- •Гісторыя як навука
- •2. Фармацыйны і цывілізацыйны падыходы ў вывучэнні гісторыі
- •3. Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі.
- •1.1.2. Першыя цывілізацыі. Узнікненне хрысціянства. Першыя перасяленні народаў
- •1.1.3. Індаеўрапейцы. Пачатак рассялення славян на тэрыторыі Беларусі
- •2. Утварэнне Кіеўскай Русі – раннефеадальнай дзяржавы ўсходніх славян
- •1.3.2.Сацыяльна-эканамічныя і палітычныя перадумовы фарміравання Вялікага княства Літоўскага.
- •1.3.3.Утварэнне вкл, пашырэнне яго тэрыторыі, дынастычная барацьба
- •1.3.4. Палітычная і прававая сістэма. Статуты вкл
- •3. Сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускіх зямель у складзе вкл
- •4. Час крызісаў і Адраджэння: кансалідацыя беларускай народнасці. Рэлігія, духоўнае жыццё і культура Беларусі
- •1.4.2. Рэнесанс, Рэфармацыя і Контррэфармацыя ў Беларусі. Выдатныя дзеячы Адраджэння
- •1.4.3.Фарміраванне беларускай народнасці. Паходжанне назвы «Белая Русь»
- •2.1.2. Утварэнне Рэчы Паспалітай (1569 г.) і статус вкл у яе складзе
- •2. Рэч Паспалітая ў еўрапейскіх канфліктах XVIII ст. Эпоха Асветніцтва: асветнікі і ідэі свабоды
- •2.2.2. Грамадска-палітычнае і сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў XVIII ст.
- •2.2.3. Уплыў эпохі Асветніцтва на сусветную і айчынную культуру
- •3.1.2. Палітыка царызму ў Беларусі ў канцы XVIII - пачатку XIX ст.
- •3.Сацыяльна-палітычнае развіццё Еўропы і зша ў другой палове XIX ст. Рэвалюцыя Мэйдзі ў Японіі
- •4.3.1. Абвастрэнне супярэчнасцей паміж вядучымі краінамі свету
- •4.3.2. Пачатак Другой сусветнай вайны
- •1. Беларусь у перыяд супрацьстаяння сусветных звышдзяржаў
- •5.1.2. Канфрантацыя паміж сусветнымі дзяржавамі. Пачатак «халоднай вайны»
- •5.1.3. Змены ў геапалітычнай сітуацыі ў свеце ў 1960-1980-я гг.
- •5.2.2 Пачатак працэсу дэмакратызацыі ў бсср
- •3. Беларусь на міжнароднай арэне (1944—1990 гг.)
- •5.3.1. Асноўныя этапы знешнепалітычнай дзейнасці бсср у 1944–1990 гг.
- •5.3.2. Дзейнасць Беларусі ў аан і яе арганізацыях
- •5.3.3. Міждзяржаўнае супрацоўніцтва і грамадскія сувязі
- •5.3.4. Знешнеэканамічныя сувязі Беларусі
- •2. Рэспубліка Беларусь у сусветнай супольнасці (1990-2004 гг.)
- •6.2.1. Беларусь і снд
- •6.2.2. Знешнепалітычная дзейнасць Беларусі
- •6.2.3. Міжнародныя эканамічныя, навуковыя і культурныя сувязі Беларусі ў 1991-2004 гг.
- •1. Заканамернасці і адметнасці гістарычнага развіцця Беларусі
- •2. Традыцыйнае і новае ў гісторыі
- •3. Асноўныя вынікі і ўрокі гістарычнага развіцця Беларусі
- •Абавязковай літаратуры па с/м «Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі»
1.3.3.Утварэнне вкл, пашырэнне яго тэрыторыі, дынастычная барацьба
Працэс станаўлення ВКЛ быў працяглым і складаным. Ён адбываўся больш за стагоддзе — з другой чвэрці XIII па трэцюю чвэрць XIV ст. Аб’яднане праходзіла рознымі шляхамі, у тым ліку і шляхам захопу, але ён не быў галоўным. У аб’яднанні балтаў і ўсходніх славян – продкаў беларусаў у адзіную дзяржаву значную ролю адыграў узаемны палітычны інтарэс – неабходнасць супрацьстаяць крыжацкай і мангола-татарскай агрэсіі.
