- •Марфалагічныя нормы сучаснай беларускай літаратурнай мовы (назоўнік, прыметнік, займеннік, лічэбнік, дзеяслоў, дзеепрыметнік, дзеепрыслоўе, прыслоўе) Асноўныя пытанні
- •Асноўная літаратура.
- •Дадатковая літаратура
- •1. Несупадзенне ў родзе, ліку і скланенні некаторых назоўнікаў у беларускай і рускай мовах.
- •2. Асаблівасці скланення назоўнікаў у адзіночным і множным ліку. Нескланяльныя назоўнікі.
- •3. Асаблівасці скланення прозвішчаў, імёнаў і геаграфічных назваў.
- •Скланенне прозвішчаў на -а (-я)
- •4. Правапіс уласных імёнаў.
- •6. Асаблівасці функцыянавання назоўніка ў тэрміналогіі:
- •5. Правапіс складаных назоўнікаў.
- •1. Утварэнне і ўжыванне формаў ступеней параўнання якасных прыметнікаў.
- •2. Формы прыметнікаў са значэннем ацэнкі і меры якасці.
- •3. Выкарыстанне элятыўных формаў у беларускай і рускай мовах (формы вышэйшай і найвышэйшай ступеней параўнання прыметнікаў).
- •4. Прыналежныя прыметнікі і іх утварэнне ў беларускай мове.
- •5. Правапіс суфіксаў прыметнікаў.
- •6. Правапіс складаных прыметнікаў.
- •4. Асаблівасці функцыянавання прыметніка ў тэрміналогіі:
- •1. Займеннік як часціна мовы.
- •2. Разрады займеннікаў, IX характарыстыка.
- •1. Ужыванне лічэбнікаў з назоўнікамі.
- •2. Скланенне і правапіс лічэбнікаў.
- •3. Лічэбнік у складзе тэрміналагічных спалучэнняў.
- •V. Дзеяслоў.
- •1. Спецыфіка спражэння. Правапіс асабовых канчаткаў дзеясловаў.
- •2. Ужыванне суфіксаў дзеясловаў.
- •3. Дзеяслоўная тэрміналагічная лексіка.
- •V. Дзеепрыметнік.
- •1. Дзеепрыметнік як форма дзеяслова.
- •2. Асаблівасці ўтварэння і ўжывання дзеепрыметнікаў у беларускай мове.
- •3. Спосабы перадачы дзеепрыметнікаў пры перакладзе з рускай мовы на беларускую.
- •Viі. Дзеепрыслоўе.
- •1. Дзеепрыслоўе як форма дзеяслова.
- •2. Асаблівасці ўтварэння і ўжывання дзеепрыслоўяў у беларускай мове.
- •Viiі. Прыслоўе.
- •1. Прыслоўе як часціна мовы.
- •2. Асаблівасці ўтварэння і ўжывання формаў ступеней параўнання прыслоўяў у адрозненне ад рускай мовы.
- •3. Правапіс прыслоўяў.
5. Правапіс складаных назоўнікаў.
Разам (у адно слова) пішуцца складаныя назоўнікі:
● утвораныя з дапамогай злучальных галосных: вадасховішча, кнігазбор;
● з першай часткай іншамоўнага паходжання: авія, агра, -аўта, аэра-, біё- (бія-), вела-, зоа-, грос-, макра-, мікра-, метэа-, кіна-, стэрэа-, фота-, электра- і інш.: агракомплекс, велазавод, гросмайстар, мікраэлементы;
● першая частка якіх – дзеясловы загаднага ладу на -і, -ы: гарыцвет, вярнідуб (але: перакаці-поле);
● складанаскарочаныя словы усіх тыпаў утварэння: сельсавет, гаркам;
● другой часткай якіх з’яўляюцца -горск, -град, -горад: Пяцігорск, Петраград, Слаўгарад.
