Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Новая лекцыя №1.doc
Скачиваний:
2
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
606 Кб
Скачать
☆

2. Скланенне і правапіс лічэбнікаў.

1. Лічэбнік адзін мае форму роду, ліку, склону (адзін аловак, адна кніга, адно заданне, адны нажніцы) і змяняецца, як прыметнік: адзін дзень – аднаго дня, у множным ліку: адны вароты – адных варот.

2. Лічэбнікі два, абодва ўжываюцца з назоўнікамі мужчынскага і ніякага роду, а дзве, абедзве – з назоўнікамі жаночага роду: дзве дзяўчынкі, два хлопчыкі, абодва браты, абедзве сястры. Адрозненне ў аснове (цвёрдая і мяккая) захоўваецца і ва ўсіх ускосных склонах: двух хлопчыкаў, дзвюх дзяўчынак, абодвух братоў, абедзвюх сясцёр, двум хлопчыкам, дзвюм дзяўчынкам і г.д.

3. Зборныя лічэбнікі ва ўскосных склонах маюць такія ж канчаткі, як прыметнікі ў множным ліку: двое – дваіх, дваім, дваімі.

4. Лічэбнікі два, дзве, абодва, абедзве, тры, чатыры ў творным склоне маюць на канцы -ма: двума, дзвюма, абедзвюма, трыма, чатырма.

5. Лічэбнікі ад пяці да дваццаці і лічэбнік трыццаць скланяюцца, як назоўнікі трэцяга скланення тыпу радасць: пяці, дваццаці і г.д. У лічэбніках ад адзінаццаці да дваццаці і ў лічэбніку трыццаць у сярэдзіне пішацца два ц. У творным склоне ў лічэбніках пяць, дзевяць, дзесяць, адзінаццаць – дваццаць, трыццаць падаўжаецца апошні зычны асновы, што на пісьме перадаецца напісаннем падвойнай літары ц: пяццю, дзевяццю, пятнаццаццю, трыццаццю. У лічэбніках шэсць, сем, восем у творным склоне зычны не падаўжаецца: шасцю, сямю, васьмю. Лічэбнікі мільён, мільярд скланяюцца, як назоўнікі другога скланення тыпу дом; тысяча – як назоўнікі першага скланення тыпу кніга ( у творным склоне – тысячай і тысяччу)

Заўвага. Націск у складаных колькасных лічэбніках адзінаццаць – дзевятнаццаць і ўтвораных ад іх парадкавых лічэбніках нязменна падае на склад на: адзінаццаць, дванаццаць, трынаццаць, чатырнаццаць; адзінаццаты, дванаццаты, трынаццаты і г.д.

6. Пры скланенні лічэбнікаў пяцьдзясят – восемдзесят, дзвесце – дзевяцьсот змяняюцца абедзве часткі: двухсот, двумстам, двумастамі, (у) двухстах; шэсцьсот – шасцісот, пяцьдзясят – пяцідзесяці і г.д.

Заўвага. Націск у лічэбніках семдзесят, восемдзесят падае на першы склад, а ў лічэбніках пяцьдзясят, шэсцьдзясят – на апошні (параўн. у рускай мове: пятьдесят, шестьдесят; семьдесят, восемьдесят) (гл. Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі. – Мн., 2008). Лічэбнікі пяцьсот – дзевяцьсот маюць пабочны націск: пяцісот, сямісот; пяццюстамі, сямюстамі і г.д. У лічэбніках дзвесце – чатырыста пабочны націск узнікае ва ўскосных склонах: двухсот, чатырохсот; двумастамі, чатырмастамі.

7. Лічэбнік дзвесце ў назоўным і вінавальным склонах мае форму жаночага роду, у астатніх – мужчынскага роду: двумстам, двухстах.

8. Лічэбнікі сто, сорак маюць дзве формы: сто – ста, сорак – сарака, а лічэбнік дзевяноста ва ўсіх склонах мае аднолькавую форму, г.зн. не змяняецца.

9. Парадкавыя лічэбнікі скланяюцца, як прыметнікі: першы, першага, першаму і г.д.

10. Пры скланенні састаўных колькасных лічэбнікаў змяняецца кожнае слова: дзвесце пяцьдзясят чатыры – двухсот пяцідзесяці чатырох, двумстам пяцідзесяці чатыром. А пры скланенні састаўных парадкавых лічэбнікаў змяняецца толькі апошняе слова: пяцьдзясят восьмы – пяцьдзясят восьмага, пяцьдзясят восьмаму, пяцьдзясят восьмым.

11. Пішуцца ў адно слова складаныя парадкавыя лічэбнікі, якія заканчваюцца на -соты, -дзясяты, -тысячны, -мільённы, -мільярдны: сямітысячны, двухсотмільённы, пяцімільярдны, стадваццаціпяцітысячны. Калі ж у такіх словах першая частка запісваецца лічбай, пасля лічбы ставіцца злучок: 7-тысячны, 200-мільённы, 5-мільярдны, 300-тысячны.