Утварэнне Вялікага княства Літоўскага звязана з імем князя Міндоўга (сярэдзіна 30-х гг., калі ён упамінаецца як князь Літвы – 1263). У 1240-х гг. XIII ст. цэнтрам новай дзяржавы становіцца славянскі Новагародак, у які, на думку М. Ермаловіча, Міндоўг быў запрошаны мясцовымі баярамі на княжанне. 3 палітычнымі мэтамі, каб умацаваць свае пазіцыі, у 1246 г. Міндоўг ахрысціўся са сваімі баярамі ў праваслаўную веру. Амаль няспынная барацьба маладой дзяржавы з кааліцыяй Лівонскага ордэна, Галіцка-Валынскага княства, жамойцкіх, літоўскіх і яцвяжскіх князёў прымусіла Міндоўга пайсці на прымірэнне і саюз з Лівонскім ордэнам. У 1251 г. князь быў ахрышчаны па каталіцкаму абраду, а ў 1253 г. каранаваўся ў Новагародку каралеўскай каронай, прысланай ад імя Папы Рымскага Інакенція IV (Міндоўг — адзіны кароль ВКЛ). Аднак, калі саюз з Рымам не апраўдаў разлікаў караля, ён у 1261 г. адмовіўся ад хрысціянства, пасля чаго яго ўлада была прызнана язычніцкай Жамойціяй. Міндоўг аб’яднаў Літву з Новагародскім княствам. Наконт межаў гэтай дзяржавы гісторыкі спрачаюцца. М. Ермаловіч лічыў, што і Літва Міндоўга, і Новагародскае княства былі на сучаснай тэрыторыі Беларусі. Шэраг гісторыкаў сцвярджаюць, што ўласна Літва ахоплівала таксама Аўкштайцію (усходнюю частку сучаснай Літвы).
У 1263 г. Міндоўг быў забіты ў выніку змовы варожых яму князёў з літоўскага асяроддзя на чале з Даўмонтам і Транятам. Апошні пачаў княжыць «во всей земле Літовской і Жемойці», аднак у 1264 г. быў забіты слугамі Міндоўга.
Вялікім князем стаў сын Міндоўга Войшалк (1264-1267). Ён, абапіраючыся на беларускіх баяр і галіцка-валынскіх князёў, заваяваў балцкія землі Нальшчаны і Дзяволтву, аб’яднаў славянскія Новагародскую, Пінскую, Полацкую і Віцебскую землі. У 1267 г. Войшалк адмовіўся ад трона і пайшоў у манастыр, перадаўшы ўладу свайму швагру галіцкаму князю Шварну Данілавічу (1267-1270). Брат Шварна, Леў Данілавіч, палічыўшы сябе пакрыўджаным, запрасіў Войшалка да сябе ў госці і забіў яго. Шварн, пераадольваючы сепаратызм літоўскіх племянных правадыроў, працягваў аб’яднаўчы працэс і ўмацаванае дзяржавы. Вялікі князь Трайдзень (1270-1282), які прыйшоў на змену Шварну, вёў барацьбу супраць нальшчанскіх феадалаў і Галіцка-Валынскага княства, якое імкнулася замацавацца на Новагародчыне. Трайдзень далучыў да сваіх уладанняў частку балцкага народа – яцвягаў.
