Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Новая лекцыя №1.doc
Скачиваний:
2
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
606 Кб
Скачать
☆

4. Прыналежныя прыметнікі і іх утварэнне ў беларускай мове.

Прыналежныя прыметнікі абазначаюць прыметы прадметаў праз іх прыналежнасць пэўнай асобе або жывой істоце: Антосеў садок, рыбакова хата, цётчына хустка, буслава гняздо. Прыналежныя прыметнікі абазначаюць прымету не непасрэдна, як якасныя, а праз іх адносіны па прыналежнасці, таму іх часам разглядаюць як асобную групу адносных прыметнікаў. Гэтыя прыметнікі ўтвараюцца ад асноў адушаўлёных назоўнікаў мужчынскага роду з дапамогай суфіксаў -аў (-ав), -оў (-ов), -еў (-ев) -ёў (-ёв) і жаночага роду з дапамогай суфіксаў -ін (-ін-а), (-ын-а) і ў назоўным і вінавальным склоне адзіночнага і множнага ліку маюць кароткую форму: братаў – братава – братавы, леснікоў – леснікова – лесніковы, мядзведзеў – мядзведзева – мядзведзевы, старшынёў – старшынёва – старшынёвы, мамін – маміна – маміны, ластаўчын – ластаўчына – ластаўчыны.

Заўвага. Пры ўтварэнні прыналежных прыметнікаў тыпу воўчы, заячы, мядзведжы, чалавечы ў старажытнасці выкарыстоўваўся суфікс -j-.

Значэнне прыналежнасці, якое выражаецца прыналежнымі прыметнікамі, можа быць рознае: прыналежныя прыметнікі абазначаюць індывідуальную прыналежнасць прадмета пэўнай асобе (Петрусёў пакой, дзядулевы акуляры, матчыны рукі, бабуліны рукавіцы) або прыналежнасць прадмета цэламу класу прадметаў (пчаліны вулей, бусліны клёкат, птушыная сталоўка, лісіная нара).

Прыметнікі са значэннем групавой прыналежнасці, прыналежнасці цэламу класу прадметаў, могуць набываць значэнне якасных: воўчае логава – воўчы апетыт, воўчыя законы, воўчая мараль; мядзведжы бярлог – мядзведжая паходка; рыбіна луска – рыбіны вочы; сабачы брэх – сабачая служба, сабачы холад і інш.

Значэнне адносных прыметнікаў набываюць прыметнікі, утвораныя ад прыналежных далучэннем да іх асновы суфікса -ск-: вучнеў – вучнёўскі, бацькаў – бацькоўскі, сястрын – сястрынскі, Купалаў – купалаўскі, Мележаў – мележаўскі.

У стылях мастацкай літаратуры, у мэтах увасаблення, прыналежныя прыметнікі часам утвараюцца і ад неадушаўлёных прыметнікаў: Бледныя сонцавы косы выглянуць рэдка калі (Я. Купала). Месяц блеск свой кіне ў твар ночкавай пустыні (Я. Колас).

5. Правапіс суфіксаў прыметнікаў.

1. З двума н пішуцца:

а) прыметнікі, утвораныя з дапамогай суфікса -н- а назоўнікай з асновай на -н: дзень – дзённы, туман – туманны, камень – каменны, восень – асенні;

б) прыметнікі, утвораныя ад назоўнікаў на -мя: імя – іменны, племя –племянны, цемя – цемянны (але полымя – палымяны);

в) прыметнікі з суфіксамі -енн-, -энн-: страшэнны, вогненны, задуменны.

Прыметнікі, утвораныя з дапамогай суфіксаў -ан-(-ян-), -ін-(-ын-), пішуцца з адным н: драўляны, шкляны, сярэбраны, пчаліны, арліны, курыны. Адно н пішацца ў прыметніках сцюдзёны, юны.

