Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Новая лекцыя №1.doc
Скачиваний:
2
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
606 Кб
Скачать
☆

4. Правапіс уласных імёнаў.

Напісанне вялікай літары: вялікая (прапісная) літара ўжываецца ў дзвюх функцыях: 1) для вылучэння пэўных частак тэксту – сказаў, вершаваных радкоў; 2) для вылучэння ў тэксце ўласных імёнаў, ці, інакш, для размежавання ўласных і агульных імёнаў: раман і Раман, цётка і Цётка;

Асноўны прынцып правапісу вялікай літары можа быць вызначаны як лексіка-граматычны. Сутнасць яго ў тым, што ўласныя назоўнікі пішуцца з вялікай літары, агульныя – з малой. Арфаграфічныя цяжкасці ўзнікаюць часам з-за невыразнасці мяжы паміж уласнымі і агульнымі назоўнікамі: гарадок і Гарадок (назва мястэчка);

З вялікай літары пішуцца:

а) імёны, імёны па бацьку, прозвішчы, псеўданімы, празванні (мянушкі) людзей, клічкі жывёл; геаграфічныя і астранамічныя назвы; назвы кніг, газет, часопісаў, устаноў, заводаў, акцыянерных таварыстваў, сельскагаспадарчых прадпрыемстваў (бяруцца ў двукоссе) інш.: Платонаў Уладзімір Пятровіч, Кавалеўская Соф’я Васільеўна, Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч (Якуб Колас), аповесць “Абеліск”, часопіс “Полымя”, выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя”, завод “Ударнік”, сумеснае прадпрыемства адкрытае акцыянернае таварыства (СП ААТ) “Брэстгазаапарат”, сельскагаспадарчае прадпрыемства (СКП) “Чарнаўчыцы”, Еўропа, Буг, Брэстчына, Сонца, Сатурн, кінатэатр “Беларусь”, аўтамашына “Жыгулі” і інш.;

* артыклі, прыназоўнікі і часціцы пры замежных прозвішчах і імёнах людзей пішуцца з малой літары, калі яны выступаюць адасоблена: Вільгельм фон Гумбальт Людвіг ван Бетховен, Леанарда да Вінчы, Лопэ дэ Вэга, калі ж яны зліліся з асабовым найменнем, то пішуцца з вялікай літары: Вандэрвэльдзе, Лагранж, Лафантэн, Ванкувер;

* прозвішчы і імёны, якія перайшлі ў агульныя назвы, пішуцца з малой літары (навуковыя тэрміны): ом, джоўль, ампер, рэнтген, кулон, вольт;

* з малой літары пішуцца прыслоўі, утвораныя ад розных уласных найменняў: па-чабышоўску (метад), па-барэлеўску (алгебра), па-чаплыгінску (няроўнасць);

б) прозвішчы ў множным ліку, калі яны выступаюць як назвы роду: Агінскія, Радзівілы, Сапегі, Скірмунты, Раманавы.

Заўвага. Прозвішчы літаратурных персанажаў або ўласныя імёны людзей пішуцца з малой літары, калі яны ўжываюцца як агульныя, родавыя назвы з пагардлівым сэнсам: гарлахвацкія, абломавы, квіслінгі. З малой літары пішуцца і індывідуальныя назвы, якія страцілі значэнне ўласных імён і набылі значэнне агульнай назвы: донжуан, лавелас, галіфэ, форд (аўтамабіль). Калі ж уласныя імёны яшчэ не ператварыліся ў агульныя, а толькі часам ужываюцца са значэннем агульнай назвы, то яны пішуцца з вялікай літары: Лабачэўскія, Платонавы;

* назвы плямён, народаў пішуцца з малой літары: беларусы, дрыгавічы, драўляне, яцвягі, валыняне;

в) міфалагічныя і рэлігійныя індывідуальныя назвы: Ісус Хрыстос, Багародзіца Дзева Марыя;

