Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Ответы по історіі Беларусі.doc
Скачиваний:
1
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
593 Кб
Скачать
☆

30. Калектывізацыя ў бсср.

Неабходнасць кааперавання сялянскіх гаспадарак была абгрунтавана Леніным. Кааперацыя (спажывецкая, крэдытная, збытавая, а таксама таварыствы сумеснай апрацоўкі зямлі, калгасы) павышала ўзровень сельскагаспадарчай вытворчасці, што забяспечвала прамысловасць сыравінай, а гарадское насельніцтва прадуктамі харчавання. Таксама праз кааперацыю сяляне-ўласнікі ўцягваліся ў калектыўныя формы гаспадарання. Ужо ў 1925г. усімі відамі сельскагаспадарчай кааперацыі было ахоплена 18% сялянскіх двароў, а ў 1928 – 50%. Сяляне ахвотна ішлі на тую кааперацыю, якая не закранала асноў самастойнага вядзення аднаасобнай гаспадаркі.

Калгасамі ў 1928г. было ахоплена ўсяго каля 1% сялянскіх гаспадарак. Пасля XV з’езда ВКП(б), які адкрыўся ў снежні 1927г., аб’яднанне сялянскіх гаспадарак у калгасы стала галоўнай задачай, выкананне якой паскорылася пасля “хлебнага крызісу” 1928-1929г. Да пачатку 1930г. у БССР працэнт калектывізацыі дасягнуў 30%. Партыйнае кіраўніцтва рэспублікі абяцала да веснавой сяўбы калектывізаваць 75-80% сялянскіх гаспадарак, пераўтварыць БССР у рэспубліку суцэльнай калектывізацыі. Замест прынцыпу добраахвотнасці пры ўступленні ў калгас пачалі шырока скарыстоўваць гвалт і запалохванне. Працэс кааперавання быў падменены “раскулачваннем”.

Вялікую ролю ў калгасным будаўніцтве адыгралі ўпаўнаважанныя камуністы і рабочыя-дваццаціпяцітысячнікі, у тым ліку прысланыя з прамысловых раёнаў РСФСР. Многія з іх слаба дасведчаныя ў асаблівасцях сялянскага жыцця, выкарыстоўвалі толькі адміністрацыйныя метады пры арганізацыі калгасаў.

Пры сельсаветах былі створаны спецыяльныя камісіі па раскулачванні, якія праводзілі вопіс і канфіскацыю маёмасці. “Раскулачаныя” арыштоўваліся і высяляліся ў аддаленыя раёны СССР. Але ідэя суцэльнай калектывізацыі падштурхоўвала мясцовых кіраўнікоў і далей выкарыстоўваць “раскулачванне” як сродак “заахвочвання” сялян уступаць у калгасы, называючы кулакамі ўсіх не згодных з суцэльнай калектывізацыяй.

Для забеспячэння калгасаў тэхнікай былі створаны МТС (машынна-трактарныя станцыі), а пры іх палітаддзелы, якія садзейнічалі правядзенню лініі партыі ў калгасным будаўніцтве. У канцы першай пяцігодкі ў рэспублікі было 57 МТС, а ў 1940г. ва ўсходніх абласцях БССР іх налічвалася 236.

У гады другой пяцігодкі калектывізацыя ў Беларусі завяршылася. Калгасы аб’ядноўвалі 88% сялянскіх двароў і 96% пасяўной плошчы. Была ліквідавана многаўкладнасць эканомікі сельскай гаспадаркі. Аднак валавыя зборы, прадукцыйнасць жывёлагадоўлі засталіся пад канец 30-х гадоў на ўзроўні дакалгаснага перыяду. Адмоўным вынікам калектывізацыі быў голад 1932-1933г. Калгаснікі заставаліся самай нізкай па аплаце катэгорыяй насельніцтва. Калектывізацыя знішчыла найбольш гаспадарлівую частку сялян. Самі калгасы былі пазбаўлены гаспадарчай самастойнасці, а калгаснікі – валодання сродкамі вытворчасці. Пазбаўленне калгаснікаў пашпартоў юрыдычна прывязвала іх да калгасаў, што сведчыла аб прымусовым характары працы.