2. У памяншальна-ласкальных формах пішуцца з мяккім знакам суфіксы -аньк- (пад націскам -эньк-) – пасля зацвярдзелых зычных: добранькі, даражэнькі; -еньк- – пасля мяккіх і г, к, х: маленькі, лёгенькі, ціхенькі.

3. У прыметніках, утвораных ад назоўнікаў з дапамогай суфікса -ск-, зычныя асноў т, ц, ч, к у спалучэнні з суфіксальным с даюць і ў вымаўленні, і ў напісанні ц: студэнцкі (са студэнт+ск-і), шавецкі (з шавец+ск-і), ткацкі (з ткач+ск-і), мастацкі (з мастак+ск-і), пухавіцкі (з Пухавіч(ы)+ск-і), асіповіцкі (з Асіповіч(ы)+ск-і).

Каранёвае д у спалучэнні з суфіксальным с таксама вымаўляецца як ц, але на пісьме літара д перад суфіксам -ск- захоўваецца: завод – заводскі, грамада – грамадскі.

4. Зычныя с, ш зліваюцца з суфіксальным с, пішацца адна літара с: беларускі (з беларус+ск-і), рускі (з рус+ск-і), таварыскі (з таварыш+ск-і).

5. Зычныя г, к, х захоўваюцца перад суфіксам -ск- у прыметніках, утвораных ад геаграфічных назваў іншамоўнага паходжання і назваў нацыянальнасцей і народнасцей: Выбарг – выбаргскі, казах – казахскі, таджык – таджыкскі, узбек – узбекскі, але: турэцкі, калмыцкі, славацкі.

6. Пішуцца з, ж, ш перад суфіксам -ск- у прыметніках, утвораных ад геаграфічных назваў або назваў народнасцей і нацыянальнасцей: Добруш – добрушскі, Каўказ – каўказскі, Рыга – рыжскі, Волга – волжскі, чэх – чэшскі (зычныя г, к чаргуюцца з ж, ш).

7. У прыметніках, утвораных ад геаграфічных назваў, пасля н перад суфіксам -ск- мяккі знак не пішацца: Любань – любанскі, Хатынь – хатынскі, Гарынь – гарынскі, Лань – ланскі, Свержань – свержанскі, Астрахань – астраханскі, Смаргонь – смаргонскі, Разань – разанскі. У прыметніках, утвораных ад назваў месяцаў і слова восень, мяккі знак пасля н перад суфіксам -ск- захоўваецца: восень – восеньскі, ліпень – ліпеньскі, чэрвень – чэрвеньскі, снежань – снежаньскі і інш.

8. У прыметніках, утвораных ад геаграфічных назваў з канцавым -на, перад зычным н паяўляецца беглы галосны е(а): Гродна – гродзенскі, Маладзечна – маладзечанскі, Роўна – ровенскі. Параўн. рус.: ровенский (але: гродненский, молодечненский).

9. У прыналежных прыметніках, утвораных ад назваў асоб мужчынскага роду, пішуцца суфіксы -еў(-ев-), оў(-ов-), -аў(-ав-), -ёў(-ёв-): Васеў сшытак, Пецева кніга, Колеў задачнік, Сцёпкава паліто, Міхасёў ліст. Такія ж суфіксы захоўваюцца і ў прозвішчах, імёнах па бацьку, што паходзяць з прыналежных прыметнікаў: Афанасьеў, Васільеў, Васільевіч (і Васілевіч), Мікалаеў, Мікалаевіч, Андрэеў, Андрэевіч.

У прыналежных прыметніках, утвораных ад назваў асоб жаночага роду, пішуцца суфіксы -ін, -ын, пры гэтым адбываецца чаргаванне зычнага к з ч: матчын ліст, Аленчына кніжка, Галіна хустка, Верчын тварык.

Заўвага. Ад прыналежных прыметнікаў з суфіксам -еў(-ев-) трэба адрозніваць назоўнікі роднага склону множнага ліку з канчаткам -яў: абодвух Коляў (Андрэяў, Пецяў, Васяў, Анатоляў і т. д.).