* агульныя назвы роду (відаў) міфалагічных асоб пішуцца з малой літары: анёл, фея, муза, вадзянік, русалка;

г) назвы вышэйшых ганаровых і воінскіх званняў, выключна значных тытулаў і асоб: Прэзідэнт, Папа, Каралева;

* назвы такіх пасад і тытулаў, якія ўжываюцца ў агульным значэнні, пішуцца з малой літары: беларускі прэзідэнт, пасада галоўнакамандуючага, міністр, заслужаны дзеяч навукі;

д) прыналежныя прыметнікі, утвораныя ад уласных імён пры дапамозе суфіксаў -ев- (-ёв-, -ёў-), -оў- (-ав-, -аў-): Купалаў верш, Міхасёў сшытак, Рыгораў брат, Коласавы творы, Зеўсаў гнеў, Мурчыны кацяняты, а таксама прыметнікі, якія ўваходзяць у склад назваў, сінанімічных назвам са словамі імя, памяці: Нобелелеўская прэмія, Карскія чытанні;

* прыметнікі ў складаных навуковых тэрмінах пішуцца з малой літары: дэкартаў квадрат, булева кольца, банахавы краты;

* з малой літары пішуцца прыметнікі ў фразеалагізмах: ахілесава пята, адамаў яблык, гордзіеў вузел;

* прыметнікі, утвораныя з дапамогай суфіксаў -аўск-, -еўск-, -інск- не суадносныя са словамі імя, памяці пішуцца з малой літары: купалаўскія творы, гегелеўская дыялектыка, сталінскія рэпрэсіі;

е) абрэвіятуры, якія чытаюцца па назвах літар: ІПС – інфармацыйна-пошукавая сістэма, ЭВМ – электронная вылічальная машына, а таксама абрэвіятуры, якія чытаюцца па гуках і ўтвораны ад уласнай назвы: ААН – Арганізацыя Аб’яднаных Нацый;

* абрэвіятуры, якія чытаюцца па гуках і ўтвораны ад агульнай назвы, пішуцца з малой літары: цвэл – цеплавыдзяляючы элемент, фэр – фізічны эквівалент рэнтгена.

З вялікай літары пішацца першае слова:

а) у словах, якія ўваходзяць у склад назваў геаграфічных аб’ектаў, гістарычных падзей і інш.: Магеланаў праліў, Брэсцкая вобласць, Варфаламееўская ноч;

б) у назвах свят, ушанаванняў і знамянальных дат: Першае мая (1 Мая), Міжнародны жаночы дзень, Сусветны дзень моладзі;

в) у назвах гістарычных падзей, гістарычных дакументаў, твораў мастацтва: Парыжская камуна, Аршанская бітва, Літоўская метрыка;

г) назвах міністэрстваў, мясцовых і цэнтральных дзяржаўных устаноў і арганізацый, прадпрыемстваў, міжнародных і дзяржаўных законаў і інш.: Міністэрства адукацыі, Брэсцкі дзяржаўны універсітэт, Мінскі трактарны завод, Дэкларацыя правоў чалавека;

д) у назвах кангрэсаў, з’ездаў, канферэнцый, алімпіяд і інш.: Міжнародны з’езд славістаў, Рэспубліканская алімпіяда па матэматыцы, Міжнародная навуковая канферэнцыя;

е) у састаўных індывідуальных назвах устаноў, арганізацый, суполак, згуртаванняў і інш.: Еўрапарламент, Інтэрпал, Міжнародны валютны фонд;

ё) у выдзеленых двукоссем назвах узнагарод, знакаў адрозненняў і прызоў (словы ордэн, медаль, знак і інш. пішуцца з малой літары): ордэн “Мацярынская слава”, медаль “За адвагу”, знак “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь” і інш.

З вялікай літары пішуцца два першыя словы ў назве вялікай гістарычнай падзеі: Вялікая Айчыйнная вайна.