Праз злучок пішуцца назоўнікі:
● якія складаюцца з двух самастойных назоўнікаў, не звязаных злучальным галосным (яны маюць значэнне аднаго паняцця): прэм’ер-міністр, баба-яга, вагон-рэстаран, генерал-маёр, хата-чытальня;
● якія абазначаюць адзінкі вымярэння: кілават-гадзіна, тона-кіламетр, чалавека-дзень (але: працадзень);
● якія абазначаюць палітычныя партыі і напрамкі, а таксама іх прыхільнікаў: сацыял-дэмакрат (-ыя), ліберал-рэфармізм;
● іншамоўныя назвы прамежкавых кірункаў свету: норд-ост, норд-вест, зюйд-ост, зюйд-вест;
● назоўнікі з першай іншамоўнай часткай обер-, унтэр-, лейб-, штаб-, віцэ-, экс-: лейб-гвардыя, экс-прэзідэнт, штаб-кватэра. Сюды адносіцца і слова контр-адмірал;
● уласныя назвы з часткай паў-: паў-Мінска, паў-Беларусі, паў-Еўропы;
● геаграфічныя назвы з будовай назоўнік + назоўнік або назоўнік + прыметнік: Буда-Кашалёва, Гусь-Хрустальны; злучэнне слоў з прыназоўнікам на: Растоў-на-Доне, Камсамольск-на-Амуры;
● назвы населеных пунктаў з першай часткай усць-, верх-: Усць-Каменагорск, Верх-Ірмень;
● некаторыя назвы зпершай часткай нова- (нава-), стара-: Нова-Вязнікі (але: Новалукомль, Наваполацк);
● састаўныя імёны і прозвішчы: Дунін-Марцінкевіч, Жаліо-Кюры, Эпімах-Шыпіла, Доўнар-Запольскі;
● назоўнікі з аднаслоўным постпазіцыйным прыдаткам: дзед-мароз, горад-герой, лён-даўгунец, вецер-сухавей; а таксама з прэпазіцыйным прыдаткам, выражаным уласным назоўнікам: над Арэсай-ракой.
6. Асаблівасці функцыянавання назоўніка ў тэрміналогіі:
а) пашырэнне формы множнага ліку;
б) ужыванне родавых варыянтаў;
в)тэрміналагізаваныя формы суб’ектыўнай ацэнкі;
г) ужыванне склонавых формаў.
Для назоўнікаў уласцівы граматычныя катэгорыі роду, ліку і склону, якія функцыянуюць як у тэрміналогіі, так і ў марфалагічнай сістэме літаратурнай мовы. Што датычыць адрозненняў, то яны ідуць у агульным русле развіцця граматычнай сістэмы беларускай мовы.
Так, у тэрміналогіі для пэўнай часткі назоўнікаў адзначаны выпадкі ўжывання форм множнага ліку замест адзіночнага, у той час як у агульналітаратурнай мове для гэтых назоўнікаў формы множнага ліку менш характэрны. Адбываецца гэта ў асноўным тады, калі ў той ці іншай галіне навукі або тэхнікі, у практыцы фарміруецца і вылучаецца спецыяльнае значэнне ў адрозненне ад значэння, перадаваемага назоўнікам у форме адзіночнага ліку. Тут перш за ўсё трэба адзначыць рэчыўныя назоўнікі, якія не маюць формы множнага ліку, таму што абазначаюць паняцці (рэаліі), якія не паддаюцца лічэнню як асобна ўзятыя прадметы. Групу рэчыўных назоўнікаў складаюць назвы карысных выкапняў, металаў, газаў, назвы грунту, назвы злакаў, траў, агародных культур, ягад, назвы харчовых прадуктаў, назвы тканін, розных матэрыялаў, назвы прыродных з’яў і некаторыя іншыя. Але ў сілу таго, што ўзнікае неабходнасць абазначаць від, сорт рэчыва, пачынае выкарыстоўвацца форма множнага ліку: спірт – спірты (аднаатамныя, двухатамныя, чатырохатамныя, араматычныя), смала – смолы (араматычныя, мінеральныя, сінтэтычныя, фенольныя), соль – солі (калійныя, мінеральныя), віно – віны (дысертныя, сталовыя), вада – воды (бытавыя, сцёкавыя, дрэйфуючыя, падземныя, напорныя, сярністыя, мінералізаваныя, грунтавыя), глеба – глебы (кіслыя, лёгкія, інтразанальныя, рэліктавыя, лесастэпавыя), метал – металы (плацінавай групы, высакародныя, каляровыя, лёгкія, чорныя), масла – маслы (змазачныя, летнія, сівушныя, сінтэтычныя, эфірныя, індустрыяльныя, нізкавязкія, аўтамабільныя), тытунь – тытуні (дзікарослыя, пахучыя), руда – руды (каляровых металаў, бедныя) і інш.