Дакладна невядома, хто прыйшоў на змену Трайдзеню на пасаду вялікага князя. У некаторых крыніцах упамінаюцца такія імёны, як Лютавар (Лютувер), Будзікід, Будзівід – яны найменш вядомыя ў гісторыі. Але іх наступнік Віцень (каля 1295-1316) – адметная асоба. У 1307 г. пры Віцені да ВКЛ шляхам дагавора і на правах аўтаноміі было далучана Полацкае княства. Лічыцца, што пры Віцені «Пагоня» стала агульнадзяржаўным гербам ВКЛ.
Пашырэнне тэрыторыі ВКЛ у XIV ст. Значна пашырылася і ўключыла ў сябе амаль поўнасцю тэрыторыю сучаснай Беларусі Вялікае княства Літоўскае пры вялікім князю Гедыміне (1316-1341). Яно стала называцца Вялікае княства Літоўскае і Рускае, дзе рускімі называліся землі Падняпроўя. У 1320 г. у склад ВКЛ увайшла Віцебская зямля, у 1320-1330-я гг. – Берасцейская зямля, Менскае княства і Турава-Пінская зямля. Ў 1323 г. Гедыміна перанёс сталіцу дзяржавы ў Вільню. Гедымін завяшчаў княжацкую пасаду аднаму з малодшых сыноў – Яўнуту, які на ёй знаходзіўся ў 1341-1345 гг. У выніку змовы сваіх братоў Альгерда і Кейстута Яўнут быў пазбаўлены ўлады, яму было перададзена Заслаўскае княства, а вялікім князем стаў Альгерд (1345-1377), яго суправіцелем – Кейстут. Адбыўся падзел дзяржавы на дзве часткі (як мяркуецца, з мэтай больш паслядоўнага правядзення палітыкі ў двух напрамках: у адносінах да Ордэна і Русі). Альгерд узяў сабе ўсходнюю палову з цэнтрам у Вільні. Цэнтрам уладанняў Кейстута сталі Трокі. Пры гэтым Альгерд стаў вярхоўным князем.
Альгерд удвая павялічыў дзяржаву, зрабіўшы яе адной з мацнейшых у Еўропе. Было поўнасцю далучана Беларускае Падняпроўе, у 1355 г. – Бранскае княства. У 1362 г. (у некаторых крыніцах – 1363 г.) Альгерд разбіў татараў у бітве на р Сінія Воды і далучыў да ВКЛ Кіеўскую, Чарнігава-Северскую, Падольскую і Валынскую землі, Мазырскую і Брагінскую воласці. Было падначалена Смаленскае.княства, далучаны жамойцкія землі. Альгерд імкнуўся аб’яднаць пад сваёю ўладаю ўсе рускія землі. У 1368, 1370, 1372 гг. ён зрабіў паходы на Маскву, але не змог яе захапіць. Альгерд прасіў канстанцінопальскага патрыярха ўтварыць у Новагародку праваслаўную мітраполію. Такая ж просьба паступіла і ад князя маскоўскага. Патрыярх задаволіў абедзве просьбы. Некаторыя даследчыкі лічаць, што менавіта з гэтых часоў пачалося працяглае саперніцтва паміж Літвою і Маскоўскай дзяржаваю за палітычную і рэлігійную ўладу ва Усходняй Еўропе.
Дынастычная і рэлігійная барацьба. Ватыкан быў заклапочаны пашырэннем уплыву праваслаўя і павялічыў ціск на ВКЛ з боку Лівонскага ордэна і Польшчы. Пасля смерці Альгерда абвастрыўся канфлікт паміж Кейстутам і Ягайлам Альгердавічам, які па волі бацькі стаў вялікім князем літоўскім (1377-1392). Гэта выкарысталі крыжакі, каб распаліць міжусобную вайну ў ВКЛ. Працяглая барацьба з родзічамі – Кейстутам, старэйшым братам Андрэем, сынам Кейстута Вітаўтам – за ўмацаванне сваёй улады прыводзіць Ягайлу на польскі прастол (Крэўская унія 1385 г.).