З вялікай літары пішацца другое слова ў назвах вуліц, плошчаў: вуліца Юбілейная, плошча Незалежнасці.

З вялікай літары пішуцца ўсе словы:

а) у назвах найвышэйшых дзяржаўных пасад: Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, Старшыня Савета Міністраў Рэспубліткі Беларусь;

б) у назвах найбуйнейшых міжнародных арганізацый і нацыянальных дзяржаўных арганізацый і ўстаноў: Арганізацыя Аб’яднаных Нацый, Еўрапейскі Саюз, Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь;

* службовы словы ў такіх назвах пішуцца з малой літары: Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь;

б) у афіцыйных і неафіцыйны назвах дзяржаў і іх частак: Рэспубліка Беларусь, Злучаныя Штаты Амерыкі, Расійская Федэрацыя, Далёкі Усход, Сібір і інш.;

в) у поўных назвах ордэнаў (апрача слоў ордэн і ступень): ордэн Айчыннай Вайны І ступені.

Вялікая літара іншы раз можа выконваць стылістычную функцыю (пішацца ў агульных назоўніках): Свабода, Радзіма, Бацькаўшчына, Айчына, Чалавек.

Слова Бог і вытворныя ад яго у адных выпадках трэба пісаць з вялікай літары, а ў другіх – з малой. Калі слова Бог ужываюць як абазначэнне вярхоўнай істоты, стваральніка і кіраўніка свету і як увасабленне праўды і спагадлівасці, то яно ўспрымаецца як індывідуальная назва і таму павінна пісацца з вялікай літары: Калі Бог хоча каго пакараць, таго ён пазбаўляе розуму. І благаславіць нас на змаганне Бог. Вялікую літару трэба захоўваць і ў некаторых спалучэннях, дзе прыметнік звязваецца ў нашай свядомасці як утварэнне ад слова Бог у яго першасным, зыходным значэнні: Божая воля, Божая маці, Божая сіла.

У астатніх выпадках гэтыя прыметнікі, як і вытворныя назоўнікі і дзеясловы, патрэбна падаваць з малой літары: боскі напітак, богабаязны, богаслужэнне, бажыцца, не божкай. Слова Бог развіло ў сабе зафіксаванае слоўнікамі пераноснае значэнне ‘выдатны спецыяліст у якой-небудзь справе’, якое трэба пісаць з малой літары: Ці бачыў Наташу той чарнявы ленінградзец, хвалёны бог электразваркі?

Паколькі ў складзе фразеалагізма яго кампаненты толькі знешне падобныя на словы, але не маюць асобнага лексічнага значэння, то кампанент бог варта пісаць з малой літары. Напрыклад, у сказе: Перакусіце трошкі, чым бог паслаў выраз чым бог паслаў абазначае ‘тым, што ёсць’. Тут ніяк нельга атаясамліваць назоўнікавы кампанент са словам Бог у яго першасным значэнні, а паслаў разумець як ‘адправіў па пошце ці праз пасланца’. Яшчэ прыклады: у бога цяля ўкраў, не нашага бога, як у бога за пазухай.

Калі прыказка мае толькі пераносны, алегарычны сэнс, г.зн. у ёй гаворыцца пра адно, а маецца на ўвазе зусім іншае, то кампанент бог варта падаваць з малой літары: Смачны жабе арэх, ды зубоў бог не даў. Калі ж прыказка ўжываецца толькі ў прамым значэнні, слова Бог трэба пісаць з вялікай літары: На Бога спадзявайся, а сам не давайся (Пра змены, якія адбыліся ў напісанні вялікай і малой літар гл. параграфы 26, 29 і 32: Куліковіч У.І. Новае ў беларускай арфаграфіі. Правілы. Заданні. Тэсты. Даведачны матэрыял”. – Мн., 2010, Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі. – Мн., 2008).