстоўваў назвы «Русь Літоўская» і «Русь Маскоўская», падкрэсліваючы іх геапалітычнае саперніцтва, і адзначаў перамогу ў гэтай барацьбе Русі Маскоўскай.

3. Канцэпцыя «Літоўска-рускай дзяржавы» не выключала літоўцаў з працэсу ўтварэння і развіцця ВКЛ, але па сутнасці ігнаравала ўтварэнне ў складзе ВКЛ беларускага этнасу і ролю яго продкаў ва ўтварэнні дзяржавы. Усе ўсходнеславянскія народы, якія мелі дачыненне да ВКЛ, называліся «рускімі». Гэтай канцэпцыі прытрымліваўся расійскі гісторык М. Любаўскі. Тэрмін «Літоўска-руская дзяржава» ўжываў У. Пічэта.

4. Канцэпцыя «Беларуска-літоўскай дзяржавы» абгрунтоўвалася ў 20-я гг. XX ст. У. Ігнатоўскім. Беларускі ўплыў, на думку прыхільнікаў канцэнцыі, пераважаў па тэрыторыі, насельніцтву, узроўню эканамічнага і культурнага развіцця беларускіх зямель, праяўляўся ў афіцыйным статусе старажытнай беларускай мовы. Літоўскі ўплыў, на думку прыхільнікаў канцэпцыі, пераважаў у палітычным жыцці (літоўская княжацкая дынастыя і пераважны ўплыў літоўскіх магнатаў у органах улады), у войску.

5. Канцэпцыя «беларускай дзяржавы» («беларуская») сцвярджае, што з самага пачатку ВКЛ фарміравалася як дзяржава продкаў беларусаў, якія ў той час называліся ліцвінамі. Гэта канцэпцыя ўзнікла ў 20-я гг. XX ст. Яе прыхільнікамі былі В. Ластоўскі, М. Доўнар-Запольскі. У канцы XX ст. канцэнцыю найбольш поўна абгрунтаваў М. Ермаловіч, які на падставе вывучэння дакументаў пісаў, што гістарычныя крыніцы не пацвярджаюць літоўскага заваявання беларускіх зямель, а наадварот, сведчаць аб заваяванні сучасных літоўскіх зямель Новагародскім княствам. На думку М. Ермаловіча, значнай перашкодай для аб’ектыўнага асвятлення працэсу ўтварэння ВКЛ з’яўляецца атаясамліванне сучаснай тэрыторыі Літвы з летапіснай Літвой, якая, як даказваў М. Ермаловіч, знаходзілася на тэрыторыі сучаснай Беларусі, паміж Слонімам і Маладзечна і была часткаю тэрыторыі, на якой фарміраваўся беларускі этнас.

6. Канцэпцыя поліэтнічнай, найперш беларуска-літоўскай або літоўска-беларускай, дзяржавы («цэнтрысцкая») імкнецца пераадолець крайнасці іншых канцэпцый. Так, удзельнікі міжнароднага «круглага стала» па тэме «Беларусь у Вялікім княстве Літоўскім», які адбыўся ў Мінску ў 1992 г., адзначылі, што ў першай палове XIII ст. у Верхнім Панямонні ўзнікла беларуска-літоўскае гаспадарства з цэнтрам у Новагародку, якое стала ядром магутнай шматнацыянальнай еўрапейскай дзяржавы – Вялікага княства Літоўскага, Рускага, Жамойцкага і іншых зямель (скарочана – Вялікага княства Літоўскага). У Вялікім княстве назва «Літва» тады адносілася да тэрыторыі Верхняга і Сярэдняга Панямоння, а пад «Руссю» разумелася Верхняе Падзвінне і Падняпроўе. Сучасныя заходнія этнічна літоўскія землі – Жмудзь – былі канчаткова далучаны да ВКЛ у першай палове XV ст. У яго склад з другой паловы XІV ст. да 60-х гг. XVI ст. уваходзіла частка ўкраінскіх зямель (Валынь, Падолле, Кіеўшчына). Усе народы, як адзначалася ў выніковым дакуменце «круглага стала», якія прымалі ўдзел у палітычным, эканамічным і культурным жыцці Вялікага княства, а найперш беларускі і літоўскі, з’яўляюцца гістарычнымі спадкаемцамі гэтай дзяржавы. Таму было вырашана называць супольнае дзяржаўнае ўтварэнне як беларуска-літоўскае, або, што раўназначна, літоўска-беларуская дзяржава, улічваючы пры гэтым вялікі ўклад, які ўносіў і ўкраінскі народ у яе палітычнае і культурнае развіццё. У дыскусіі па праблемах утварэння і этнічнай прыналежнасці Вялікага княства Літоўскага апошняя кропка яшчэ не пастаўлена. Будуць вывучацца новыя крыніцы, асэнсоўвацца назапашаныя веды, але бясспрэчнай з’яўляецца вялікая роля нашых продкаў як ва ўтварэнні Вялікага княства Літоўскага, так і ў яго гістарычнай спадчыне.