Тэкст уніі да нас не дайшоў, аднак вядома, што Ягайла адпаведна уніі перахрысціўся ў каталіцтва, абавязаўся аб’яднаць Польшчу з Літвою, ахрысціць язычнікаў Жамойціі і Аўкштайціі, даў правы на валоданне і поўнае распараджэнне зямлёй феадалам-католікам узамен на права стаць польскім каралём, узяўшы шлюб з польскай каралеўнай Ядзвігай.
Аднак феадалы ВКЛ, найперш праваслаўныя, адчулі небяспеку пагаршэння свайго становішча і адмовіліся прыняць унію. Іх супраціўленне ўзначаліў стрыечны брат Ягайлы Вітаўт. Шляхце ВКЛ удалося адстаяць самастойнасць дзяржавы. Ягайла прызнаў Вітаўта вялікім князем літоўскім (1392—1430). Засталася дынастычная унія і ваенны саюз з Польшчай супраць крыжакоў. Астатнія ўмовы уніі фактычна не былі рэалізаваны. Гэты саюз дазволіў 15 ліпеня 1410 г. нанесці сакрушальнае паражэнне Тэўтонскаму ордэну ў Грунвальдскай бітве і спыніць крыжацкую экспансію на славянскія землі.
У гады праўлення Вітаўта беларуска-літоўская дзяржава дасягнула найвышэйшай магутнасці, займала найбольшую ў сваёй гісторыі тэрыторыю. У 1404 г. да ВКЛ канчаткова было далучана Смаленскае княства, устаноўлены пратэктарат над Разанскай, Пскоўскай, Наўгародскай землямі, пашыраны і ўмацаваны межы на ўзбярэжжы Чорнага мора. Вітаўт правёў адміністрацыйную рэформу і ўмацаваў цэнтральную ўладу, скасаваў аўтаномныя княствы і ўвёў намесніцтвы на чале са сваімі намеснікамі. Калі ўдзельныя князі не супраціўляліся Вітаўту, ён прызначаў іх намеснікамі. Заслугі Вітаўта былі прызнаны Ватыканам і ў 1430 г. яму была паслана каралеўская карона, аданак па дарозе яна знікла, а сам Вітаўт раптоўна памёр.
Адстаяўшы незалежаасць ВКЛ, Вітаўт разам з тым вымушаны быў згадзіцца на пашырэнне каталіцкага ўплыву, шлях якому адкрыў Ягайла. У 1413 г. Вітаўт і Ягайла падпісалі Гарадзельскую унію, якая пашырыла правы каталіцкай шляхты (Гарадзельскі прывілей). Польскія гербы прынялі 47 родаў літоўскага баярства. Так вялікі князь рэкрутаваў ядро шляхецкага саслоўя, на якое думаў абапірацца пасля скасавання сістэмы спадчыннага надзельнага княжання. Было дэкларавана выключнае права феадалаў-католікаў займаць дзяржаўныя пасады. Таму пасля смерці Вітаўта дынастычная барацьба мела даволі выразную рэлігійную афарбоўку, але глыбінным яе сэнсам было імкненне праваслаўных феадалаў захаваць свае маёмасныя і палітычныя правы.
Пасля смерці Вітаўта з’езд беларускіх, літоўскіх і ўкраінскіх баяр у Вільні абраў вялікім князем малодшага брата Ягайлы – Свідрыгайлу (1430-1432). Свідрыгайла ігнараваў прывілеі католікаў і наблізіў да сябе праваслаўных баяр Хадкевічаў, Друцкіх, Палазевічаў. У выніку змовы літоўскіх баяр Свідрыгайла ў 1432 г. быў скінуты з трона і ўцёк у Полацк.
