Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
шпоры сбм.docx
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
214 Кб
Скачать
☆

60. Актуальнае чляненне сказа, сродкі актуалізацыі выказванння.

Актуальнае чляненне сказа – гэта сэнсавы падзел выказвання на тэму і рэму, які адпавядае камунiкацыйнаму заданню, складае сутнасць дадзенай камунiкацыi. Той самы сказ можа набываць розны сэнс у залежнасці ад камунікацыйнай мэты, якую ставіць перад сабой той, хто гаворыць ці піша. Напрыклад, у сказе Міхаська разглядаў малюнак – камунікацыйных мэт можа быць тры: 1) паведамленне аб тым, хто разглядаў малюнак (Міхаська); 2) паведамленне аб тым, што рабіў Міхаська з малюнкам (разглядаў); 3) паведамленне аб тым, што разглядаў Міхаська (малюнак). Такія паведамленні, што ўзнікаюць пры рэалізацыі пэўнай камунікацыйнай мэты, называюцца выказваннямі.

Выказванне – гэта «адзінка паведамлення, якая мае сэнсавую цэласнасць і можа быць успрынятая слухачом у пэўных сітуацыях моўных зносінаў» .

У любым выказванні можна вылучыць дзве часткі: 1) нешта ўжо вядомае з кантэксту або тое, што падказваецца пэўнымі абставінамі, сітуацыяй, – гэта зыходны пункт выказвання, актуальна менш значны, яго прынята называць тэмай; 2) нешта невядомае з кантэксту ці сітуацыі, новае – гэта ядро выказвання, актуальна больш значнае, якое называецца рэмай. Рэма ў пісьмовым маўленні звычайна знаходзіцца ў канцы сказа. У выказванні Міхаська разглядаў малюнак тэму складае Міхаська разглядаў, а рэму – малюнак; у выказванні Малюнак разглядаў Міхаська рэмай выступае Міхаська, а ў выказванні Міхаська малюнак разглядаў рэма – разглядаў. Тэма ў выказванні можа адсутнічаць (таму што яна вядомая з папярэдняга кантэксту), але без рэмы выказванняў не бывае. Сэнсавы падзел выказвання на тэму і рэму, які актуальны, істотны для пэўнага кантэксту або сітуацыі, называецца актуальным чляненнем (падзелам) выказвання.

Выказванні па сваёй экспрэсіўнасці могуць быць нейтральныя (прамы парадак: тэма і рэма): Ноч ціхая, без ветру (В.К.) ці экспрэсіўныя (інверсія рэмы): Вечна я ўдзячны жытняму хлебу, чыстай вадзе з невялічкай крыніцы, лесу зялёнаму, сіняму небу, светлай рачулцы, што ў полі бруіцца (Бр.). Па структуры выказванні бываюць падзельныя (ёсць тэма і рэма): Дождж быў абложны, ліў ужо трэція суткі запар і часам пераходзіў у снег (У.К.) і непадзельныя (складаюцца толькі з рэмы, тэма ж нулявая): Быў канец верасня (Хадк.); простыя (адзін падзел на тэму і рэму): Вецер зайшоў з вострава (Пташн.) або шматступенныя (складаны сказ, некалькі блокаў «тэма-рэма»): З гнёздаў мы даўно павыляталі, ды не развучыліся глядзець, як па спелым полі, па атаве дождж грыбны на дыбачках ідзе (Панч.). Па аўтаномнасці выказванні падзяляюцца на сінтагматычна незалежныя (адносна не залежаць ад кантэксту): Ціснуў сухі, скрыпучы марозік, усюды ляжаў глыбокі роўны снег (Сач.) і сінтагматычна абумоўленыя (абапіраюцца на кантэкст, рэма першага выказвання становіцца тэмай наступнага): Каб ісці далей, чалавек мусіць ісці не сабой, а з сябе – удакладняцца, удасканальвацца, станавіцца наступнейшым; гэта – шлях ва ўсё большую свабоду, усё большую адказнасць і ўсё большую неабсяжнасць, на якім нават нягоды і перашкоды па-свойму спрыяюць чалавеку (Раз.).