Як відаць з прыведзеных прыкладаў, формы множнага ліку рэчыўных назоўнікаў утвараюцца лёгка і даюць магчымасць выразіць паняцці і з’явы, якія ўзнікаюць у розных абласцях навукі, тэхнікі і іншых сферах. Але часам узнікаюць даволі складаныя сітуацыі. Напрыклад, у рускай тэрміналогіі выкарыстоўваецца назоўнік пар звычайна ў адзіночным ліку, калі гутарка ідзе пра газ, у які ператвараецца вада пры награванні (водяной пар, отработанный пар, капилллярный пар, пар высокого давления, сухой пар, пар низкого давления і інш.). Форма множнага ліку ад пар (маецца на ўвазе вадзяны пар) ужываецца толькі ў некаторых устойлівых словазлучэннях: поднять пары, под парами (пра паравоз, параход, якія гатовы ў любую мінуту рушыць у дарогу). Для абазначэння выпарэнняў некаторых вадкасных рэчываў у рускай тэрміналогіі ўжываецца форма множнага ліку пары (пары камфары, пары бензина, пары ртути, ртутные пары). Перакладныя руска-беларускія слоўнікі рускае пар перадаюць словам пара і даюць памету аб адсутнасці ў беларускай мове формы множнага ліку. У рускай частцы перакладных слоўнікаў не падаецца адценне значэння ‘выпарэнні некаторых рэчываў’, для якога ў рускай мове выкарыстоўваецца форма множнага ліку пары. Таму рускае словазлучэнне пары камфары перакладаецца як пара камфоры (гл.: Русско-белорусский словарь. Т. ІІ. 1982; Т. ІІ. 1993). Услед за гэтымі слоўнікамі беларускія тэрміналагічныя слоўнікі таксама падаюць толькі форму адзіночнага ліку. Напрыклад: іртутная пара (Руска-беларускі фізічны слоўнік), пары смазки могут воспламениться – пара змазкі можа ўзгарэцца (Русско-белорусско-английский толковый словарь в области трения, изнашивания и смазки).
Іншы падыход да гэтага пытання назіраецца ў “Руска-беларускім слоўніку матэматычных, фізічных і тэхнічных тэрмінаў”. Аўтары слоўніка прытрымліваюцца думкі, што ў адрозненне ад агульналітаратурнай мовы ў тэрміналогіі больш шырока ўжываюцца формы множнага ліку. Таму ў іх слоўніку можна знайсці чыгуны (пра сплавы чыгуну) – высокатрывалыя чыгуны; духі – спектральныя духі (фізічныя палі); маслы (тэхнічныя); пары – пары карбанілзмяшчальных араматычных кетонаў, пары адыходзячыя, пары ртуці, пары складанамалекулярныя, атмасфера пароў ртуці (параўн. у гэтым жа слоўніку: пара капілярная, пара вадзяная, пара насычаная – пра вадзянуную пару).
Калі такія формы множнага ліку, як чыгуны, маслы і некаторыя іншыя падаюцца згодна з формаўтваральнай і акцэнтнай сістэмамі адпаведных разрадаў назоўнікаў (параўн. чыгуны – сталы, дубы; маслы – вокны, сёлы, колы), то форма множнага ліку пары (пары ртуці, атмасфера пароў ртуці) не адпавядае схеме ўтварэння форм множнага ліку ад назоўнікаў жаночага роду, дзе ў назоўным склоне множнага ліку канчатак ненаціскны (параўн. хата – хаты, кніга – кнігі, гара – горы і г.д.). Таму, відаць, пры неабходнасці выкарыстання форм множнага ліку ад назоўнікаў жаночага роду трэба прытрымлівацца агульнага правіла і канкрэтна ад назоўніка пара ўжываць множны лік пары (пары камфоры, пары спірту), хаця гэта на першы погляд і нязвычна. Падобная сітуацыя ўзнікае і пры перакладзе з рускай мовы тэрміна веса входов, у якім падкрэсліваецца множнасць, неаднаразовасць. Як быць у дадзеным выпадку, на чым спыніцца: вагі ўваходаў (мн. л.) ці вага ўваходаў (адз. л.)?