3 перамогаю ў дзяржаве «каталіцкай партыі» вялікім князем літоўскім быў абраны малодшы брат Вітаўта Жыгімонт Кейстутавіч (1432-1440). Яго прызналі Літва, Берасцейская, Менская землі і прынёманскія воласці, астатнія беларускія і ўкраінскія землі захавалі вернасць Свідрыгайлу. Такім чынам, дзяржава фактычна раскалолася на Вялікае княства Літоўскае і Вялікае княства Рускае. Пачалася грамадзянская вайна 1432-1436 гг. Абодва князі імкнуліся перацягнуць на свой бок асноўную частку феадальнага класа – беларускіх і ўкраінскіх баяр, пашыраючы на іх ільготы і прывілеі, дадзеныя феадалам-католікам Гарадзельскім прывілеем 1413 г. У 1432 г. Жыгімонт узнавіў унію з Польшчай. Свідрыгайла пацярпеў паражэнне пад Ашмянамі. У 1435 г. у бітве пад Вількамірам беларуска-ўкраінскае войска Свідрыгайлы, якому дапамагалі крыжакі Лівонскага ордэна, было разбіта польска-літоўскім войскам Жыгімонта. Пасля выдання Жыгімонтам у 1434 г. прывілея аб ўраўнаванні асабістых і маёмасных правоў баяр-католікаў і праваслаўных і перадачы на карысць баяр дзяржаўнай павіннасці дзякла Свідрыгайла страціў падтрымку большасці беларускіх феадалаў. Лівонскі ордэн таксама падпісаў мірны дагавор з Польшчай і адмовіўся падтрымліваць Свідрыгайлу, таму апошні захаваў свае пазіцыі толькі на ўкраінскіх землях. У 1436 г. грамадзянская вайна скончылася перамогай Жыгімонта. Гэта вайна ахапіла толькі вярхі феадалаў, мела дынастычны характар і была барацьбой за палітычную ўладу.
Атрымаўшы перавагу над Свідрыгайлам, Жыгімонт вырашыў вызваліцца з-пад залежнасці ад Польшчы, за што і быў забіты ў выніку змовы ў 1440 г. Паны-рада ВКЛ выбралі ў тым жа годзе вялікім князем малодшага брата польскага караля Уладзіслава III – трынаццацігадовага Казіміра Ягайлавіча (1440-1492), вакол якога склалася рада вопытных дзяржаўных дзеячаў, сярод якіх асабліва вызначаўся віленскі ваявода Ян Гаштольд. Казімір ліквідаваў унію з Польшчай, умацаваў дзяржаву, зрабіўшы некаторыя ўступкі праваслаўным. Пасля гібелі ў бітве з туркамі ў 1445 г. брата – караля Польшчы – Казімір быў выбраны каралём польскімі феадаламі. Гэта было зроблена для аб’яднання ВКЛ з Польшчай. Казімір, пад націскам вярхоў ВКЛ, два гады адмаўляўся прыняць польскую карону і толькі пад пагрозай з боку палякаў пазбавіць яго і велікакняжацкага пасаду ён згадзіўся пераехаць у Кракаў. Перад ад’ездам у Кракаў на каранацыю ў 1447 г. Казімір выдаў прывілей, у якім абавязаўся не парушаць цэласнасці ВКЛ, гарантаваў замяшчэнне свецкіх і духоўных пасад толькі ліцвінскімі феадаламі, ураўнаваў праваслаўных феадалаў з католікамі ў маёмасных правах. Такім чынам, ВКЛ захавала свае правы, адаак страціла ўласнага гаспадара. Казімір застаўся вялікім князем літоўскім «па сумяшчальніцтву». У Кракаве ён цярпеў ўплыў і ўціск польскіх феадалаў і ўсё больш адыходзіў ад інтарэсаў ВКЛ.
