Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Новая лекцыя №1.doc
Скачиваний:
2
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
606 Кб
Скачать
☆

2. Формы прыметнікаў са значэннем ацэнкі і меры якасці.

Пры ўтварэнні ступеняў параўнання прадмет паводле якасці параўноўваецца з іншым прадметам. Але значэнне высокай меры якасці ці непаўнаты яе ў прадмеце можа выражацца і без параўнання. У гэтым выпадку перадаецца і стаўленне да прадмета: сіненькі, высозны, жаўтаваты. У цяпле ён [снег] скоранька раставаў, пераліваючыся дробненькаю расою на жоўтых абкураных вусах, на касматых бровах (Ад.). Курапаткі знішчаюць вялізную колькасць розных шкодных насякомых – чарапашак, даўганосікаў і, што асабліва важна, каларадскіх жукоў (В.В.). Хітраватыя Лёшкавыя вочы на круглявым брывастым твары няўцям міргаюць, як гэта бывае ў чалавека, які зрабіў нейкае глупства (В.Б.). Такія формы назваюць формамі ацэнкі і меры якасці. Яны ўтвараюцца пры дапамозе прыставак і суфіксаў.

Найчасцей выкарыстоўваюцца прыстаўкі за-, звыш, -ультра, -архі.

Прыстаўка за- можа надаваць прыметнікам адно з двух значэнняў: 1) ‘такі, які трохі перавышае меру якасці’ (тады прыметнік ужываецца з прыслоўямі меры і ступені крыху, трохі – крыху завялікая шапка); 2) ‘такі, які намнога перавышае меру якасці’ (шапка табе завялікая).

Прыстаўка звыш- надае значэнне перавышэння меры: звышмагутны, звышгукавы, звышпланавы, звышурочны, звышнатуральны.

Прыстаўкі -ультра і -архі надаюць прыметнікам вельмі высокую гранічную меру якасці: ультракансерватыўны, ультракароткі, ультрамодны, архіважны, архірэакцыйны, архіцяжкі.

Суфіксы могуць надаваць прыметнікам павелічальна-ўзмацняльнае (непахвальнасці) або памяншальна-ласкальнае значэнне, значэнне непаўнаты якасці або недастатковай якасці.

Суфіксы з павелічальна-ўзмацняльным значэннем: -ізн (вялізны), -ізарн (велізарны), -эзн (высачэзны, шырачэзны, даўжэзны); -енн, -энн (здаравенны, страшэнны), -эразн (даўжэразны, таўшчэразны), -озн (высозны).

Суфіксы з памяншальна-ласкальным значэннем: -еньк, -эньк, -аньк (маладзенькі, вясёленькі, старэнькі, прыгожанькі, хітранькі), -ічк (невялічкі), -утк, -ютк- (свяжуткі, раўнюткі, бялюткі), усеньк-, -юсеньк- (ціхусенькі, драбнюсенькі, бялюсенькі), -юпасеньк (малюпасенькі), -усенечк, -юсенечк (ціхусенечкі, танюсенечкі, малюсенечкі), -юпасенечк (малюпасенечкі).

Прыметнікі з прыстаўкамі і суфіксамі ацэнкі ў большасці выпадкаў ужываюцца ў гутарковым стылі і мове мастацкай літаратуры.

Значэнне непаўнаты якасці надаюць суфіксы -ават (-яват): белаваты, цемнаваты, сіняваты, а значэнне недастатковай якасці – суфіксы -яв (-ав, -ляв): бялявы, танклявы, чарнявы і інш.

3. Выкарыстанне элятыўных формаў у беларускай і рускай мовах (формы вышэйшай і найвышэйшай ступеней параўнання прыметнікаў).

У беларускай і рускай мовах ужываюцца формы прыметнікаў, якія выражаюць гранічна высокую або гранічна нізкую ступень якасці без параўнання з якасцю іншых прадметаў. Звычайна гэтую функцыю бяруць на сябе формы ацэнкі, радзей – формы найвышэйшай ступені параўнання прыметнікаў з экспрэсіўнай афарфоўкай. Такія формы прыметнікаў называюцца элятыўнымі (ад. лац. elativus – узняты, узвышаны).

Разгледзім ступені параўнання якасных прыметнікаў у рускай і беларускай мовах. Заўважым, што пры гэтым утвараюцца і простыя (сінтэтычныя) і складаныя (аналітычныя) формы вышэйшай і найвышэйшай ступені параўнання прыметнікаў, якія набылі марфалагічныя адрозненні. Напрыклад, рускія формы вышэйшай ступені не скланяюцца, беларускія ж змяняюцца, як і ў форме станоўчай ступені, па родах, ліках і склонах.

Простыя або сінтэтычныя формы вышэйшай ступені прыметнікаў беларускай і рускай моў утвараюцца пры дапамозе розных суфіксаў і суплетыўных асноў: беларускія пры дапамозе -ейш, -эйш і канчаткаў адпаведнага роду і ліку (высокі – вышэйшы, зялёны – зелянейшы), рускія – -ее (-ей), -е, -ше (красивый – красивее, чистый – чище, тонкий – тоньше); у абедзвюх мовах суплетывацыяй асноў (бел. добры – лепшы, рус. плохой – хуже).

Складаныя або аналітычныя формы вышэйшай ступені прыметнікаў у сучасных беларускай і рускай мовах утвараюцца пры дапамозе слоў бел. больш (болей), менш (меней) – рус. более, менее: больш (болей) вузкі – более узкий, менш (меней) шырокі – менее широкий. Гэтыя формы ў абедзвюх мовах часцей за ўсё сустракаюцца ў пісьмовай форме.

Фомы найвышэйшай ступені параўнання прыметнікаў таксама можна атрымаць па-рознаму. Простыя беларускія формы ўтвараюцца далучэннем прыстаўкі най- да формы вышэйшай ступені: багаты – багацейшы – найбагацейшы. Простыя рускія формы – пераважна пры дапамозе суфіксаў -ейш, -айш і адпаведных канчаткаў, радзей пры дапамозе гэтых жа суфіксаў і прыстаўкі наи-: сильный – сильнейший – наисильнейший.

Складаныя формы найвышэйшай ступені ўтвараюцца аднолькава: далучэннем займенніка бел. самы – рус. самый або прыслоўяў найбольш (найболей) – наиболее, найменш (найменей) – наименее да зыходнай формы (самы мяккі, найбольш мяккі, найменш мяккі – самый мягкий, наиболее мягкий, наименее мягкий); далучэннем займеннікаў усіх або ўсяго – всех, всего (прыгажэй за ўсіх – красивее всех).

Значэнне найвышэйшай ступені набыла ў сучаснай рускай мове агульнаўсходнеславянская поўная форма вышэйшай ступені, якая ў беларускай мове захавала сваё ранейшае значэнне.

Не ўсе якасныя прыметнікі ў абедзвюх мовах могуць мець усе ступені параўнання.

Ужыванне формаў вышэйшай і найвышэйшай ступені ў супастаўленых мовах не заўсёды супадае. Напрыклад, простыя формы ў беларускай мове ўжываюцца з прыназоўнікавымі каструкцыямі: больш за мяне, дужэйшы за ўсіх, у рускай жа мове ўжываюцца з назоўнікамі або іншымі іменнымі часцінамі мовы без прыназоўнікаў і кіруюць імі: выше меня, сильнее всех. Складаныя формы таксама маюць адрозненні ва ўжыванні: бел. больш зручны спосаб, больш зручны са спосабаў – рус. более удобный способ, более удобный из способов.