Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Новая лекцыя №1.doc
Скачиваний:
2
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
606 Кб
Скачать
☆

6. Правапіс складаных прыметнікаў.

Складаныя прыметнікі пішуцца разам або праз злучок. Пішуцца разам:

1. Прыметнікі, утвораныя ад складаных назоўнікаў, якія пішуцца разам: Светлагорск – светлагорскі, Салігорск – салігорскі, Наваполацк – наваполацкі, Верхнядзвінск – верхнядзвінскі, Краснаполле – краснапольскі, Маларыта – маларыцкі, Слаўгарад – слаўгарадскі, авіямадэль – авіямадэльны, параход – параходны.

2. Складаныя прыметнікі, утвораныя складана-суфіксальным спосабам ад спалучэння назоўніка з іншымі часцінамі мовы – прыметнікам: сельская гаспадарка – сельскагаспадарчы, правы бераг – правабярэжны; лічэбнікам – два паверхі – двухпавярховы, тры гады – трохгадовы; займеннікам – іншая мова – іншамоўны. У такіх словазлучэннях – падпарадкавальная сувязь.

Прыметнікі, утвораныя ад складаных геаграфічных назваў, у якіх словы звязаны падпарадкавальнай сувяззю (словазлучэнне назоўніка з прыметнікам), таксама пішуцца разам: Старыя Дарогі – старадарожскі, Мар‘іна Горка – мар’інагорскі, Далёкі Усход – далёкаўсходні, Лацінская Амерыка – лацінаамерыканскі.

3. Складаныя прыметнікі, утвораныя спосабам словаскладання са спалучэння прыслоўя і прыметніка, прыслоўя і дзеепрыметніка, калі яны абазначаюць адно паняцце: вечназялёны, высокакваліфікаваны, шчырапаважаны, дзікарослы, супрацьлеглы, маланаселены.

Заўвага. Ад прыметнікаў, у склад якіх уваходзіць прыслоўе, трэба адрозніваць словазлучэнні прыслоўяў і прыметнікаў (дзеепрыметнікаў), якія пішуцца асобна. У словазлучэннях кожнае слова захоўвае свой націск, выконвае ролю самастойнага члена сказа, іх можна пераставіць месцамі, паставіць пытанне да прыслоўя. Параўн.: шчырапаважаны і шчыра сказанае слова (сказанае як? – шчыра).

4. Прыметнікі тыпу індаеўрапейскі, шматскладовы, металарэзны, усходнеславянскі (большасць з іх утворана складана-суфіксальным спосабам).

Пішуцца праз злучок:

1. Прыметнікі, утвораныя ад складаных назоўнікаў, якія пішуцца праз злучок: Давыд-Гарадок – давыд-гарадоцкі, Буда-Кашалёва – буда-кашалёўскі, сацыял-дэмакрат – сацыял-дэмакратычны, дызель-матор – дызель-маторны, Улан-Батар – улан-батарскі, Кажан-Гарадок – кажан-гарадоцкі.

2. Складаныя прыметнікі, утвораныя з двух і больш прыметнікаў, звязаных паміж сабой як раўнапраўныя (паміж імі можна паставіць злучнікі і, але): беларуска-рускі слоўнік, гісторыка-філалагічны факультэт, грамадска-палітычная дзейнасць, нямецка-руска-беларускі слоўнік.

3. Складаныя прыметнікі, утвораныя асноваскладаннем ад двух ці больш прыметнікаў, якія абазначаюць якасць з дадатковым адценнем (колеру, смаку) ці спалучэнні якасцей: светла-блакітны, цёмна-зялёны, ярка-жоўты, чырвона-карычневы, бел-чырвона-белы, горка-салёны, кісла-салодкі.

4. Складаныя прыметнікі з першай часткай усходне-, заходне-, паўночна-, паўднёва-, якія ўваходзяць у склад геаграфічных назваў: Усходне-Казахстанская вобласць, Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка, Усходне-Еўрапейская раўніна, Заходне-Сібірская нізіна, Паўночна-Ціхаакіянскае цячэнне.

5..Складаныя прыметнікі, якія абазначаюць прамежкавыя напрамкі свету: паўночна-заходні , паўднёва-ўсходні.

6. Прыметнікі, утвораныя са спалучэння імя і прозвішча: леў-талстоўскі, рамэн-раланаўскі.