Асноўнымі сродкамі актуальнага падзелу з’яўляюцца інтанацыя і парадак слоў, дадатковымі – розныя часціцы (ж (жа), то, толькі – звычайна ўжываюцца пры тэме, проста, якраз, іменна, акурат, не – пры рэме). Парадак слоў у сказе – пэўнае размяшчэнне ў простым сказе членаў сказа. Парадак слоў у сказе выконвае тры асноўныя функцыі: граматычную, стылістычную, камунікацыйную. Граматычнае значэнне парадку слоў выяўляецца ў замацаванасці за кожным членам сказа найбольш звыклага для яго месца:

дзейнік звычайна размяшчаецца перад выказнікам, дапасаванае азначэнне – перад азначаным словам, недапасаванае – пасля яго; прамое дапаўненне звычайна знаходзіцца пасля выказніка, акалічнасці спосабу дзеяння, меры і ступені – перад выказнікам ці ў па-

чатку сказа і г .д. Парадак слоў у сказе дапамагае таксама адрозніваць члены сказа, тыпы сказаў. Напрыклад, у сказе Збіраць грыбы прыемна інфінітыў на першым месцы выступае як дзейнік, а слова катэгорыі стану ў постпазіцыі да яго з’яўляецца выказнікам двухсастаўнага сказа. Калі ж слова катэгорыі стану перамясціць у прэпазіцыю да інфінітыва Прыемна збіраць грыбы, яно з’яўляецца (разам з інфінітывам) галоўным членам аднасастаўнага безасабовага сказа. Лічэбнік у прэпазіцыі да назоўніка надае колькасна-іменнаму спалучэнню значэнне дакладнай колькасці, у постпазіцыі да назоўніка – значэнне прыблізнай колькасці. Параўнаем: Да званка на перапынак засталося тры хвіліны і Да званка на перапынак засталося хвіліны тры (гл. падрабязна пра гэта).

Стылістычнае значэнне парадку слоў заключаецца ў тым, што член сказа, які апынуўся не на «сваім» месцы, атрымлівае дадатковую семантычную і эмацыянальна-экспрэсіўную афарбоўку. Напрыклад: З васілёчкаў сініх, з муравы зялёнай ты спляці вяночак, ты спляці каронку (Куп.). Самай асноўнай функцыяй парадку слоў з’яўляецца камунікацыйная, ёй падпарадкоўваюцца і граматычная, і стылістычная. Камунікацыйнае значэнне парадку слоў выяўляецца ў актуальным падзеле сказа, асабліва ў пісьмовай мове, дзе рэма звычайна выносіцца ў канец сказа. Напрыклад: Нас разлучылі вёрсты (Грах.).

Сістэма варыянтаў выказвання, якія ўтвораны на аснове аднаго і таго ж сказа пры дапамозе актуальнага падзелу, парадку слоў і інтанацыі, называецца камунікацыйнай парадыгмай выказвання. Сродкамі актуалізацыі выказвання выступаюць таксама парцэляцыя і далучэнне. Парцэляцыя – такі падзел сказа, пры якім «змест выказвання рэалізуецца не ў адной, а ў дзвюх і больш інтанацыйна-сэнсавых канструкцыях, размешчаных адна за адной з працяглымі паўзамі». Напрыклад: Я зжыўся з гэтай зямлёй, зжыўся з людзьмі і ніколі не стамляюся памагаць людзям. Бо ўсе мы належым Богу, які вядзе нас да праўды, шчырасці і дабрыні (А.Б.). Далучэнне – гэта «прыбаўленне да асноўнага паведамлення шляхам далучальнай сувязі дадатковых звестак, тлумачэнняў, якія ўзнікаюць не адначасова з асноўнай думкай, а пасля яе выказвання» [7, с. 43-44]. Напрыклад: Гавораць, што на зямлі пакуль яшчэ больш добрых людзей, што дабро ўсё яшчэ перамагае зло... Аднак людзі чамусьці хлусяць часцей, чым гавораць праўду. Няхай часам і ў імя дабра. Дый сам я, каго знаёмыя лічаць дастаткова шчырым, хлушу часцей, чым гэта неабходна (Гал-ч).