Форма множнага ліку рэчыўных назоўнікаў, а таксама абстрактных назоўнікаў, якія абазначаюць дзеянне, выкарыстоўваецца і для абазначэння вялікай колькасці: пясок – пяскі пустыні, вада – воды акіяна, снег – вечныя снягі, надой – месячныя надоі, біццё – індыкатар біццяў, рэжым біццяў, цеч – выяўляльнік цечаў, шум — спектр шумоў і інш.
У тэрміналогіі намнога шырэй ужываюцца ў множным ліку некаторыя абстрактныя назоўнікі, набываючы пры гэтым часта канкрэтнае значэнне: ёмістасць – ёмістасці (напоўніць ёмістасці газам, емістасці з гаручым), магутнасць – магутнасці (увод у дзеянне новых энергетычных магутнасцей), вузкасць – вузкасці (вузкая частка фарватэру), стан – станы (тэарэма гранічных станаў), асяроддзе – асяроддзі (абагачэнне ў цяжкіх асяроддзях), зона – зоны (зоны высокіх энергій), тэмпература – тэмпературы (зона тэмператур ператварэння), дэфармацыя – дэфармацыі (зона дэфармацый). Вядома, што ў агульналітаратурнай мове такія ўтварэнні пашырэння не маюць.
Выкарыстоўваецца форма множнага ліку для абазначэння абагульненай назвы групы аднародных па нейкай прыкмеце рэчываў (прадметаў), кожны з якіх мае спецыяльную назву, а ўсе разам называюцца іншым словам, якое і ўжываецца ў множным ліку. Напрыкдад, сапрафіты (расліны, у якіх адсутнічае хларафіл), баніфікатары (рэчывы, якія дабаўляюць у рабочыя саставы з мэтай палепшыць іх якасць), ападкі (дождж, раса), караціноіды (расліны, якія ўтрымліваюць карацін), а таксама фікаміцэты, фікамікозы і інш.
Вельмі шырока ў біялагічнай і батанічнай тэрміналогіі выкарыстоўваецца форма множнага ліку для называння сямействаў, атрадаў, падатрадаў флоры і фаўны: даўганосікі ‘сямейства жукоў з падатрада разнаядных’ і дауганосік (арэхавы, бярозавы, гарохавы, бурачны звычайны), соўкі ‘сямейства матылькоў з атрада лускакрылых’ і соўка (агародная, сасновая, капусная), папараці ‘сямейства’ і папараць (мужчынская, жаночая, Лінэя).
Адносна ўжывання родавых варыянтаў назоўнікаў трэба заўважыць, што разыходжанні паміж агульналітаратурнай мовай і тэрміналогіяй адзінкавыя. Так, у літаратурнай мове ўжываецца эпюра ж., крэмальер м., кампанент м., а ў тэрміналогіі адзначаны эпюр м. і эпюра ж., крэмальер м. і крэмальера ж., кампанент м. і кампанента ж. Прычым у тэрміналогіі ўжываецца пераважна форма кампанента ж.: кампанента вектара, кампанента звязаная, кампанента другасная, кампанента пранікальная, кампанента газавага асяроддзя, кампанента ВКР першая стоксава, кампанента пункта, кампанента сінгулярная і інш.