Пасля смерці Казіміра вялікім князем стаў яго сын Аляксандр (1492-1506). Пры яго абранні паны-рада – вышэйшы кіруючы орган ВКЛ – паставілі ўмовы аб абмежаванні велікакняжацкай улады: усе найважнейшыя дзяржаўныя справы (абарона краіны, міжнародныя адносіны, выданне законаў, разгляд найважнейшых судовых спраў) вялікі князь павінен быў вырашаць разам з радай. Пры Аляксандры пачаліся войны з Маскоўскай дзяржавай і працягваліся ўсё XVI ст. Праваслаўныя феадалы ВКЛ апынуліся ў апазіцыі да пракаталіцкага ўрада, сярод іх былі распаўсюджаны прамаскоўскія настроі. У канцы XV ст. на службу ў Маскву са сваімі ўдзеламі адышлі князі Бялеўскія, Вяземскія, Бельскія, Мажайскія. У выніку былі страчаны Вяземскае і частка Вярхоўскіх княстваў, землі з Чарнігавам, Старадубам, Гомелем, Бельскае, Таропецкае, частка Мсціслаўскага княства. У гэты ж час узмацніліся і татарскія набегі, але пасля разгрому татараў у 1506 г. пад Клецкам войскам пад кіраўніцтвам Міхаіла Глінскага буйныя татарскія напады на Беларусь не паўтараліся.
Пасля смерці Аляксандра на велікакняжацкі трон быў абраны яго малодшы брат Жыгімонт, які ўвайшоў у гісторыю як Жыгімонт I Стары (1506-1548). Каб захаваць персанальную унію паміж дзяржавамі, польская шляхта праз тры месяцы выбрала Жыгімонта каралём. Аднавіліся войны з Маскоўскай дзяржавай. М. Глінскі, які быў прыбліжаны Аляксандрам і атрымаў адстаўку пры двары Жыгімонта Старога, адкрыта пачаў ствараць апазіцыйную кааліцыю і заручыўся падтрымкаю Масквы. Выступленне Глінскага закончылася паражэннем у 1508 г. і крахам яго амбіцыйных намераў. У 1514 г. быў страчаны Смаленск, але ў 1535 г. Гомель і Любеч адышлі да ВКЛ.
Сутыкнуўшыся з сепаратызмам праваслаўных феадалаў і стратаю зямель, велікакняжацкі ўрад пачаў палітыку ўцягвання праваслаўных феадалаў у палітычную эліту. Былі пашыраны іх зямельныя ўладанні, яны прызначаліся на дзяржаўныя пасады. У 1563 г. быў канчаткова адменены Гарадзельскі прывілей 1413 г. і ўстаноўлена заканадаўчае раўнапраўе шляхты хрысціянскага веравызнання розных каафесій (католікаў, праваслаўных, пратэстантаў).
Яшчэ пры жыцці Жыгімонта Старога на сейме ў Вільні ў 1529 г. вялікім князем быў выбраны яго дзевяцігадовы сын Жыгімонт Аўгуст. Праз два месяцы і польскі сейм выбраў яго каралём. Такім чынам палякі імкнуліся стварыць умовы для спадчыннай манархіі і ўмацавання уніі паміж дзяржавамі.
У 1548 г. памёр Жыгімонт Стары і паўнапраўным польскім каралём і вялікім князем літоўскім стаў Жыгімонт II Аўгуст (1548-1572). Ён правёў адміністрацыйную і гаспадарчую рэформы. Жыгімонт II Аўгуст прыняў у 1559 г. пад пратэктарат Лівонскі ордэн, чым наклікаў на сябе Лівонскую вайну (1558-1582). Незаконна ў 1569 г., напярэдадні Люблінскай уніі, ён далучыў да Польшчы ўкраінскія і падляшскія землі.
Такім чынам, палітычная гісторыя Вялікага княства Літоўскага, Рускага, Жамойцкага і іншых зямель сведчыць аб актыўнай ролі нашых продкаў у станаўленні, пашырэнні і ўмацаванні найвялікшай дзяржавы ва Усходняй Еўропе. Збліжэнне з Польшчай пасля Крэўскай уніі аслабіла ўплыў беларускіх феадалаў у палітыцы, прымусіла іх пераходзіць у каталіцтва, а разам з тым і паланізавацца, але працягвалася паступовае развіццё эканомікі, прававых інстытутаў, поліэтнічнай культуры.
