Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
шпоры па мет. БЛ у СШ.docx
Скачиваний:
2
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
286 Кб
Скачать
☆

25. Урок лiтаратуры, патрабаваннi да яго.

Урок – асноўная форма арганізацыі адукацыйнага працэсу, якая ўзнікла ў XVІІ стагоддзі пасля ўвядзення класна-ўрочнай сістэмы чэшскім педагогам Янам Амосам Коменскім.

Урок – «калектыўная форма навучання, якой уласцівыя пастаянны састаў навучэнцаў і ўстойлівыя часавыя рамкі (45 хвілін), з загадзя састаўленым раскладам і арганізацыяй вучэбнай працы над пэўным матэрыялам». Для ўрока ставяцца арганізацыйныя, гігіенічныя, дыдактычныя, метадычныя і літаратуразнаўчыя патрабаванні.

Арганізацыйныя патрабаванні: наяўнасць раскладу, праграмы, падручнікаў, памяшкання, настаўніка, вучняў.

Гігіенічныя патрабаванні: тэмпературны рэжым; фізіка-хімічныя ўласцівасці паветра (неабходнасць праветрывання); асвятленне; папераджэнне стамлення школьнікаў; чаргаванне відаў дзейнасці (змена слухання выкананнем прац); своечасовае правядзенне фізкультхвілінак; прытрымліванне правільнай працоўнай паставы вучня; адпаведнасць класнай мэблі росту школьніка.

Дыдактычныя патрабаванні: выразнае фармуляванне адукацыйных задач і іх састаўных элементаў, усведамленне іх сувязі з развіццёвымі і выхаваўчымі задачамі; вызначэнне месца ўрока ў агульнай сістэме заняткаў; вызначэнне аптымальнага зместу ўрока ў адпаведнасці з патрабаваннем праграмы і мэтамі ўрока, улікам узроўню падрыхтаванасці вучняў; прагназаванне ўзроўню засваення вучнямі навуковых ведаў, сфарміраванасці ўменняў і навыкаў як на ўроку, так і на асобных яго этапах; выбар найбольш рацыянальных метадаў, прыѐмаў і сродкаў навучання, стымулявання і кантролю, аптымальнага іх уздзеяння на кожным этапе ўрока, спалучэнне розных форм калектыўнай, групавой і індывідуальнай працы на ўроку і максімальную самастойнасць у вучэнні навучэнцаў; рэалізацыя на ўроку ўсіх дыдактычных прынцыпаў; стварэнне ўмоў паспяховага навучання школьнікаў.

Метадычныя патрабаванні: выкарыстанне не толькі агульнадыдактычных, але і спецыфічных прынцыпаў, метадаў і прыёмаў выкладання прадмета; урок павінен быць эмацыянальным, выклікаць цікавасць да вучэння і выхоўваць патрэбнасць у ведах; тэмп і рытм урока павінны быць аптымальнымі, дзеянні настаўніка і вучняў, завершанымі; неабходны поўны кантакт ва ўзаемадзеянні настаўніка і вучняў на ўрока; павінна дамінаваць атмасфера добразычлівасці і актыўнай творчай працы; па магчымасці варта мяняць віды дзейнасці вучняў, аптымальна спалучаць розныя метады і прыѐмы навучання, наборы заданняў з арыентацыяй на павышаную актыўнасць вучняў, індывідуальны падыход, віды кантролю; настаўнік павінен забяспечваць актыўнае вучэнне кожнага школьніка.

Літаратуразнаўчыя патрабаванні: урок павінен уключаць веды па адпаведнай навуцы – літаратуразнаўстве: тэорыю і гісторыю літаратуры; настаўнік павінен прытрымлівацца правіл літаратуразнаўчага аналізу; веды па літаратуры павінны быць навуковымі, а таксама ўтрымліваць індывідуальны падыход да ацэнкі з‘яў.

26. Класiфiкацыя ўрокаў лiтаратуры. Структура ўрока лiтаратуры. Падрыхтоўка настаўнiка да ўрока лiтаратуры.