31. Грамадска-палітычнае жыццё бсср у 30-х гг. XX ст. Масавыя рэпрэсіі.

У канцы 20-х – пачатку 30-х гг. на Беларусі ўсталявалася дырэктыўная сістэма кіравання, якая не толькі абмяжоўвала, але і знішчала пачаткі вытворчай дэмакратыі. Пытанні арганізацыі вытворчасці ўсё больш вырашаліся не на вытворчых нарадах, а вузкім колам асоб, адміністрацыяй прадпрыемстваў. Сходы склікаліся галоўным чынам для крытыкі тых, хто правініўся і пакарання “шкоднікаў”, для перадачы пэўных указанняў і інфармацыі, а таксама з нагоды чарговай “перамогі” сацыялізму. Яны набывалі распарадча-ўрачысты характар. У калгасах рашаючую ролю адыгрывала праўленне, але часцей за ўсё верхаводзіў яго старшыня, які назначаўся “зверху” і на сходах толькі прадстаўляўся калгаснікам. Пастановы вышэйшых інстанцый павінны былі без пярэчання выконвацца ніжэйшымі.

Такое кіраўніцтва наогул адмаўляла працоўнаму калектыву ў яго праве быць суб’ектам кіравання вытворчасці, праяўляць ініцыятыву, укараняць перадавы вопыт і метады работы, браць на сябе адказнасць за канчатковыя вынікі вытворчай дзейнасці. А гэта пазбаўляла грамадства магчымасці ісці да дэмакратычнай сістэмы кіравання.

Палітычны рэжым з рысамі дэмакратычнага цэнтралізму ў 20-я гг. ператвараўся ў палітычны рэжым цэнтралізму – бясспрэчнага падначалення цэнтральнай уладзе. Гэта праяўлялася перш за ўсё ва ўзаемаадносінах органаў розных ступеняў унутры кіруючай бальшавіцкай партыі, а таксама паміж імі, з аднаго боку, і радавымі камуністамі, з другога. Падобныя змены адбываліся ва ўсіх звёнах савецкай палітычнай сістэмы, на чале якой узвышалася партыйна-дзяржаўнае кіраўніцтва.

Дзяржаўнае рэгуляванне рынкам пярэчыла палітыцы НЭПа. Рэзка разышліся інтарэсы паміж прамысловай і сельскагаспадарчай галінамі народнай гаспадаркі. Узнікла небяспека палітычнага крызісу, які можна было прадухіліць далейшай цэнтралізацыяй улады. Гэтаму садзейнічалі і эканамічныя працэсы на сусветнай арэне, менавіта паглыбленне крызісу гаспадарчых сувязей.