У літаратурнай мове ёсць паралельныя формы тыпу стол – столік, талерка – талерачка, долата – долатца, якія звязаны з выражэннем аб’ектыўнай памяншальнасці. Але, напрыклад, у парах тыпу сонца – сонейка, хвіліна – хвілінка, сын – сынок адсутнічае значэнне аб’ектыўнай памяншальнасці і адлюстроўваецца толькі суб’ектыўна-эмацыянальнае значэнне. Да асаблівасцей тэрміналагічнай лексікі трэба аднесці адсутнасць у ёй рэгулярна ўтвараемых форм суб’ектыўнай ацэнкі. Але гэта асаблівасць у пэўнай ступені мае адносны характар, таму што ў некаторых тэрмінасістэмах адзначаюцца ўтварэнні тыпу галінка, шчыток, слупок, раслінка, кошык, каташок, мосцік, галоўка, кручок, кулачок, бурцік і інш. Гэта так званыя тэрміналагізаваныя формы суб’ектыўнай ацэнкі. Прычым у тэрміналагічнай лексіцы, у адрозненне ад лексікі агульналітаратурнай, паралелізм тыпу галіна – галінка, шчыт – шчыток, сеялка – сеялачка абумоўлены толькі аб’ектыўнай памяншальнасцю, базіруецца на аб’ектыўных крытэрыях экстралінгвістычнага характару. Напрыклад: сіта тэхн. ‘род рэшата для прасейвання’ (сартавальнае сіта, вібрацыйнае сіта, барабаннае сіта) і сітца ‘прыстасаванне для працэджвання малака’ (цадзільнае сітца); хмызнякі ‘шматгадовыя дрэўныя расліны вышынёй 0,8 – 6 м, якія галіняцца ля самай зямлі і не маюць галоўнага ствала’ і хмызнячкі ‘нізкарослыя – да 60 см – хмызнякі, працягласць жыцця якіх 5 – 10 гадоў’; баразна ‘паглыбленне на глебе для праходу, сцёку вады’ (крайняя баразна, сцёкавая баразна, глыбокая баразна) і баразёнка (паліўная баразёнка, маркёрная баразёнка); шчыт ‘дошка, на якой зманціраваны вымяральныя і кантрольныя прыборы’ (шчыт пераключэнняў, падшыпнікавы шчыт, шчыт кіравання) і шчыток (шчыток з плаўкімі засцерагальнікамі); рухавік (двухфазны, дызельны, газатурбінны) і рухавічок (рухавічок патэнцыямера); рычаг (рычаг аўтаспуска, рычаг клапана) і рычажок (рычажок компаса); а таксама электрапліта і электраплітка, махавік і махавічок і інш.
Але ў тэрміналогіі ёсць лексікалізаваныя формы суб’ектыўнай ацэнкі, якія не маюць суадносных зыходных форм. Напрыклад, у батанічнай тэрміналогіі: гарлачык, слупок, песцік, парасонік, рыльца, каробачка, пладаножка; у энтамалогіі: кукалка, лічынка, конік; у тэхніцы: галоўка, ручка; у лінгвістыцы: дужкі, радок; у біялогіі: хрусталік (крышталік); у пчалярскай тэрміналогіі: малачко; у электратэхніцы: пеўнік калектарны, зайчык (светлавы) і інш.
Нягледзячы на тое, што экспрэсіўнасць і з’яўленне памяншальных форм, абумоўленых выражэннем суб’ектыўна-эмацыянальнага значэння, не характэрны для тэрміналогіі, асобныя словы з разраду прафесіяналізмаў характарызуюцца вобразнасцю і маюць пэўны элемент суб’ектыўнай ацэнкі, напрыклад пузанчык ‘сорт сланечніка з кароткімі трўстымі зярняткамі’. Сюды можна дабавіць і арол-карлік, а магчыма, і такія ўтварэнні, як атам-гаспадар арол-магільнік. Хаця ў двух апошніх прыкладах не памяншальная форма, аднак адчуваецца наяўнасць нейкай экспрэсіўнасці.
Некалькі заўваг адносна склонавых форм. У першую чаргу звяртае на сябе ўвагу ўжыванне канчаткаў роднага склону множнага ліку. Аўтары некаторых тэрміналагічных слоўнікаў ігнаруюць патрабаванні граматык адносна размеркавання канчаткаў роднага склону ў залежнасці ад тыпу скланення і будовы асновы. Так, у назоўніках жаночага роду на -а з асновай на адзін зычны, для якіх граматыкі рэкамендуюць нулявы канчатак, перавага аддаецца канчатку -аў (-яў): вось абцысаў (?), тэорыя групаў, вось ардынатаў, алгебра падзеяў, прынцып адпаведнасці межаў, пучок акружынаў (Тэрміналагічны слоўнік па вышэйшай матэматыцы для ВНУ); механіка горных пародаў, пачатак каардынатаў, рэляцыя фазаў, абсяг высокіх энергіяў, шкала глыбіняў, абсяг прамежкавых энергіяў, дыяпазон напругаў, эліпсоід напругаў (маецца на ўвазе напружанняў), дыяпазон тэмператураў, дыяпазон радыёчасціняў (маецца на ўвазе радыёчастот), часціня пульсацыяў, дыфракцыя хваляў, ізамерыя малекулаў, цэнтр фарбавання масаў, інтэрвал між лініяў дублета, плячо пары сілаў, правіла сумаў, прастора падзеяў (Руска-беларускі фізічны слоўнік); працэс утварэння ямкаў, у выніку ўздзеяння цвёрдых целаў ці часцінкаў, машынаў, часткаў аднаго і таго ж цела, ад умоваў церця, мяжа падзення дзвюх фазаў, кавітацыйнае зношванне тэрмічных нагрузкаў, працэс разбурэння паверхняў дэталяў машынаў, дзвюх фазаў, аліваў, пад уплывам аксідных і хлёрных плёнкаў (Русско-белорусско-английский словарь в области трения, изнашивания и смазки).