У сучаснай метадычнай літаратуры выпрацавана некалькі падыходаў да класіфікацыі ўрока па літаратуры. Папулярнасцю карыстаецца класіфікацыя, якая адлюстроўвае этапы вывучэння літаратурнага твора (В. Галубкоў): урокі-ўступныя заняткі; урокі чытання і вывучэння першаснага ўспрымання твора вучнямі; урокі аналізу; урокі-заключныя заняткі (абагульненне вывучанага настаўнікам (заключнае слова) і /або вучнямі (выніковыя выказванні, адказы на пытанні вусна або пісьмова); урокі пазакласнага чытання. Вылучаюцца тыпы ўрокаў у залежнасці ад роду, жанру твора: урок вывучэння лірычнага твора; урокі вывучэння эпічнага твора (малой, сярэдняй або вялікай формы); урокі вывучэння драматычнага твора (камедыі, драмы, трагедыі, п‘есы-казкі). Тып урока абумоўліваецца спосабам яго правядзення, формай падачы матэрыялу: урок-лекцыя (уступная, аглядавая, падагульняючая, з элементамі гутаркі); урок-гутарка (эўрыстычная / рэпрадуктыўная з элементамі каменціраванага / выразнага чытання); урок-экскурсія, завочная экскурсія (у літаратурны музей, па месцах падарожжа пісьменніка); урок-дыспут з нагоды аднаго творы, творчасці пісьменніка, літаратурнай тэмы, праблемы, пры якім погляды на спрэчныя пытанні выказваюць два-тры вучні, а не ўвесь клас; урок-дыскусія – калектыўнае абмеркаванне пытанняў, якія могуць выклікаць несупадзенне думак; урок-літаратурна-музычная кампазіцыя (мантаж), прысвечаная жыццёваму і творчаму шляху пісьменніка, аглядавай тэме, праблеме і інш.; урок-самастойная праца над артыкулам падручніка, крытычным артыкулам, самастойны аналіз твора або яго фрагмента (індывідуальная або групавая праца); урок-дэманстрацыя, заснаваны на праглядзе вучэбных фільмаў, тэлеспектакляў, тэлеўрокаў і інш. Дыдактычная мэта ўрока таксама можа вызначаць яго тып: урокі навучання пісьмоваму або вуснаму сачыненню; урокі навучання выразнаму чытанню, мастацкаму расказванню; урокі навучання і выканання творчых заданняў (славеснае маляванне, складанне кадрплана, мастацкае расказванне і інш.); урок навучання і напісання плана, тэзісаў, рэферата, даклада. Зыходзячы са спецыфікі прадмета М. Кудрашоў класіфікаваў урокі наступным чынам: урок вывучэння тэорыі і гісторыі літаратуры; урокі вывучэння мастацкіх твораў; урок развіцця маўлення.

Найбольшай папулярнасцю карыстаюцца агульнадыдактычныя тыпы ўрокаў: урок вывучэння новага матэрыялу; урок замацавання ведаў і ўменняў; урок абагульнення і сістэматызацыі вывучанага; урок паўтарэння; урок камбінаванай будовы; урокі кантролю і ацэнкі ведаў, умення.

У адпаведнасці з агульнадыдактычнай класіфікацыі вылучаецца традыцыйная структура ўрока:

— арганізацыйны момант, які характарызуецца знешняй і ўнутранай (псіхалагічнай) гатоўнасцю вучняў да ўрока;

— паведамленне тэмы і мэты ўрока;

— паўтарэнне ці актуалізацыя апорных ведаў урока, праверка дамашняга задання;

— вывучэнне новага матэрыялу;

— першасная праверка разумення вучнямі новага вучэбнага матэрыялу;

— замацаванне вывучанага;

— абагульненне і сістэматызацыя вывучанага;

— кантроль і самаправерка ведаў;

— інфармацыя па дамашнім заданні, інструктаж па яго выкананню;

— падвядзенне вынікаў урока;

— рэфлексія.

Арганізацыйны момант. Гэты этап урока абавязкова павінен арганізоўваць вучняў на працу, а гэта значыць, што трэба, каб у кожнага на парце было ўсё неабходнае для прадуктыўнай дзейнасці на ўроку: ручка, сшытак, падручнік (тэкст твора), дзённік.

Да любога ўрока літаратуры ставіцца трыадзіная мэта – спалучэнне адукацыйных, развіццёвых і выхаваўчых задач. У практыцы сучасных настаўнікаў пачынае набываць папулярнасць паведамляць толькі тэму ўрока, а мэты і задачы фармуляваць разам з класам, а на этапе рэфлексіі звяртаць увагу вучняў на іх дасягненні.

Можна карыстацца наступнымі парадамі пры фармулёўцы мэт урока:

адукацыйныя мэты і задачы: спрыяць (паспрыяць) знаѐмству вучняў з жыццёвым і творчым шляхам (кароткімі звесткамі пра жыццѐ і творчасць) паэта (пісьменніка); садзейнічаць вызначэнню месца і ролі паэта (пісьменніка) у нацыянальнай (сусветнай) літаратуры; стварыць умовы (ствараць спрыяльныя ўмовы) для засваення вучнямі асаблівасцей эпохі (напрамку і г.д.); даць характарыстыку героям твора; паказаць узаемаадносіны....; прааналізаваць змест паэмы (апавядання, аповесці, верша); ствараць умовы для вызначэння адметнасці кампазіцыі (сюжэта, вобразных сродкаў і г.д.) i г.д.;

развіццёвыя мэты і задачы: развіваць вуснае (звязнае, пісьмовае, лагічнага тыпу маўленне); развіваць уменні лагічна выказваць (адстойваць) свае думкі (погляды); развіваць навыкі выразнага чытання, эмацыянальнасць; развіваць уменні аналізу мастацкага твора як мастацкага цэлага (самастойнага аналізу) i г.д.;

выхаваўчыя мэты і задачы: выхоўваць дабрыню і спагаду; выхоўваць назіральнасць; праз аналіз твора паўплываць на фарміраванне ўнутранага свету вучняў, іх эмацыянальнага вопыту; выхоўваць цікавасць да разумення і асэнсавання вечных праблем; выхоўваць патрыятычныя пачуцці; выхоўваць любоў (пачуццё гонару, павагу) да роднага слова (Радзімы, мовы, літаратуры, культуры, гісторыі, спадчыны, мінуўшчыны); выхоўваць высокія маральныя якасці i г.д.