Другой перадумовай такога развіцця грамадска-палітычнага жыцця з’явіўся велізарны рост колькасці членаў партыі, Саветаў, грамадскіх арганізацый, іх кіруючых і выканаўчых органаў за кошт маргінальных сацыяльных слаёў, асабліва тых, якія выйшлі з вёскі, адарваліся ад зямлі, ужо не былі сялянамі, але не сталі рабочымі або служачымі і таму паддаваліся моцнаму ўплыву камандных метадаў кіравання. Такі бурны рост гэтых элементаў у пэўнай меры быў непазбежны ва ўмовах фарсіравання індустрыялізацыі і гвалтоўнай калектывізацыі. Дзесяткі тысяч маладых рабочых рэспублікі былі запрошаны для ўдзелу ў чыстцы дзяржаўнага апарату, што ажыццяўлялася ў 1929-1930гг. з мэтай удасканалення яго работы, як гэта шырока рэкламавалася. Гэта кампанія праводзілася пад прыкрыццём шэфства фабрык і заводаў над дзяржаўнымі ўстановамі. Адгэтуль вырасла так званае сацыялістычнае сумяшчальніцтва, калі тым або іншым рабочым даваліся абавязкі служачых і яны штодзённа выконвалі іх без адрыву ці з адрывам ад вытворчасці. Дзякуючы гэтай практыцы, органы кіравання былі запоўнены “патрэбнымі” людзьмі, якія не маглі самастойна прымаць рашэнні. Пад канец першай пяцігодкі ў кіруючыя органы БССР уліўся вялікі кантынгент рабочых і бяднейшых сялян, што вылучыліся ў хлдзе сталінскіх “штурмаў” індустрыялізацыі, калектывізацыі, культурнай рэвалюцыі. Культурны ўзровень новых кадраў быў недастатковы, тры чвэрці складу мелі пачатковую адукацыю, а то ўвогуле не мелі яе. З’явіўся бюракратычны апарат, які быў гатовы рэалізаваць любыя пастановы кіраўніцтва. З сярэдзіны 30-з гг. грамадска-палітычнае жыццё краіны трапляе пад палітычны рэжым асабістай улады. Адбываецца зрашчэнне партыйнага апарату з дзяржаўным. У яго руках канцэнтруецца заканадаўчая і судовая ўлады. Грамадскія інстытуты і самадзейныя арганізацыі працоўных, якія ўзніклі ў сярэдзіне 20-х гг., канчаткова спыняюць сваю дзейнасць. Закон наогул губляе свій уласны першапачатковы сэнс.

Фарміраванне Саветаў адбывалася на аснове дырэктыўных указанняў, што выключала крытыку партыйна-дзяржаўных органаў, спаборніцтва кандыдатур, плюралізм у вызначэнні і вырашэнні задач. Ва ўмовах масавых рэпрэсій вынішчаліся нацыянальныя кадры ў дзяржаўных установах і органах грамадскіх арганізацый.

Вялікія страты панеслі прафсаюзы. Функцыі Цэнтральнага савета прафесіянальных саюзаў Беларусі былі ўскладзены на ўпаўнаважаных ВЦСПС па БССР на грамадзянскіх асновах. У Беларусі, як і ў краіне ў цэлым, стваралася атмасфера нецярпімасці, падазронасці і варожасці. Пад прыкрыццём сталінскай формулы “аб абвастрэнні класавай барацьбы па меры руху да сацыялізму” адбываліся грубыя парушэнні правоў чалавека. Вялікая хваля рэпрэсій пракацілася ў 1933-36гг. падчас чысткі партый і абмену партыйных білетаў. Па дадзеных усяго ў 20-я – 50-я гг. у Беларусі было рэпрэсіравана каля 600 тыс. чалавек.

У 1930г. ДПУ БССР абвінаваціла беларускую нацыянальную інтэлігенцыю ў нацыянал-дэмакратызме, контррэвалюцыйнай і антысавецкай дзейнасці. Гэта быў першы масавы палітычны пазасудовы працэс у БССР.

У канцы 1932г. органамі АДПУ была сфабрыкавана справа аб існаванні ў сістэме Наркамзема БССР і Белтрактарацэнтра контррэвалюцыйнай арганізацыі. Па гэтай справе не было ніякіх матэрыялаў, але асудзілі па ёй больш за 500 чалавек. У заключным абвінавачанні гаварылася пра тое, што гэта арганізацыя была звязана з часцямі Чырвонай Арміі, якія павінны былі далучыцца да паўстання і аказаць дапамогу зброяй. Асноўны ўдар рэпрэсій 20-5-х гг. у БССР быў накіраваны супраць інтэлігенцыі.

У 1937г. была пушчана ў ход версія аб тым, што ў Беларусі дзейнічае разгалінаванае антысавецкае падполле – нацыянал-фашысцкая арганізацыя на чале з кіраўнікамі КП(б)Б. У выніку масавых чыстак і палітычнага тэрору КП(б)Б страціла 40% свайго складу. Таксама былі падвергнуты рэпрэсіям амаль усе наркамы, прафсаюзныя і камсамольскія дзеячы, кіраўнікі народнай гаспадаркі, якія працавалі ў Беларусі ў 20-х – другой палове 30-х гг.