Назоўнікі з чыстай асновай (Ш скланенне) таксама ўжываюцца з канчаткам -яў: дотык мнагастайнасцяў, лінія роўных ступеняў, тэорыя імавернасцяў, пара плоскасцяў, выбар з дзвюх магчымасцяў, прывядзенне да галоўных восяў і інш. (Тэрміналагічны слоўнік па вышэйшай матэматыцы для ВНУ); паварот восяў каардынатаў, дынаміка вадкасцяў, эпюра хуткасцяў і інш. (Руска-беларускі фізічны слоўнік); узаемадзеянне дэталяў, задаваць адлегласць пункта ад умоўна выбраных плоскасцяў (Русско-белорусский словарь электротехнических терминов); для вылучэння няроўнасцяў, падзел паверхняў дэталяў, плыняў і інш. (Русско-белорусско-английский толковый словарь в области трения, изнашивания и смазки).
Як відаць з прыведзеных вышэй прыкладаў, канчатак -аў (-яў) ужываецца не толькі ў тых групах назоўнікаў, для якіх у граматыках дапускаюцца варыянтныя формы з нулявым канчаткам і канчаткам -аў (‑яў), але і ў назоўніках з асновай на г, к, х (тыпу напруга, часцінка, плёнка), у назоўніках на -ія (-ыя) (тьпу энергія, пульсацыя) і наогул у шматскладовых назоўніках (тыпу глыбіня, радыёчасціня, машына), для якіх граматыкі падаюць толькі формы з нулявым канчаткам.
З’ява разбурэння, размывання тыпаў скланення, засілле канчатка -аў (‑яў) у назоўніках жаночага роду на -а (-я) і з чыстай асновай даволі распаўсюджана ў вуснай моўнай практыцы пэўнай часткі носьбітаў беларускай мовы, а наяўнасць гэтых канчаткаў у некаторых газетах і часопісах, як бачым, была падставай для адлюстравання іх ў некаторых тэрміналагічных слоўніках, што таксама адмоўна адбіваецца на нарматыўных канонах літаратурнай мовы. Тэрміналагічныя слоўнікі як адзін са сродкаў укаранення прапаганды нарматыўнай беларускай мовы, здаецца, не павінны ісці ўразрэз з існуючым правапісам і рэкамендацыямі граматык.
Маюць месца памылкі і ва ўжыванні канчаткаў роднага склону адзіночнага ліку назоўнікаў мужчынскага роду. Напрыклад, у “Тэрміналагічным слоўніку па вышэйшай матэматыцы для ВНУ”: падвышэнне да кубу (трэба куба), знак радыкалу (трэба радыкала); “Русско-белорусский математический словарь” дае: базіс – базіса (трэба базісу), мнагасклад – мнагаскладу, аднасклад – аднаскладу (маецца на ўвазе мнагачлен), атам – атаму замест нарматыўных форм з канчаткам ‑а, лагіцызм – лагіцызму (трэба лагіцызма); “Русско-белорусско-английский словарь в областн трения, изнашивания и смазки” дае ў тэксце: абумоўлены дэфармаваннем паверхневага пласту менш жорсткага элемента паверхневага пласту (трэба пласта), змазкавага матэрыяла і дадатка да адлівы (трэба матэрыялу, дадатку); у “Кароткім руска-беларуска-англійскім слоўніку машынабудаўнічага профілю” даецца: выдаленне ападка (трэба асадку).
7. Асаблівасці ўтварэння назоўнікаў-тэрмінаў (гл. тэарэтычны матэрыял “Лексічная сістэма беларускай літаратурнай мовы)”.
ІІ. Прыметнік.