Наступны этап урока – паўтарэнне ці актуалізацыя апорных ведаў, праверка дамашняга задання, які займае ад 5 хвілін да паловы ўрока.

Асноўны этап ўрока – вывучэнне новага матэрыялу, адбываецца падчас чытання, знаёмства з паняццямі па гісторыі і тэорыі літаратуры.

Замацаванне новага матэрыялу адбываецца пры дапамозе аналізу і пераказу твораў.

Абагульненне вывучанага найчасцей адбываецца ў форме заключнага слова настаўніка, якое падводзіць вучняў да больш абагуленых высноў і назіранняў.

Асноўны віда кантролю і ўліку ведаў вучняў – апытанне, якое з‘яўляецца не толькі сродкам замацавання і паглыблення ведаў, але і самакантролем працы настаўніка. Апытанне бывае вуснае і пісьмовае, бягучае (паўрочнае) і тэматычнае (пасля вывучэння пэўнай тэмы). Бягучае апытанне падзяляецца на індывідуальнае (настаўнік асобна для некалькіх вучняў распрацоўвае грунтоўныя асноўныя і дадатковыя пытанні), франтальнае (праверка ведаў многіх вучняў, кожны з якіх адказвае на вузкае пытанне, у тым ліку і на дадатковае), камбінаванае (спалучэнне індывідуальнага і франтальнага, вуснага і пісьмовага). Камбінаванае апытанне дазваляе адразу апытаць 3-4, а то і больш вучняў. Пры спалучэнні вуснага і пісьмовага апытання настаўніку трэба падрыхтаваць карткі для працы вучня на дошцы ці ў сшытку.

Паўрочны кантроль вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў ажыццяўляецца ў вуснай і пісьмовай формах ці ў іх спалучэнні шляхам правядзення індывідуальнага, групавога, франтальнага апытанняў з выкарыстаннем пытанняў і заданняў, змешчаных у падручніках, вучэбных, вучэбна-метадычных дапаможніках, а таксама іншых спосабаў кантролю.

Працуючы над тэкстам мастацкага твора згодна з пытаннямі і заданнямі падручніка, настаўнік выпраўляе сэнсавыя, а таксама маўленчыя і граматычныя памылкі ў адказе вучня. Аналітычныя пытанні падручніка могуць быць прапанаваны для пісьмовага адказу пасля абмеркавання іх на папярэдніх уроках. Пры ацэньванні вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў улічваюцца іх узроставыя асаблівасці і магчымасці.

Дамашняе заданне абавязкова запісваецца настаўнікам на дошцы і каменціруецца.

Дамашняе заданне адносіцца да форм арганізацыі адукацыйнага працэсу ў агульнаадукацыйнай установе, які ўключае матывацыю індывідуальнай працы і інструктаж па яго выкананні. Эфектыўнасць засваення ведаў залежыць ад характару дамашняга задання (якія спосабы дзейнасці яно прадугледжвае, ці цікава вучням), яго аб‘ѐму і ступені гатоўнасці яго выканання.

Змест дамашняга задання павінен быць рэгламентаваным: Не рэкамендуецца перагружаць вучняў вялікім аб‘ёмам, неабходна ствараць умовы для магчымага выбару імі задання, улічваць вучэбныя магчымасці вучняў і іх схільнасці. Заданне, якое даецца класу для дамашняга выканання, не можа быць больш складаным, чым тая праца, якая рабілася на ўроку.

Дамашняе заданне павінна быць пасільным, дакладным, суадносіцца з вучэбным матэрыялам. Неабходна, каб яно дапамагала вучням ліквідаваць прабелы, узнавіць забытае, замацаваць новы змест.

Падвядзенне вынікаў урока – выстаўленне адзнак, карэкцыя мэт і задач, пастаўленых на пачатку ўрока. Гэта своеасаблівае падвядзенне вынікаў у сістэме працы на ўроку, калі сінтэзуюцца і абагульняюцца набытыя веды, выяўляецца трываласць і самастойнасць вучнѐўскіх меркаванняў, адбываецца карэкцыя набытых ведаў і ўменняў і выкарыстанне іх у новай сітуацыі.

Рэфлексія – адносна новы этап ўрока, гэта не ацэнка дзейнасці настаўнікі («Ці спадабаўся вам урок?»), а самаацэнка вучнямі свайго стану, работы на ўроку.